Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кандрат Крапіва - Мандат

Аслу раз выдалі мандат, –
Няйначай, памылкова.

(Такія і ў людзей памылкі – не наўда,

Але аб іх пасля размова).
Ад шчасця гэтага ў Асла
Аж галава кругом пайшла,
I вылецеў з яе апошні розум –

Як п’яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым:
Такога ўраз задаў разумнік тону,
Такога шуму нарабіў, такога звону,
Што не спрачаліся жывёлы ані крышку

I палічылі ўсе Асла за шышку.

– Ну й розум! Вось дык галава! –

Не раз гучалі хвалы словы.
Другі дык ледзь не цалаваў

Капыцікі асловы.

А «галава» з мандатам у паўметра

Стаіць над яслямі ў хляве:
Ніводнай думкі ў галаве –

Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра.

Пры гэтым бедныя жывёлы
I чхнуць баяцца без дазволу.
Адзін вось толькі Лыска,
Калі Асла пабачыць блізка,
Заўсёды брэша: «Гаў-гуў-гуў!
Цярпець я дурня не магу!»

Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.

Бывае іншы раз і з нашым братам,
Што галаву заменьваюць мандатам,
Ды мы справаджваем такіх аслоў

Без лішніх слоў.


1925

 

Похожие статьи:

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Махальнік Іваноў

Кандрат КрапіваІдэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках

БиографииКандрат Крапіва