Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кандрат Крапіва - Кукарэку

Важак курынай чарады
Фарсісты, хоць не малады,
Такі быў зух,
Што рызыкі хапіла б і на двух,
Як прадзеды яго спрадвеку,
I ён штодзень галёкаў кукарэку:
Перад світаннем, нацямочку,
На седале правёўшы ночку,
Ён звонкі голас падаваў,
Каб, хто жывы, ўставаў.
I – дзіва дзіўнае! – як па сігналу,
Усё навокал ажывала:
Спявалі птушкі у бары,
Тарахкалі ў калгасе трактары,
На ферму да кароў

спяшаліся даяркі, –

У рух прыходзіла сяло,
I сонца, ўстаўшы з-за гары,
Дарыла першы промень яркі.
Тут Пеўню ў галаву прыйшло,
Што гэта ён такую мае ўладу,
Што без яго загаду
I сонца б не ўзышло.
Ну хто б такому даў бы рады?
Натхнёны думкаю такой,
Ён храбра вёў курэй на грады,
Дзе грэблі цэлай талакой.
Калі ж драпежніцкі атрад
Аднойчы шуганулі з град
I цырымоніцца не сталі,
А нават пугай адхвасталі,
Ён гэтага не мог сцярпець
I даў зарок: – Не буду болей пець
Ні досвіткам, ні днём.
Няхай жа ўсё спіць мёртвым сном,
Пакуль я з годзік памаўчу.
Ох, я іх правучу! –
I сеў на седала – вучыць.
Мінае ноч, а ён маўчыць,
Змяняе золак цемру ночы.
I спеў птушыны ўжо гучыць,
А ён заплюшчыў вочы
I маўчыць.
Ужо і сонейка ўзышло,
Усё навокал ажыло.
I злосць і дзіва недарэку:
– Ды як жа так! Без кукарэку?!

Я раіў бы любому чалавеку,
Які часамі рэй вядзе
I не ў курынай грамадзе,
Не захапляцца ўласным «кукарэку»,
Калі ўсе ведаюць напэўна,
Што сонца ўзыдзе і без пеўня.

 

Похожие статьи:

Якуб КоласЯкуб Колас - Храбры певень

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Гусак і Певень

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Сонца і Певень

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Пад старасць адгукнецца

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Певень