Аб іх скажу я, што магу...
Ў адным хляве і берлагу
I нават ад адной свінні
Радзіліся яны –
Адзін Руды, другі Падласы.
Пассаць абодва былі ласы,
I дружна так яны спачатку
Клалі матку,
Уплёўшыся за цыцкі ўдвох,
А тая ляжа – рох ды рох.
Пасля, сумуючы па цыццы,
Ў адным капаліся карытцы
I разам елі ды пілі –
Ну, аднакашнікі былі,
Хоць бульбяную елі кашу.
Пасля ганялі іх на пашу;
Як уцячы ж рабілі спробу,
Пастух абодвух пугай сцёбаў.
Так цэла лета. Але ўвосень
Канец настаў такіх адносін –
Ім разлучыцца давялося.
– Трэ да ладу прывесці свінні, –
Сказаў раз муж да гаспадыні, –
Карміць пара, але якога?
– Ды ўжо ж няйначай, як Рудога:
Рахманы ён і не маркотны
I да яды нек больш ахвотны...
Заперлі Рудага ў хляўчук.
Аднак жа я сказаць хачу,
Хоць пад сакрэтам, вам аб гэтым,
Што неахайны той хляўчук
Рудому здаўся кабінетам.
Руды ў пяшчоце дый у ласцы:
Штодзень тры разы бульбы ў ражцы
Даюць яму, ды шчэ й з мукою –
Пайшло свінчо зусім рукою:
Руды наш стаў дабёр і гладак,
Аж чуць цягае ўжо азадак,
Не верыцца, што ёсць і косці,
I закруціўся зграбна хвосцік.
Зажыў Руды. Але з Падласым
Зусім не тое гэтым часам:
Наш гаспадар яго акінуў –
Падласы еў адну мякіну,
Тарчком на ім расло шчацінне,
I спачувалі яму свінні,
А ён сланяўся й скрыгаў горна,
Што лёс зрабіў яго надворным...
Раз нешта здарылася цётцы
К Рудому не ўшчыніць варотцы.
Убачыў гэту рэч Падласы
I, каб не траціць марна часу,
Рашыў зайсці к Рудому ў госці
(Ён ведаў, што Руды не посціць):
– Ругу! ругу! – дзень добры, братка!
Які ты зграбны стаў ды гладкі!..
Што ж не вітаеш ты мяне?
– А ты што прэшся ў кабінет,
Свіное рыла, без дакладу? –
Сказаў Руды і адвярнуўся задам.
Нямала ёсць яшчэ брыды,
Як той Руды,
Што так вітаюцца з «надворным»
Задам кормным.
1925
Похожие статьи:
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках
Биографии → Кандрат Крапіва
Кандрат Крапіва → Ідэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва - Махальнік Іваноў
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора