Ва ўладара лясоў
Мядзведзя-старажыла
Ліса памочніцай служыла:
Вяла улік усіх звяроў,
Дакладвала: хто жыў-здароў,
Хто капытамі налажыў,
Хто грызся з кім і з кім дружыў.
I хто пра што пішчаў і роў,
Хто адабрэння заслужыў,
А на каго накладваць кару –
Прыносіць у ахвяру, –
Ну, адным словам, памагала
Мядзведзю кіраваць.
Пры гэтым бессаромна лгала,
Каб і сабе кавалак уварваць.
Што б ні пляла Лісіца-хлус,
Мядзведзь усё матаў на вус.
Пры рапарце яна сказала раз,
Што ўжо даўно яе трывожыць
Мясцовы дзікабраз,
Іначы кажучы, няўклюда Вожык.
Такая патароча,
Што знацца з ім ніхто не хоча,
Ды як тут сябраваць і ладзіць?
Ні дакрануцца, ні пагладзіць.
Пакутуе і сам ён, небарак.
А па характару ж – дабрак,
I каб не гэтыя калючыя драты,
Ён быў бы ў нас узорам дабраты.
– Калючкі – што! –
сказаў Мядзведзь. –
Важней нам у нутро глядзець.
– Каб тых калючак дзве ці тры,
Дык ліха іх бяры,
Не стала б настырацца я,
А тут жа канцэнтрацыя.
I для здароўя гэта шкодзіць.
Вы ж бачыце, які ён стаў,
I справу б добрую зрабілі,
Каб самі з ім пагаварылі.
Матэрыял я падбяру.
– Ну добра, я пагавару.
Скажы, няхай заходзіць, –
Мядзведзь прамармытаў.
Ліса здаволена: Міхал Патапыч
Пагаварыць патрапіць.
I сапраўды – у хуткім часе
Гаворка тая адбылася.
Была яна сардэчнай і лагоднай
Аб вопратцы нязграбнай і нямоднай,
Якую недарэчы
Прастак надзеў сабе на плечы,
Хоць лепш яму б дублёнка падышла.
Як Вожык гэта ўзяў на веру,
Цырульнікі, старанныя не ў меру,
Яго пад нуль астрыглі, дагала,
I ён Лісе дастаўся на вячэру.
Вось так змяняў ён сваю шубу
Сабе на згубу.
Яго наказ вам, вожыкі-браты:
Не разяўляйце вы раты,
Як хочуць вас зрабіць узорам дабраты,
Асцерагайцеся лісіных штучак,
Каб не застацца без калючак.
1981
Похожие статьи:
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках
Кандрат Крапіва → Ідэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора
Биографии → Кандрат Крапіва
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва - Махальнік Іваноў