Я прыкметам не занадта веру,
Але ж іх прыдумаў сам народ.
Боты сорак трэцяга памеру
Выдаў мне мой сорак трэці год.
Быццам ён, і праўда, нечым меціў,
Як зімова нарадзіў мяне,
Год мой партызанскі сорак трэці,
Найсірочы самы на вайне.
Сніцца мне сама вайна, бывае.
Згубіць нешта памяць – ёсць у снах.
Па хадзе я нават адчуваю:
У падэшвы б’е і б’е яна.
Метаю пазначаны на меце,
Міны абыходзіў чуйны бот.
І глядзіць мне ў вочы сорак трэці,
Самы сорак страшны ў свеце год.
Ну а шлях мой быў зусім не гладкі –
Праз карчэўе, яміны і брук.
І рака хавала часам кладку,
Кій спагадны выбівала з рук.
То бяда з-пад купіны змяінай
Гэтак блізка ў твар мой зазірне
І глядзіш, за нейкую хвіліну
Апынешся зноў на той вайне.
А ідзеш, пакуль табе ідзецца,
Ветру падстаўляючы шчаку,
Дзе хоць і не коратка, а рвецца,
Сорак трэцім годам след кладзецца
На старым пушчанскім бальшаку.
Тупае памер мой сорак трэці,
Семдзесят якраз адмераў вёрст.
А ў запасе колькі ці ў прыкмеце –
Гэтага не скажа вам узрост.
Праз грахі ступае ён і страты,
Праз давер і чыйсьці недавер.
Толькі б вам не наступаў на пяты
Сціплы сорак трэці мой памер.
Што згубіў, таго гадам не ўкрасці,
Што знайшоў, аддам і напавер.
Як жа быць, калі ў бяды і шчасця
Сорак трэці той жа ўсё памер?
Бот мой быў не мудра змайстраваны.
У шаўца былі свае заганы:
Трэслася рука, падводзіў зрок.
Хоць ваенным громам падкаваны,
Дратвай выбуховай падшываны,
Але ціха мой кладзецца крок.
Недзе спатыкнецца, млее часта,
Бот мой мае звычкі ўсе мае.
Але й тым найдарагім, блішчастым,
Зайздрасці, я ж бачу, паддае.
Беліць доля шлях мой мелам белым.
Ну а я хачу яе маліць:
Хай усё маё, што мне балела,
Тым, хто йдзе за мною, не баліць!..
Похожие статьи:
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Камень ля вёскі Камень
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Першы снег
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Ганчары
Пераказы → Тураў
Пераказы → Званы Хатыні