Гарачае, ой, якое гарачае было лета! Людзі абліваліся потам, жывёла хавалася ў куты ад гарачыні і ад мухаў; нават птушкі змоўклі і драмалі ў цяньку зялёных галінак.
На вузкім загоне жала трое людзей: бацька, маці і дачка. Бацька і маці, хоць пот ліўся цурком з іх твараў, працавалі шчыра, каб толькі зжаць хутчэй сваю ніўку. Але ж дачка не тое: аглядалася, пацягвалася, пастойвала. Відаць, гультайка была добрая. Наракала то на гарачыню, то на мух; то жалілася, чаму не наляціць цёмная хмарка, чаму дожджык халодны не асвежыць зямлі. Не памаглі ні просьбы мацеры, ні пагрозы бацькі.
Нарэшце маці, угледзеўшы, што дачка зноў стаіць, рукі злажыўшы, не выцерпела ды са злосці крыкнула:
– Чаго ж ты зноў стаіш? А каб ты стала асінаю!
У дрэнную гадзіну быў кінуты праклён. У моманцік ногі дзяўчыны перамяніліся ў пень, каторы ўрос у зямлю; рукі выраслі ў паднятыя ў неба галіны, пакрытыя круглаватымі зялёнымі лісточкамі, што так безупынку дрыжэлі, як дрыжэла ў мінуту праклёну цела спалоханай дзяўчыны.
Загаласіла маці, заплакала. Абедзвюма рукамі ўхапілася за галаву, ірве валасы.
Распляліся косы, слёзы ракой ліюцца.
Спалоханы бацька анямеў на хвіліну, ды і ён як загалосіць:
– А што ж ты нарабіла!.. А долечка мая няшчасная... А каб ты сама бярозаю стала!..
Стаіць маці, рукі апусціўшы. Белая яе вопратка белай карой стала; валасы галінкамі тоненькімі, цёмнымі, бліскучымі да зямлі звешваюцца; як густыя слёзы, дробнае лісце па галінках сплывае. Стала маці бярозаю.
Многа вякоў з таго часу прайшло, а бярозы і асіны развяліся ўсюды па нашай зямлі.
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Травінка
Пераказы → Канец красавіка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Першамайскі падарунак
Пераказы → Апавяданне пра кусты і дрэвы
Пераказы → Восенню ў лесе