Што за з’ява? Што за дзіва?
Лес і поле, луг і ніва
Зазвінелі ціхім тонам,
Ні то песняй, ні то звонам.
Ціхі голас льецца
Ўверх па горах, ўніз па рэчцы...
Льецца песня – ідуць пары...
Што за дзіва?.. Хіба чары?
Йдзе валошка з шыпшынаю,
Там бяроза з калінаю,
Далей, узяўшыся за лісточкі,
Йдуць стакроткі, як вяночкі...
А за імі брат-сястрычка
І зязюлька невялічка,
Мак чырвоны, драсён белы
І званочкаў букет цэлы.
Йдуць дарогай, йдуць мяжою,
Ўсе спяваюць грамадою;
Усе пахнуць, усе прыбраны
Як у казцы зачараванай.
Аж сонейка ў небе стала.
– А куды ж вы? – запытала,–
На вяселле ці хрысціны?
– Не, на Толі імяніны...
Похожие статьи:
Биографии → Зоська Верас
Зоська Верас → Зоська Верас - Скуль узяліся ў нас бярозы і асіны
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Зоська Верас → Зоська Верас - Прыйшла вясна
Зоська Верас → Зоська Верас - Чароўны край