Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Зоська Верас - Добрае сэрца
У маленькай цемнаватай хатцы, на бедна засланым палку, ляжала хворая дзяўчынка. Бліскучыя вочкі, гарачы тварык і спаленыя вусны сведчылі аб вялікай гарачцы, што яе мучыла.
Кожную часіну выцягвала яна худзенькую ручку і брала кубак з вадой, што стаяў на ўслоне каля самага палка. У хаце, апрача яе, не было нікога.
Маці яе, вельмі бедная ўдава, хадзіла на заработкі ў двор. Тата памёр ужо даўно.
Вельмі сумна і цяжка было малой Стэпцы. Так хацелася барзджэй ачуняць, хадзіць ізноў у школу ды гуляць з дзецьмі.
***
– Як сягоння весела было ў школе, – радасна ўспамінала Ганька.
– Я і букецік зрабіла, глядзі, зялёныя галінкі, папараць яшчэ леташняя, а нават і дзве пралескі знайшла, – хвалілася Ядвіся...
– Немаведама чаму ўжо гэта чацвёрты дзень Стэпка не была ў школе, – сказала Ядвіся.
– Яна цяжка хворая.
– Скуль ты ведаеш?
– Яна жыве недалёка ад нашага хутара.
– А што з ёю?
– Не ведаю. Я да яе не хаджу. У іх такая маленечкая, брыдкая ды цёмная хата...
– Яна, мусіць, бедная.
– Але, вельмі бедная.
– Тым болей шкада яе. Калі я захварэю, то мама мяне так добра даглядае.
– Яна адна ляжыць: яе мама ўвесь дзень у двары, на заработках.
– Бедная, якая бедная... Пайду да яе... Хто яшчэ пойдзе?
– І я пайду.
– І я.
Завярнулі на дарожку, што вяла да хутара Гануліных бацькоў. На палавіне дарогі, пад лесам, стаяла хатка, дзе жыла Стэпка са сваёй мамай. Хатка стаяла адзінокая, не было пры ёй ніякіх гаспадарскіх будынкаў. Стэпчына мама не мела поля, не мела нават кароўкі. Старэнькая хатка пахілілася неяк, страха парасла зялёным мохам. Цераз малюсенькія, хоць чыстыя, аконцы мала зусім святла прабівалася ўсярэдзіну хаты.
– Як тут сумна, – уздыхнула Ядвіся.
Дзеці ўвайшлі ў хату.
– Хто тут? – ціхенька папыталася Стэпка.
– Гэта мы, – адазвалася Ядвіся, падыходзячы да хворай, – прыйшлі да цябе пасядзець крыху, весялей табе будзе.
– Якія вы добрыя, – шапнула Стэпка.
– Паглядзі, які букецік. Хочаш, я табе яго пастаўлю. Можа, у гэту бутэлечку?
– А можа, ты малака вып’еш? Мне мама дала ў школу, але мне не хацелася, – запрапанавала Вікця.
– Я табе прыгожых каменьчыкаў дам, што сягоння знайшоў ля рэчкі, – адазваўся Адась.
– То вы да рэчкі хадзілі?
– Але, хадзілі. Вось добра было. Як ачуняеш, пабачыш, як там прыемна.
– А ў школе ўжо выбралі падвойныя рамы. Сягоння на ўсіх лекцыях вокны былі адчыненыя.
– З Міхасём сягоння здарылася бяда – разліў чарніла на падлогу!
– Марыся краскі ў вазоне прынесла ў клас, – расказвалі дзеці.
Напаследак Ядвіся спахапілася:
– Вось як мы заседзеліся. Дома нас чакаюць. Бывай здарова, Стэпка! Заўтра ізноў да цябе зойдзем.
– Бывайце! Якая я рада, аж мне палягчэла... Добрыя вы.
– Гэта Ядвіся нас прывяла. Яна найлепшая, – прызнаўся Адась.
– Э, што там, вы таксама неблагія, толькі не падумалі, як тут сумна.
Похожие статьи:
Зоська Верас → Зоська Верас - Чароўны край
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Зоська Верас → Зоська Верас - Прыйшла вясна
Зоська Верас → Зоська Верас - Скуль узяліся ў нас бярозы і асіны