Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Змітрок Бядуля - Язэп Крушынскі
Задума рамана «Язэп Крушынскі» выспявала паступова, абрастаючы новымі жыццёвымі ўражаннямі, фактамі, падрабязнасцямі. Зыходзячы з асноўных накірункаў творчасці Змітрака Бядулі, немагчыма вытлумачыць нараджэнне рамана «Язэп Крушынскі». Тут няма тэмы «зачарованых гоняў», «зачараванага краю», мастацкай апоры на казку, міф, – да паяўлення рамана «Язэп Крушьшскі» менавіта гэта характарызавала воблік пісьменніка.
У дарэвалюцыйныя часы побач з абразкамі, вершамі аб харастве, прыгажосці свету Змітрок Бядуля піша «пакутлівыя» апавяданні аб вясковым жыцці. Пасля, увасобіўшы ў вобразы тэму «Салаўя», паднявольнага мастацтва, ён звяртаецца да жыцця практычнага, будзённага з ягонымі вострымі надзённымі сацыяльнымі і грамадскімі пытаннямі.
Можна даволі дакладна вызначыць жыццёвыя вытокі рамана «Язэп Крушынскі». Прататып галоўнага героя рамана пісьменнік бачыў, вывучыў яшчэ ў часы юнацтва, калі ва ўласнага бацькі працаваў канторшчыкам на сплаве лесу. Бацька пісьменніка прыкметным прадпрымальнікам не стаў, але былі, відаць, побач іншыя, якім пашанцавала значна больш.
Змітрок Бядуля, душэўна захапляючыся міфам, казкай, легендай, дасканала ведаў (хоць не хіліўся да яго) свет жулікаў, махінатараў, гандляроў і прайдзісветаў.
Менавіта гэтыя прайдзісветы, ганддяры-махляры агалілі, спустошылі лагойскія лясы, якія ў часы дзяцінства пісьменніка былі сапраўды «дрымучымі».
Мінск 20-х гадоў быў прыгранічны горад. У нэпманскай Беларусі ён быў вельмі прыцягальным цэнтрам для кантрабандыстаў, валютчыкаў, розных іншых ліхвяроў. Таму і ў цэнтр свайго рамана пісьменнік ставіць менавіта такога ліхвяра, авантурыста, псіхалогію якога ведаў з даўніх часоў.
Язэп Крушынскі – па-свойму яркая, таленавітая, нават бліскучая ў здольнасці абводзіць вакол пальца людзей натура. Чамусьці крытыкі, літаратуразнаўцы называюць Язэпа Крушынскага кулаком, параўноўваюць з Лявонам Бушмаром Кузьмы Чорнага, Сторажавым з рамана А. Вірты «Адзінота», Астраўновым з «Паднятай цаліны» М. Шолахава.
Язэп Крушынскі – кулак асаблівы. Калі і параўноўваць яго з якім-небудзь адметным літаратурным персанажам, то найбліжэйшым яго родзічам акажацца Астап Бэндэр з вядомых раманаў Ільфа і Пятрова «Залатое цяля» і «Дванаццаць крэслаў».
Вядома, Язэп Крушынскі саступае ў талентах ліхвярства, махінатарства вялікаму камбінатару, поле ягонай дзейнасці вузейшае, але натура тая самая. Душа Язэпа Крушынскага, як і Астапа Бэндэра, прагне актыўнай дзейнасці і перш за ўсё ў імя грошай, натура гэтая невычэрпная ў канструяванні розных планаў, камбінацый, хітраспляценняў.
Заўважым, Язэп Крушынскі з лёгкай душой аддае зямлю сялянам навакольных вёсак Дразды і Дзятлы, умее размаўляць, жыць з сялянамі ў такой згодзе, што яны лічаць яго найшчырэйшым сваім прыяцелем.
Язэп Крушынскі, як і Астап Бэндэр, па знешнім абліччы – чалавек савецкі і нават перадавы. Ён шчыра, натхнёна паўтарае палітычныя лозунгі савецкай улады, выступае актыўным яе байцом. Ці не разгадалі гэтым вобразам Ільф і Пятроў, а ў нас, у Беларусі, Змітрок Бядуля з'яву, сацыяльныя карані, вытокі якой робяцца відавочнымі толькі ў цяперашні час. Гутарка ідзе пра значную частку так званай наменклатуры, што імгненна пераарыентавалася, пракляла нядаўняе мінулае, пакланіўшыся новым багам у выглядзе грошай, нажывы.
Дзеянне рамана пачынаецца з 1924 г. Калі ўважліва прыгледзімся да каларытнай, паўнакроўна намаляванай фігуры жуліка, прайдзісвета Язэпа Крушынскага, то пераканаемся, што ніякі ён не селянін, а значыць, і не культурны гаспадар. Ён не ведае, не любіць зямлі, сельскай гаспадаркі. Бо змалку, пасля смерці маці, ягоны бацька Сымон Чарнюк, «бондар і варажбіт», чалавек, «які ведаецца з нячыстай сілаю», адправіў чорненькага жвавага Язэпку ў Мінск да багатага дзядзькі, які меў там дом і рэстаран.
Да з'яўлення «Язэпа Крушынскага» беларуская літаратура мела аповесць «Лявон Бушмар» Кузьмы Чорнага, крыху пазней яго ж «Трэцяе пакаленне», раман «Мядзведзічы» Кандрата Крапівы, «Вязьмо» Міхася Зарэцкага, прысвечаныя вёсцы пярэдадня калектывізацыі. Тым часам ні ў адным з названых твораў няма такой прывязанасці палітыкі, ідэалогіі да рэальных падзей калектывізацыі, як гэта бачым у «Язэпе Крушынскім», хоць твор адлюстроўвае толькі паасобныя эпізоды стварэння калектыўных гаспадарак у 20-я гады.
У першай кнізе Змітрок Бядуля намаляваў нават у чымсьці прывабны вобраз прайдзісвета і авантурніка (гэтак жа як і Ільф і Пятроў «вялікага камбінатара» Астапа Бэндэра). Ёсць нават значнае падабенства паміж гэтымі вобразамі. Відаць, нарадзіла гэтае падабенства аднолькавасць умоў сацыяльна-грамадскага жыцця, калі чалавек, які любіць грошы, умее іх «рабіць», здабываць, мусіць маскіравацца пад савецкага актывіста, нават палымянага прыхільніка новых парадкаў.
Тым часам раманы Ільфа і Пятрова напісаны ў сатырычна-фельетонным стылі і па жанру ўяўляюць ледзь не суцэльны жарт і гратэск. У Бядулі малюнак інакшы. У яго раманах дамінуе бытавая апавядальная плынь. Побыт, пейзаж, дыялог іншы раз падсветлены іроніяй ці гумарам, як гэта асабліва выразна відаць пры стварэнні пісьменнікам вобраза «Льва Талстога», былога валаснога пісара, не надта пісьменнага, але разумнага, праніклівага чалавека, аднаго з тых, хто першы раз разгадаў натуру Язэпа Крушынскага.
Крушынскі надзявае маску рэвалюцыянера (пры паляках раздаў навакольным сялянам частку купленай за бесцань у памешчыка зямлі, за што арыштоўваўся, трохі сядзеў у турме, затым збег). Такім шляхам ён даводзіць сваё гераічнае мінулае барацьбіта за савецкую ўладу.
Крушынскі надзвычай спрытны дзялок, які, прыкрываючыся сацыяльнай дэмагогіяй, правільна вытрыманымі ў палітычным сэнсе прамовамі, паказной грамадскай дзейнасцю (канцэрт у Курганішчы), хавае ад людзей сваю сапраўдную натуру драпежніка, хціўца, хапугі. У яго кожны крок разлічаны. Купляючы, напрыклад, косы для сялян бліжніх вёсак Дразды і Дзятлы, ён загадзя прыкідвае, якую матэрыяльную карысць гэта яму прынясе.
Крушынскі – сапраўдны артыст. Ён настолькі ўдала карыстаецца сродкамі сацыяльнай мімікрыі, што нават людзі, якія яго добра ведаюць, не могуць на першым часе разгадаць ягоную натуру. Вось забіты пагранічнікамі памагаты Крушынскага Рахмілька. Тут жа каля ягонага трупа Крушынскі прамаўляе палкую, палымяную прамову ў абарону савецкай улады ад розных непажаданых для яе элементаў.
Ён страшэнна вынаходлівы. Едучы па дарозе і ўбачыўшы наперадзе нарад пагранічнікаў, ён выкідвае з вазка штуку замежнага сукна, якое зрэшты падбірае селянін Цыпрун Ярэмчык і на гэтым сукне пападаецца. Калі небяспека падступае ўшчыльную, Крушынскі раптам захворвае на «рак», пускаючы аб гэтым пагалоску на ўсё наваколле.
Гэтая выключная вынаходлівасць Крушынскага можа нават падабацца, бо па-свойму ён чалавек яркі, таленавіты.
Яшчэ адна любімая тэма пісьменніка прасочваецца ў «Язэпе Крушынскім» – тэма дзяцей, загубленага дзяцінства. Бліскуча абмаляваны дзве малыя дачкі Крушынскага Настачка і Мзей (Юлька), іх дапытлівасць, пастаяннае разгадванне таямніц навакольнага свету (нават кантрабанду, схаваную бацькам у лесе, знайшлі разам з вясковымі хлапчукамі, і Рахмільку прыйшлося выць зверам, паказаць іншыя дзівосы, каб выгнаць дзяцей з лесу). Дзяўчынкі Крушынскага, Настачка і Мзей «...увесь час забаўляліся з хлопчыкамі і перанялі ўсе іх манеры, усю кемнасць і спрыт маленькіх мужычкоў. Разам лазілі на дрэвы, разам разбівалі птушыныя гнёзды, пільнавалі дробных куранятак і качак ад каршуноў і наогул знаходзіліся ўвесь час у кампаніі хлопчыкаў.
Пасля вялікага працоўнага дня дзяўчаткі Крушынскага заўсёды варочаліся дахаты падрапаныя, параненыя, мокрыя, запэцканыя ў рудаўках і лужах. Прыносілі з сабою жаб, яшчарак, птушак, вожыкаў.
Часам кідалі на матку гэтым дабром, каб паглядзець «як мамка пужаецца».
Пані Ганна пішчэла ад страху. Дзеці смяяліся».
Не пашкадаваў Крушынскі дзяцей, звязаўся са Стэфкай, іхняй дамашняй настаўніцай. Пані Ганна, дазнаўшыся пра гэтую сувязь мужа, атруцілася.
Увогуле Крушынскі цнатлівасцю не вызначаўся. Згвалціў Мэру, дачку каваля Лейбы, якая выйшла за «гоя», мясцовага сялянскага хлопца Марціна, не цырымоніўся з многімі іншымі дзяўчатамі і жанчынамі.
Разбэшчаны, амаральны тып.
На вобразе «Льва Талстога» – так завуць селяніна Мірона Гарбочыка – варта спыніцца асобна. Удаўся Бядулю гэты вобраз. Відаць, пісьменнік падгледзеў такога чалавека ў жыцці. Мірон Гарбочык не вельмі адукаваны і пісьменны, хоць дваццаць гадоў прасядзеў пісарам у земскага начальніка. Ад сялянскай работы за гэты час адарваўся, гаспадаркай правіла яго жонка Барбара, асоба языкатая, уедлівая, але дзейсная і, па сутнасці, добрая.
Мірона Гарбочыка з-за яго пышнай барады, лысіны празвалі Львом Талстым, і ён ганарыцца гэтым празваннем. Хоць наўрад ці чытаў ён славутага «цёзку». Але тым не менш сялянскі «Леў Талстой» валодае вострым аналітычным розумам, назіральным вокам, схільнасцю разумець сапраўдную сутнасць людзей. Ён вядзе свой «летапіс», не вельмі, відаць, спадзеючыся на тое, што яго калі-небудзь надрукуюць, але не пісаць ён не можа.
Ён даверлівы, бяскрыўдны, як дзіця. У дадатак на чымсьці заўсёды засяроджаны і ціхмяны. За гэта, відаць, любіць яго няўрымслівая, нястрыманая ў пачуццях жонка Барбара, хоць не бачыць ад свайго мужыка ніякай карысці ў гаспадарцы.
Тры пісьменнікі – Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля і Міхась Зарэцкі – выявілі ў жыцці, па сутнасці, адзін і той жа тып старога чалавека, які цягнецца да новага жыцця. У Кузьмы Чорнага гэта стары Тамаш («Зямля»), які ладзіць з моладдзю і марыць пра боты, якіх у яго ніколі не было, у З. Бядулі – «Леў Талстой», і нарэшце ў М. Зарэцкага, у рамане «Вязьмо» – «Галілей».
Навуменка I. Я.
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 1 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 583 с.
Похожие статьи:
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Нібы рупны араты
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Велікодныя яйкі