Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - Тулягі

Увага!!! Поўны змест

   – Бадай цябе трасца, бадай цябе! – буркнуў Арцём і паставіў апарожненую ўжо пляшку ад гарэлкі на стол.
   – Ё-о-о чаго з’есці? – вышэй крыкнуў ён п’яным голасам, адвярнуўшыся да згорбленай, забітай горам жонкі, каторая капалася каля прыпечку.
   – Эй, ліха, кратайся, – бо калі трэсну! – і яго кулак ужо засвістаў у яе над вухам, як ластаўка над сваім гняздом.
   Арцёміха здаўна ўжо прывыкла да яго лупцоўкі, дык і не старалася б нават выкруціцца, але ў гэты самы момант з шырокага ложка пачуўся слабы, тоненькі галасок:
   «Піць, мамачка, піць!..»
   Арцёміха падбегла да ложка, а тым часам Арцём бразнуў дзвярамі і выйшаў.
   – Даю, Ганулька, даю! – Арцёміха шмыг у сенцы з конаўкай па ваду.
   Гануля была дзяўчынка гадоў трынаццаці, стройненькая, пекненькая і ўжо каторы год служыла ў аднаго багатага гаспадара, бо бацькі яе чуць самі, дзед з бабай, кутам прахаваліся, – і то яна ім кожны год на каляды грошы аддавала. Цешыліся яны сваёй дачкой, але прылучылася няшчасце. Восенню пры малацьбе Ганулька прастудзілася і захварэла. Адвязлі яе дамоў да бацькоў. Прывялі старога знахара; даў ён ёй нейкія галачкі з хлеба, зелле; купілі ліманаду і пірага ў Соркі, – але нічога не памагала. Кажа яна, што ўнутры нешта паліць і ўсё піць хочацца. Уся яна высахла, як лучына, а вочы, быццам вугалі, гараць. Бывае часам, што з гарачкі яна выкідвае ўсялякія штукі і непрытомна гаворыць.
   Сягоння яна толькі цяжка стогне, лежачы на сенніку... А праз брудны кавалак шыбіны, перакрыжаванай лучынкамі, прасвечваюцца праменні сонейка, і мнагаколерны пыл тоўстым слупам даходзіць аж да бледнага твару Ганулькі... Пазірае яна на залатыя праменні, і слёзы коцяцца з вачэй... Вось пачала абамлеўшымі ад смагі вуснамі нешта шаптаць ціха, слаба... Маці прыслухаецца, але не можа пачуць нічога.
   Шэпт усё слабей ды слабей... Гэтаксама шэпча і скрыпка, калі музыка адымае ўжо смычок ад струн.
   Змоўкла Ганулька...
   Маці датаркнулася да яе, ажно яна ўжо сцюдзёная, як лёд. Арцёміха не плакала, не галасіла, толькі слаба крыкнула: «ай!» – яна ўжо выплакала за свой век усе свае слёзы.
   Гэта ведаюць старыя могілкі за вёскай. Гэта ведаюць там разнарослыя крыжы і крыжыкі яе дзяцей: Юзя ўтапіўся, Марылю кабыла забіла, Аагатку яна сама прыспала на ложку. Сцёпка так памёр ад нейкага безгалоўя – мала ж ёсць напасцей у няшчасных, бедных вёсках?
   .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .   
   Як нарыхтаваная машына, Арцёміха цяпер рабіла ўсё без цікавасці, чула, як на хаўтурах бабы цешылі яе, ківаючы галовамі, сморкаючыся ў хусткі ды прыгаварваючы проста з мосту:
   – А ты ж бедная, Арцёміха!
   – А ты ж не вытрымаеш, Арцёміха!
   – А як жа ты будзеш жыць, Арцёміха!
   – А ей-ей, Арцёміха, матачка!
   I шмат нагаварылі гэтакіх слоў, што аж вушы вянулі. Чула Арцёміха, як на хаўтурах шаптункі вялі, што гарэлкі мала, што закусак скупа, што таго-сяго не хапае, але не цікавілася, як бы не пра яе казана...
   Ачнулася яна толькі тады, як вынеслі дамавіну, як засталася адна, бо знядужала сама пайсці...
   Азірнулася...
   I давай сухімі слязамі плакаць і прыгаварваць нараспеў.
   – А я ж цябе насіла пад сэрцам!
   – А я ж цябе гадавала, няньчыла, слёзкі выцірала, карміла, адзявала...
   – Хадзіла на падзённую і аб табе ўсё думала... купляла хустачкі чырвоненькія...
   – Няхай жа бы ты жыла, і я б табе палатна наткала, я ж ужо кросны прыгатавала...
   – А я б сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе...
   I, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.
   .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .   
   Дзіўнай робіцца душа чалавека ў горы. Чароўным робіцца слова балючага сэрца, даходзіць яно да найвышэйшага хараства і чыстаты, становіцца ўладарным над людзьмі.
   .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .   
   Плакала старая Арцёміха сухімі слязамі і быццам пяяла:
   – Зямля-зямелька родненькая!
   – А ты ж ужо навекі прыкрыла сцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю...
   – А ты яе навекі-навекі схавала ад сонейка!..
   – Ніколі яна ўжо не адчыніць вочкі ясныя – ніколі-ніколі!..
   – Hiколi галасочак яе не зазвініць – ніколі-ніколі!..
   – Хай каршуны кіпцямі рвуць мае грудзі старыя!..
   – Хай сабакі глымзаюць маё сэрца непатрэбнае!..
   Зноў заенчыла «ай» і змоўкла. Увайшоў Арцём і ціха сеў. Галагуцкі певень ускочыў на ложак, дзе ўперад ляжала Ганулька.
   – Кі-ш-ш-ш! Кі-ш-ш-ш! – і не вытрываў...
   – А бадай цябе трасца, бадай цябе! – крыкнуў ён і дзіка азірнуўся на цёмны кут ля печы.
   Крыкнуў ён не на бабу сваю, як заўсёды, але на самога сябе. I то не. Крыкнуў ён на свой страшэнны боль, каторы, як бы кляшчамі, абхапіў яго ўсяго...
   – Бадай цябе трасца, бадай цябе!.. – і паваліўся на мокры гліняны памост і плакаў, як малое дзіцянё...

Похожие статьи:

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - На каляды к сыну

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Нібы рупны араты

БиографииЗмітрок Бядуля

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Маці

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Велікодныя яйкі