Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Змітрок Бядуля - Пяць лыжак заціркі
– Агата! Агата!
– Ну чаго глотку дзярэш?
– Скора зацірка згатуецца?
– Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш!
Яшчэ не паспела яна адказаць свайму Антосю, які ляжаў на пяколку і стагнаў, – не то ад болю, не то ад голаду, – як з усіх бакоў апанавалі яе дзеці – нямаведама, хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі... Запішчалі яны ўсе ў адзін голас:
– Мамка зацільку гатуе!
І давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.
– Мамка, мне дасі!
– Мамка, мне дасі!
І блішчалі іх галодныя вочы ад радасці...
– Ці-і-ха, каб вы скіслі! – крыкнула Агата. – Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! – і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка...
Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі галадуха пануе па вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Апошні запас выйшаў, хоць зубамі ляпай; шчаўя яшчэ нямашака... Горкае цяпер жыццё ў хворага Антося. Ён сам рабіць не можа. Адна толькі жонка працуе на яго і дзяцей.
Учора ёй, Агаце, пашанцавала. Яна выенчыла ў суседа фунт мукі на зацірку.
Вось і гатуе яна для сямейкі снеданне... У цёмнай малой хатцы вялікае свята...
Пазіраў Антось на прыпечак і ціха бурчаў. Ён ведаў, што цяпер Агата валадарніца.
Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы аганёк у печы і шушукаліся.
Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай. Нарэшце паставіла на стол.
– Гатова! – крыкнуў весела Антось і давай карабкацца з пяколка.
– Гатова! Гатова! – запішчалі дзеткі і скакалі, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у якую Агата пераліла зацірку з гаршка. Густы пахучы пар клубіўся над міскай і павялічваў галодны апетыт шчаслівай у гэты момант сям'і.
Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце...
І шчаслівая сямейка хваталася за лыжкі.
– Ай! Ай! – запішчалі дзеткі.
Антось вылупіў вочы і моўчкі давіўся гарачай заціркай.
– А каб вас ліханька не ўзяло. Я ж вам казала – не хапайце, бо гарачая! – лаяла іх Агата.
Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку і не вытрывалі – зноў давай есці... Ажно слёзы каціліся з вачэй. Не з'елі яшчэ і трэцяй часткі, як у хату ўвайшла суседка Сцёпчыха.
– Дзень добры!
– Дзень добры!
– Хлеб ды соль!
– Дзе тут хлеб, – зацірку ядзім, просім на снеданне! – кажа Агата.
– Ого! На зацірку і я ахвотніца! – адказала Сцёпчыха, і яе галодныя вочы заблішчалі. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі...
Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусціў галаву.
«Нам і самім мала», – падумаў ён.
З'ела Сцёпчыха адну лыжку і ўзялася за другую.
«О, каб цябе!» – хацеў сказаць Антось і ледзь стрымаўся. Дзеткі таксама пачулі небяспеку і, скоса пазіраючы на Сцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі...
«Тры!» – чуць не крыкнуў Антось, як Сцёпчыха зачэрпнула лыжкай у трэці раз.
«Ратуйце! Ратуйце!» – ледзь не плакаў ён, як яна апусціла лыжку ў міску ў чацвёрты раз. А як з'ела пятую, то ўжо міска была пустая...
– Разбойніца! – крыкнуў Антось на сваю Агатку, як ужо Сцёпчыха падзякавала і пайшла. – Разбойніца!..
– Ці я вінавата, што яна гэткая свіння! – лямантавала Агата.
І папсулася свята беднай сямейкі. Спахмурнелі твары.
Кожны думаў: «О-го! Каб лепей я з'еў гэтыя пяць лыжак заціркі...»
Няшчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасця і свой асобны погляд на самое няшчасце.
1912 г.
Похожие статьи:
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - На каляды к сыну
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Нібы рупны араты