Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - Маці

    Доўга брыў я па чужых людзях, далёка ад роднай вёскі сваёй. Доўга не бачыў я знаёмых і блізкіх мне людзей, не чуў родных сумных песень...
    Нацярпеўшыся, заўсёды адзінокі ў цяжкай працы сваёй, я ўздыхаць нават саромеўся, бо чужыя людзі асмяялі мяне з ног да галавы. Не то што з парванай бравэркі маёй жартавалі, але і з праўдзівай душы маёй...
    Я цярпеў і маўчаў.
    Як цяжарная гіра, хіліла крывавая крыўда мой крыж; мозг у касцях маіх высах. Нешта смактала кроў маю, і чуў я нейкі гол ас таемны ў поўначы:
    — Маці старая кліча цябе, чакае пестуна свайго. Па начах не спіць ды ўсё плача: чаму ты аб яе забыўся? Чаму ты яе пакінуў? Тваё поле не арана, благія суседзі каменнямі закінулі межы твае. Нават цыганоў ахвота не прабірае пераначаваць у пустцы тваёй...
    — Хадзі!.. Маці старая заве цябе дамоў у родны куток... Яна слязамі сваімі абмые твае крывавыя раны... Сівымі валасамі прыкрые апухшыя ногі твае і прытуліць цябе...
    Вырваўся месяц з-за блакітнай хмаркі, і яшчэ сумней зрабілася мне...
    Павесіў я торбу на плечы, тужэй аперазаўся, убіў новы цвік у свой новы кій і павярнуўся тварам схудалым да роднага краю... Разлезлі атопкі мае, ногі мае аб вострыя каменні калечыліся...
    Але кожны кавалак дарогі ўліваў нейкую жудасную асалоду ў душу няшчасную маю, бо з кожным часам блізіўся я да сонейка майго, да маці маёй, да ўбогай вёскі, дзе я радзіўся...
    I пагоды і непагоды панавалі пад небам...
    Зайшло сонейка, ды ізноў узышло. Іграў пастух у трубу, дамоў жывёлу гонячы і ў поле гонячы...
    Вось, дзякаваць богу, знаёмы шырокі гасцінец... Вось тая самая бярозка ля крушні, той самы ўзгорак, дзе жвір капалі, той самы хмызняк ля выгану.
    Людзі едуць з поля — мяне не пазнаюць. Кажу: «Дзень добры!» — маўчаць.
    Нейкім агнём напоўнілася душа мая, нешта спёрлася ў горле, і вочы туманам пакрыліся, убачыўшы рабункі ў гаспадарцы маёй. Дзікі крык зарэзанага вырваўся з грудзей маіх, і ў непрытомнасці абхапіў я дрыжачымі рукамі стары, абросшы мохам крыж, каторы ўжо безлічоныя годы стаіць на ўзгорку сярод вёскі...
    Яшчэ як я малым хлопцам гусей пасціў у аднэй зрэбкай кашулі, быў ён ужо гэткі стары. Цяпер на старасці лет толькі ён адзін прымае мяне, нібы дзіцянё свае...     Яшчэ бліжэй прытуліўся я да яго, анямелы...
    Ой, вялікая ахвяра людскога беспатольнага гора!.. Толькі ты плаціў каханнем за крыўду і здзек!..
    На шмат крыжах ужо мучылася сэрца мае акрываўленае... Шмат разоў душа мая поўнай смагай піла горкі напітак атручанай несправядлівасці...
    Шмат магілак выкапаў я ў грудзях сваіх для нявыпаўненых маладых жаданняў і цяпер без нічога астаўся...
    Доўга я плакаў пад старым крыжам у роднай убогай вёсцы, пакуль ужо і людзям надаела стаяць і дзівавацца, і сабакам брахаць надаела... 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні

Пераказы, дыктантыДа маці

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Пераказы, дыктантыІ надыходзіць дзень