За гарою ёсць даліна,
У даліне ёсць вярбіна.
Пад вярбінай б’е крынічка,
Ля крынічанькі – лісічка.
Не прастая – залатая,
Ходзіць, бродзіць, байкі бае.
Байкі бае, пяе, скача,
Бо ёй весела, няйначай.
Пяе, скача, кліча дзетак,
Кліча дзетак-малалетак
На гулянку у гасподу,
І дае ім пернік з мёдам,
І дае ім булку з макам,
І дае ім шмат прысмакаў,
І дае ім цацкі-грайкі,
Талалайкі, балалайкі.
Тут і котачка шкляная,
Тут і мышка наліўная,
Тут і жабка з белай бляхі,
Тут і хаткі, тут і гмахі,
Змайстраваныя з паперак
Ды з крухмалавых цукерак.
Ёсць і зайчыкі са стужак,
Ёсць і кошыкі са стружак,
З жоўтай гліны чалавечкі,
Алавяныя авечкі.
Цацак шмат лісічка мае,
Колькі іх – сама не знае:
Лічыць, лічыць, слепіць вочы,
Лічыць, лічыць, балабоча,
На пясочку піша лапкай.
Раптам знекуль скача жабка.
Гэй! – ад лічбаў, ад складання
Ані следу, ані звання, –
Шурам-бурам разляцеліся,
Невядома дзе падзеліся.
Ліска блытае рахунак,
Кліча дзетак на ратунак.
Дзеткі шчыра памагаюць,
Бо ўжо грамату ўсе знаюць.
Похожие статьи:
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Нібы рупны араты
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Маці
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Велікодныя яйкі
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - На каляды к сыну
Биографии → Змітрок Бядуля