Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - Казка пра мядзведзя

Гэта ўсё было даўно.
Ранкам сцежкаю лясной
На прагулку пасля ночы
Касалапы Мішка крочыў.
Бачыць: Заяц на паляне
Завіхаецца старанна.
– Што ты робіш тут, касы?
Ад халоднае расы
Ты застудзіш грудзі, спіну,
Захварэеш на ангіну.
Кажа Заяц у адказ:
– Морква вырасла якраз,
Трэба, Мішка, паспяшацца.
Да зімы падрыхтавацца,
Каб затым у халады
Не было ў мяне бяды.
– Малайчына! – кажа Мішка, –
Мне таксама, можа, крышку
Морквы, братка, нацягаць,
На зіму нарыхтаваць?
– Калі ласка! Запрашаю, –
Усміхнуўся шчыра Заяц. –
Часу я не марнаваў,
Летам рупна працаваў.
Хопіць морквы нам з табой
Грызці лютаю зімой.
І пачаў як след Мядзведзь
Завіхацца на градзе.
Тут праходзіў міма Вожык,
Нёс прыгожы, новы кошык.
Пацікавіўся Мядзведзь,
Ці далёка ён ідзе,
І чаму яшчэ не спіць,
Што надумаўся рабіць.
– У бары – баравікі,
Ох, адказны час які! –
Кажа Вожык. – Да зімы
Рыхтавацца мусім мы.
Як насушым і насолім –
Будзе добрае застолле.
Будзе чым паласавацца,
Трэба мне, прабач, спяшацца.
– Дык хвіліначку пастой,
Я ў грыбы пайду з табой, –
Кажа Мішка. – Набяру –
Насушу і навару.
Кінуў моркву ён далоў,
Разам з Вожыкам пайшоў.
Назбіраў грыбоў нямала,
Весялей на сэрцы стала.
Ды Вавёрку на бярозе
Ён убачыў пры дарозе:
– Забаўляешся ды скачаш?
Ой, глядзі, зімой паплачаш.
Ці рыхтуешся, як мы,
Да халоднае зімы?
А Вавёрачка ў адказ:
– Ну, вядома! Самы час
у арэшніку арэхаў
Мне нарваць сабе паўмеха.
А яны заўжды зімой –
Самай лепшай смакатой.
Ажно рот раскрыў Мядзведзь,
За Вавёркаю ідзе.
Кінуў ён грыбы збіраць,
Стаў арэшнік выбіраць,
На якім арэхаў шмат,
Самых спелых акурат.
Ды на свой мядзведжы густ
Выбраў самы пышны куст.
І давай з карэннем рваць –
Сіл яму ж не пазычаць.
Раптам рыжая Лісіца,
Знакамітая хітрыца,
Паявілася з кустоў:
– Ну і справу ты знайшоў!
Лепей бы са мной пайшоў.
– А куды? – Мядзведзь зароў. –
Рыхтавацца да зімы,
Спадзяюся, будзем мы?
– Пазабавімся з курамі,
Ды й зіма не за гарамі.
Пойдзем, Мішка, да сяла,
Шмат разоў я там была,
Куры ў вёсцы – гэткі смак...
– Не, баюся я сабак, –
Спахапіўся тут Мядзведзь, –
Летась не загрызлі ледзь.
– Ой, спалохаўся, напэўна,
Вунь які ты здаравенны!
Ты за ўсіх дужэйшы, Мішка, –
Так яму ліслівіць Ліска, –
Абароніш і мяне,
Праўду я кажу ці не?
І Мядзведзь ад пахвалы
Пагадзіўся:
– Я – ўдалы!
Левай лапай як махну!
Правай лапай як махну!
І сабакі хто куды
Разбягуцца ўсе тады. –
Ён пагрозна лапамі
Замахаў калматымі.
Сцежкай звілістай патрошкі
Падпаўзлі яны да вёскі.
Вось і курачкі-прысмакі,
Ды заўважылі сабакі.
Наляцелі на Мядзведзя –
Той уцёк ад зграі ледзьве.
Уцякаў як мог шпарчэй,
Пра Лісу, і пра курэй,
І пра хуткую зіму
Памяць выбіла яму.
Уцякаў ён, покуль мог,
Ды й на полі прама лёг.
А на гэтым полі рос
Жоўты, сонечны авёс.
У аўсе Мядзведзь прыціх:
Не чуваць сабак ліхіх.
Ён аддыхаўся і бачыць –
Побач Мышка шустра скача,
Зерне спелае зрывае
Ды ў нару сваю цягае.
І пытае ў Мышкі ён:
– Да зімы твой, пэўна, плён?
– Так, – адказвае малеча, –
А табе заняцца нечым?
Што ты ходзіш па аўсу,
Топчаш дзіўную красу?
І няёмка стала Мішку
Перад клапатлівай Мышкай:
– Дык і я сюды прыйшоў,
Каб нарваць аўса дамоў...
Покуль рваў Мядзведзь авёс –
Зерне на зямлю абтрос.
Паспытаў на смак салому,
Кінуў і пабрыў дадому.
Лёг у пушчы пад сасну
І, прытомлены, заснуў.
Доўга спаў. Калі ж прачнуўся,
Ад здзіўлення здрыгануўся.
Навакол зямлі няма,
Толькі снежная зіма.
Без харчоў зімой застаўся,
Бо як след не рыхтаваўся.
Ён глыбей забраўся ў снег
І зіму прабыў у сне.
Голад жа калі даймаў –
Лапу тоўстую смактаў.
Так з таго і павялося,
Што ва ўтульнае бярлозе
Спіць Мядзведзь аж да вясны,
Сніць аб звонкім леце сны.
Смокча лапу, бо гуляка,
Ды й худзее, небарака.

 

Похожие статьи:

ПераказыСмаргонская мядзведжая акадэмія

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Былі ў мяне мядзведзі

ПераказыВось якія «мішкі»

ПераказыМядзведзь

ПераказыНеспадзяваная сустрэча