Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Еўдакіі Лось

   Еўдакія Лось, нарадзілася ў 1929 г. у вёсцы Старына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Дачка прыбіральшчыцы, яна ганарылася сваім пралетарскім паходжаннем, як гэта можна бачыць у адным з яе ранніх лірычных вершаў «Маці» (1947). Пасля таго, як Еўдакія вывучылася на настаўніцу, яна спачатку працавала ў Вучэбна-педагагічным выдавецтве БССР, а пазней, пасля заканчэння Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве, – у такіх перыядычных выданнях, як «Звязда», «Работніца і сялянка» і «Вясёлка». Член камуністычнай партыі з 1955 г., паэтка заўсёды была досыць лаяльнай грамадзянкай Савецкай Беларусі. Героямі яе твораў часта былі прадстаўнікі розных прафесій, нават Пятрусь Броўка, аднак пры гэтым літаратурныя крытыкі часта дакаралі яе за слабую ўвагу да асноўных сацыяльных і палітычных пытанняў. З 1958 па 1977 г. паэтка выдала дзевяць невялікіх паэтычных зборнікаў, цэлы шэраг дасціпных і зразумелых твораў для дзяцей, а таксама два ўдалыя празаічныя зборнікі – «Пацеркі» (1966) і «Травіца брат-сястрыца» (1970), некалькі перакладаў і цудоўныя паэмы, сярод якіх «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971) і «Матчына трывога» (1977). Аднак Е. Лось будуць заўсёды памятаць за яе чароўныя лірычныя вершы, што адрозніваюцца непасрэднасцю і шчырасцю, інтымнасцю і нязломнай верай у чалавека. Некаторыя з гэтых якасцяў адлюстарваны ў назвах яе паэм альбо ў назвах такіх ранніх зборнікаў, як, напрыклад, «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965) і «Яснавокія мальвы» (1967). Адказ на абвінавачванне ў павышанай ўвазе да дробных дэталяў (што, па сутнасці, ёсць ці не найбольш адметнай і цікавай рысай яе творчасці) і ў адсутнасці галоўных тэм можна знайсці ва ўступных радках верша 1963 г.: «У кожным імгненні паэзія ёсць, /У кожным здзяйсненні – яе прыгажосць».
   Вершы, у якіх Лось прызнаецца ў любові да сваёй роднай Беларусі, як, уласна кажучы, і ўся астатняя яе творчасць, прасякнуты глыбокім невычэрпным лірызмам. Вельмі адметным у гэтым сэнсе творам быў верш «Матыў Магілёўскай шашы» (1965):

Шлях паслаўся,
Быццам Волга,
Канца-краю не відно.
Будзе Чэрвень,
Будзе Волма,
Будзе тут Беразіно...
Будуць белыя Бялынічы –
Сняжынкі талакой.
Як снягурачкі, дзяўчынкі –
Шафёраў неспакой...
Волма, Волма,
А не Волга,
Чэрвень – чэрвень,
Не іюнь...
Што ты едзеш гэтак доўга?
Пабялела ў полі рунь...
Шлях ад Мінска
Роўны-роўны,
Магілёўская шаша.
Дзень дарогі
Поўны-поўны,
Як паўнюткая душа.
Прабягаюць сосны, ёлкі,
Працякае ўдаль рака.
Поплеч, як дуга вясёлкі, –
Спадарожніка рука...

   Адносіны Лось да паэзіі праяўляюцца таксама ў прыгожай фантазіі верша 1968 г.:

Я да цябе, паэзія, дабіралася,
Як далакоп да вады на сухой мясціне.
Я з табой, нарэшце, спазналася, –
І стала светла ў маёй хаціне.
Шлях да цябе – аблогай няходжанай.
Крокі мае ўбачыць кожны,
Як зруба вянцы ў глыбокім калодзежы,
Які на вокліч гудзе трывожна...

   Паэтка з вялікім замілаваннем адносіцца да сваёй краіны, да сваёй музы. Найбольш праніклівыя і ўзрушаныя вершы яна стварыла ў бальніцы, калі яе жыццё згасала. Цыкл пад назвай «Радкі журбы (з бальнічнага сшытка)» складаецца з вершаў, напісаных пераважна ў перыяд з 6 па 17 чэрвеня 1977 г., і прадстаўляе сабой дзённік паэткі, што памірала ад рака. У «Запавеце сыну» (15 чэрвеня 1977 г.) яна з іроніяй зазначае: усё, што яна пакінула ў спадчыну – гэта паперы, а не грошы, дачу, дываны... У яе апошнім чатырохрадкоўі, напісаным за два тыдні да смерці, гучыць невычэрпны добры гумар, ураўнаважанасць і туга, калі яна праз бальнічныя вокны назірае за вавёркамі:

Вавёркі не любяць
чужых зухаватых;
бяруць толькі ў тых,
што ў бальнічных халатах.

   Еўдакія Лось была не толькі цудоўным чалавекам, але і таленавітай паэткай, і яе заўчасная смерць абядніла беларускую літаратуру.

Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

 

Похожие статьи:

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Уцякач

Еўдакія ЛосьЖыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Казка пра ласку

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Маці

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык