Зялёны Лепель, сэрцу мілы,
азёрнай гладзі акіян,
ва ўтульным садзіку – магілы
байцоў і слаўных партызан.
Жывеш ты, ліўнямі прамыты,
грамамі хрышчаны не раз,
шпакамі з даўніх дзён абжыты
і бэзам – быццам напаказ!
Жывеш, раённая сталіца,
сярод палёў, як працаўнік.
«У Леплі злеплен!» – ганарыцца
мой аднагодак-жартаўнік.
Мы з ім прыехалі на стрэчу
з юнацтвам, з тым, пра што пяю...
Тут краскі лугавыя лечаць
прастуду даўнюю маю.
Пад небам хмарным здаравею,
расту, як хвоя, пад дажджом,
пад навальніцаю – смялею,
зайсці гатова ў кожны дом...
Зялёны Лепель, як найлепей
гадуй сваіх ты дзіцянят.
Хай шчасце казачнае лепяць
усе харошыя падрад!
1966
Крыніца: Лось Е. І каласуе даўгалецце: Вершы / Уклад. М. Я. Ярашэвіч, М. Я. Клімовіч. – Мн.: Маст. літ., 1998. – 367 с.
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Маці
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Казка пра ласку
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Уцякач
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык