Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Еўдакія Лось - Казка пра ласку
Ціха, дзеці,
Паслухайце казку
Пра дзяўчынку харошую –
Ласку!
Дзе жыве яна,
Як выглядае,
З кім сябруе,
Каму памагае.
* * *
Неяк Ласку угледзеў
Сяргейка,
Хоць і слёзы блішчалі
На вейках.
Захварэў неўспадзеўкі
Хлапчына.
Сінява залягла
Пад вачыма.
Парашкі ён глытаў
I пілюлі,
Смеху хлопчыка
Доўга не чулі.
I тады да ягонага
Ложка
Падышла, нібы цень,
Басаножка.
Падышла неўзаметку
Малая,
За плячыма –
Каса залатая.
– Ты Сяргейка?
Пытае ласкава
I плыве каля ложка,
Як пава.
– Ты хварэеш?
Замучылі лекі?
Пацярпі,
Не хвалюйся, маленькі!
Хочаш – коўдру тваю
Я папраўлю!
Хочаш – кветак у шклянку
Пастаўлю!
Каля хворага
Без адпачынку
Завіхаецца
Тая дзяўчынка.
Лоб малога пагладзіла,
Бровы, –
I Сяргейка заснуў,
Як здаровы.
I ў сне ўжо,
Што быў нібы казка,
Ён пытае:
– Скажы, калі ласка,
Хто ты?
– Ласка.
– Якая?
– Такая,
Што маленькім
Заснуць памагае.
– Дык застанься са мной,
Мая Ласка!
– Я спяшаю ў калгас,
Да Тараскі.
I, махнуўшы хусцінкаю
Белай,
Неўпрыкметку пайшла,
Паляцела.
Ціхі хлопчык
Ажно засмяяўся:
Ён з хваробай сваёй
Развітаўся!
* * *
Пасварылася з Надзяй
Ларыска.
I за што?
З-за малочнай ірыскі!
Да дзяўчынак прыходзіла цёця.
Надарыла цукерак блазноце.
I дражэ, і «падушак» і «мішак»...
Немалое багацце ў малышак!
Адно цешся з салодкіх
I еш
Ды сябровак частуй ты...
Дык не ж!
Стала крыўдна старэйшай –
Ларысцы,
Што ў Надзеі –
Яшчэ і ірыскі!
Вось старэйшая,
Каб не журыцца,
Адабрала ірыскі
Ў сястрыцы.
Хто паможа
Надзейцы ціхмянай?
Хто ёй верне
Прысмак адабраны?
Можа, цёця?
Яна на рабоце.
Можа, мама?
На працы таксама.
Памагла ёй
Дзяўчына-краса,
За плячмі –
Залатая каса.
I адкуль яна толькі
Ўзялася,
Як пазнала,
Што спрэчка ўзнялася?
На маленькіх нагах
Неабутых
Падышла да дзяўчынак
Надзьмутых.
Белай хусткаю
Твар абмахнула,
На сястрычак
Лагодна зірнула.
– Я завуся, – гаворыць ім,
Ласкай,
Вы паслухайце
Простую казку!
Я прыйшла
Ад Сяргейкі-
Хварэйкі,
Я прыйшла
Ад Тараскі-
Падпаска.
Сумаваў той без ласкі
За статкам,
Калі ў поле падаўся
За таткам.
А пасля пабыла я
За морам,
За бязмежным
Блакітным прасторам.
Там чакаў мяне
Бедны, пануры
Хлопчык з чорнаю-
Чорнаю скурай.
У краіне,
Дзе сонца багата,
Гэты хлопчык
Застаўся без таты.
Тату ворагі злыя
Забілі,
Бо змагаўся ён
Супраць насілля.
Супраць гора змагаўся
Адважна,
Клікаў волю
Ў свой край неабсяжны...
Пацямнелі,
Як быццам ад ночы,
Васільковыя
Ласчыны вочы.
Залатую касу
Запляла,
Пацішэлых сястрыц
Абняла.
I тады запытала
Ларыса:
– А як хлопчыка клічуць?
– Патрысам.
I ўжо шэпчуцца ціха
Дзяўчынкі...
Ім цяпер
Не да прыкрых учынкаў!
Трэба другу
Пісьмо напісаць,
Падарунак яму
Пераслаць.
I пачула тут госця:
«Патрысік!
Шлём табе мы салодкіх
Ірысак.
I дражэ,
I «падушак» – малышак.
Толькі з’елі мы
Некалькі «мішак».
З падарункам прымі,
Калі ласка,
Нашу светлую
Шчырую Ласку!
Не гаруй,
Мы цябе не забудзем
I пра татку
Раскажам мы людзям.
Будзем дружныя мы
Між сабою
I навек
Пасябруем з табою!..»
* * *
Вось вам, дзеці,
I ўся мая казка
Пра дзяўчынку харошую –
Ласку.
Ласка ўсіх вас
Пабачыць жадала,
Але часу ў яе
Дужа мала.
А таму покуль стрэнецца
З вамі,
Будзьце, дзеці,
Ласкавыя самі!
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Роднай мове
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось