I
Для будучыні
...Я людзям, што узнімуцца, як гай,
што сёння толькі дрэмле у насенні,
ім пра сваю любоў пяю з натхненнем,
з іх кожнаму кажу:
«Не забывай!..
Ты харашэй, шчаслівей за нас,
і спадчыну ты атрымаў запроста.
У ёй ані руінаў, ані ўбоства,
у ёй лісток ніводзін не пагас.
Ды спадчыну узгадавалі мы –
умелыя, няўмелыя, сівыя...
За намі не слупочкі верставыя
ўставалі –
абеліскі і дымы...
Зямлю сваю з шурпатай шалухі
мы вылупілі вам, нібы яечка...
Маім святлом, каштанавая свечка,
ты ўспыхнула ў дзень сонечнай смугі!
Мой розум на жыццё благаславіў
разбуджанага лазера магугнасць...
Наступныя, я тая ваша сутнасць,
якую корань ваш на рост абвіў...»
II
Там
Там не будуць разбівацца самалёты,
пісьмы чорныя не будуць прылятаць...
Там не будуць мець турэмшчыкі работы,
бо і вязнем хто ў жыцці захоча стаць?
Будзе чыста, будзе вольна і бязмежна,
як захочаш – куды хочаш паляціш:
то заззяюць Кардыльеры табе снежна,
то атуліць флёрам бэзавым Парыж...
Ані здзекаў, ані звады, ані здрады,
маеш вочы, маеш сэрца – дык любі!
Грудзі зоркамі абсыпяць зарапады,
абпраменяць вочы яханты глыбінь...
Не пра ўтопію кажу, кажу пра існасць –
толькі трэба пачакаць яе, на жаль,
трэба вымучыць яе, бяссоннем высніць,
скараціць хадой нямераную даль...
III
Сёння
А сёння ўсё маё: зямля, што родзіць
і з ранніх год па ясных сцежках водзіць.
А на зямлі – мой сын,
а ў небе – вершы,
што мне дыктуе жаваранак першы.
А пад зямлёй усе мае скарбонкі:
ступаю – чую водгаласак звонкі!
Я сёння ўстала рана на дасвецці,
акно раскрыла ў лісцвяное вецце.
Я сёння рашчыню ў дзяжы рашчыну
і шчыра абдыму свайго мужчыну...
Мне сёння жыць у свеце маладосці...
Наступнікі шчаслівыя, зайздросце!
1976
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Маці
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Казка пра ласку
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Уцякач