Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Еўдакія Лось - Брат

Мой браток,
Я дасюль не веру,
Што цябе на зямлі няма...
Мне здаецца, адчыніш дзверы –
I сустрэну цябе сама.

Мо адразу і не пазнаю –
Гэта ж колькі мінула год!
Але кінуся, не стрываю,
Пацалую кірзавы бот...

Распластаюся пад нагамі,
I упрошвай – не адыду...
А спачнеш, дапаможаш маме –
Я з табою ў кіно пайду.

Мы змайструем ізноў альтанку,
Набудуем хат для шпакоў;
Накіруемся ў лес ад ранку –
Накапаем малых дубкоў.

Начытаемся разам кніжак,
Ты пахвалішся нават сябрам:
«Хоць маленькі, глядзіце, рыжык,
А не ўступіць, старыя, вам!»

I «старыя», каму па семнаццаць,
Будуць шчыра мяне хваліць...
Як без жартаў тваіх заставацца,
Як без дружбы тваёй мне жыць!

Мой браток,
Хто мне верне ласку
Рук тваіх, чысціню вачэй?
Хто прыдумае добрую казку
I раскажа яе хугчэй?..

У жыцці, на шляху палону,
Я прывыкла да розных страт...
Неаплаканая да скону
Мая крэўная страта – брат.

То дурэю з ім, як бывала,
То яго забаўляю малых...
Мне ягонай ласкі ставала –
I стае вось пясчынак злых...

Так стае, што часінай жалю
Я гатова легчы касцьмі,
Толькі б горкай зямлі загадалі:
«Хлопца добрага
Падымі!

Хай устане, загоіць раны,
Маладосць сваю дажыве.
Без пары
Вайною
Забраны,
Хай пацешыць ён матчын век.

Гарнітур хай адзене шлюбны,
Хай пляменнікаў дорыць сястры.
Каласам і лістоце любы,
Хай ніколі не будзе стары!»

Мой браток,
Ты даруеш, пэўна,
Што даўжэй за цябе жыву
I хвілінамі словам крэўным
Я чужых мне людзей заву...

1962

 

Похожие статьи:

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Уцякач

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Казка пра ласку

Еўдакія ЛосьЖыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Маці