У раніцы, у леце, у прыродзе
сядзела на бярозавай калодзе.
Вакол ад кветак, ад росаў бела.
Шчэ толькі сэрца істоту грэла.
Не варушыліся, драмалі цені
і людзі дасыпалі. Толькі пеўні
выводзілі свае чатыры ноты.
Нічога не азмрочвала пагоды
маёй натуры... Праўда, нейкі птах
гартанна прадвяшчаў абстрактны страх.
Прарэзаў неба, растварыўся ў соснах.
Снавала промні па тумановых кроснах
спрадвечная зямная ткалля –
сонца,
матаючы вясёлкавы сувой
на круглы шар зямны, як на навой,
маўкліва, засяроджана, бясконца.
Разгладжваю сівы сувой далонькай:
не скамячыць бы ў вечнасці далёкай,
каб ён нашчадкам не быў каляны.
Пакуль у вочы сонцу можна глянуць –
накласці на аснову свой уток –
сцяжыну палявую, слоў віток...
Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст. літ., 1987. – 398 с.
Похожие статьи:
Данута Бічэль-Загнетава → Данута Бічэль-Загнетава - Роднае слова
Данута Бічэль-Загнетава → Данута Бічэль-Загнетава - Бяроза
Данута Бічэль-Загнетава → Данута Бічэль-Загнетава - Фальклор
Данута Бічэль-Загнетава → Данута Бічэль-Загнетава - Не называй мяне жаданай...
Данута Бічэль-Загнетава → Данута Бічэль-Загнетава - Цётка