Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Георгій Марчук - Ясельда

Увага!!! Поўны змест

   На зямлі нашай шмат дзіўных па прыгажосці і самабытнасці вёсак і мястэчак. Што ні вёска – то легенда, што ні гарадок – то гісторыя ці казка. У далёкія часы неаднойчы даводзілася нашым продкам бараніць сваю волю і зямлю. Шмат што забылася, але шмат і помніцца
   Здавён сяліліся людзі па берагах вялікіх і малых рэк. Вось і мястэчка Моталь размясцілася на беразе палескай рачулкі, якую называлі па-рознаму – Вара ці Дысь. Жылі тут працавітыя людзі, майстры сваёй справы. На ўсю Еўропу славіліся кавалі-збройнікі, шаўцы, але яшчэ большую славу здабылі жанчыны-майстрыхі, што выраблялі жаночыя галаўныя ўборы – так званыя наміткі. Казалі, сама каралева ў іх заказы рабіла.
   Але больш за ўсё ганарыліся маталяне сваёй незалежнасцю. Калісьці даўно надаў кароль гораду правы і свабоды. Кожныя пяцьдзесят гадоў гараджане накіроўвалі паслоў у Кракаў, каб кароль пацвердзіў і прадоўжыў прывілеі. І на гэты раз выправіліся паслы да каралеўскага двара з падарункамі.
   У тыя далёкія часы вырасла ў заможнай купецкай сям’і дачка. Звалі яе Ясельда. Проста на вачах прыгажуняй зрабілася, можна да шлюбу ісці. У гэтым жа мястэчку рос хлопчык-сірата Стась. Бацькі яго доўга хварэлі ды разам і памёрлі. Мясцовы каваль пашкадаваў хлопчыка, пакінуў у сваёй сям’і. І вось узмужнеў і Стась, кавалёў вучань. Чупрына ў яго чорная, густая, вочы блакітныя, добрыя. Пакахаў ён Ясельду каханнем першым, моцным, але хаваў свае пачуцці. Зямлі ў яго няма, дома свайго няма, бацькоў багатых таксама няма. Гэта ж так у людзей вядзецца: багаты сабе багатую шукае, а бедны з беднай сыходзіцца.
   Бацька Ясельды хоча аддаць дачку сваю адзіную за аканома Завадскага, багатага шляхціца, які служыць пану Валкевічу. Калісьці прадзед гэтага Валкевіча валодаў паловай усяго мястэчка. Каб толькі выслужыцца перад каралём, пайшоў Валкевіч на вайну: усё згодны вытрываць, абы мястэчка яму належала.
   Аканом Завадскі варты свайго гаспадара: хітрыкамі распачаў будаўніцтва свірна ва ўладаннях гараджан. Не даспадобы гэта гараджанам. І дамовіліся маладыя маталяне разабраць аканомаву пабудову.
   У ноч на Івана Купалу высыпала моладзь на бераг ракі: хто кветку папараці шукаць, хто душу павесяліць, хто адвагу паказаць – скакаць праз вогнішча, хто спевамі і скокамі здзівіць. Вось у гэтую ноч падбухторыў Стась хлопцаў, яны ўзялі і расцягнулі свіран Завадскага, а з бярвенняў склалі на беразе касцёр. Стася ўрачыста прынялі ў «парубкі»: ён на слуп узлез, кавадла ад зямлі адарваў, з дзяўчынай на руках па бервяне прайшоў.
   Яго ўзнагародзілі чорным капелюшом з чатырохвугольным верхам і скураным рэменем, таму што вучань каваля да гэтага часу падпяразваўся матузком. Усе заўважылі і ацанілі ў дзень раўнадзенства наміткі Ясельды.
   Упадабалі іх і нявесты, і маладзіцы. Адно на твары аканома Завадскага радасці не было. Люта ўзненавідзеў ён Стася, калі ўбачыў, як юнак і дзяўчына накіраваліся ў лес шукаць кветку папараці.
   – Стась! – чуўся голас Ясельды.
   – Ясельда! – даносіўся ў адказ голас Стася.
   А на беразе сыпаліся жарты, прыказкі і прымаўкі. Асілак Янка схаваўся ў кустах і пачаў крычаць:
   – Гэй! Мядзведзя злавіў!
   – Дык цягні яго сюды! – прапанавалі яму.
   – Ды не ідзе, халера, – адказаў Янка.
   – Тады сам ідзі!
   – Дык не пускае! – скардзіўся Янка.
   Адным словам, дзе маладосць – там і весялосць.
   Раніцай, дазнаўшыся пра Стася і Ясельду, раз’юшыўся бацька дзяўчыны: і чуць не хоча пра каханне. «Гол як сакол і ў шапцы чужой» – быў адзін адказ. За небараку-сірату дачку не аддае.
   А тым часам вярнуліся дадому паслы. Сабраліся паспалітыя людзі на плошчы перад Храмам. Кароль Уладзіслаў ІV, раззлаваны паражэннямі ў войнах, заблытаўшыся ў інтрыгах, адмовіўся пацвердзіць прывілеі Моталя на вольнасць. Весялосць змянілася смуткам. Старыя перасцерагаюць: марудзіць нельга. Кароль цішком можа выдаць грамату свайму прыбліжанаму, і тады – бывай воля.
   Стась прыйшоў на савет старэйшын і ўзяўся прывезці ад караля грамату. У Моталі ведалі, што далёкі ягоны сваяк служыць на каралеўскай кухні, можа, і паспрыяе пляменніку.
   – Дамова такая: калі вярнуся з граматай, хай тады бацька Ясельды не супраціўляецца нашаму вяселлю, – выставіў свае ўмовы Стась.
   Бацька Ясельды ад гневу кіем па стале стукнуў. Агаворвае старэйшын: Стась, маўляў, малады, запальчывы, ды і хто яго слухаць стане, нават калі ён трапіць да караля.
   – Як можна давяраць яму агульныя грошы? Ачніцеся!
   Тады стараста – выйсця другога няма – вырашыў накіраваць разам са Стасем свайго сына, каторы і за казну будзе адказваць.
   – А для аховы хай збіраецца разам з імі ў дарогу і асілак Янка, – вырашылі старэйшыны.
   Рана-раненька сабраліся хлопцы ў далёкую дарогу. Заплакала Ясельда, зразумела, што і яна ўсім сэрцам пакахала Стася.
   Не драмаў і аканом Завадскі. Накіраваў ён у Брэст сваіх людзей. У горадзе тым паслы і купцы на адпачынак спыніліся. Там, у карчме, угаварылі сына старасты ў косці згуляць. Той і згадзіўся. Стась над ім улады не мае. Прайграўся ўшчэнт, ні дуката не засталося. Хацеў Янка грошы агульныя, што па-дурному прайгралі, сілаю вярнуць, ды дзе там, махляроў і след прастыў. Кепская справа. І ў сталіцы без грошай няма чаго рабіць, і дамоў вяртацца нельга. Ганьба.
   Сын старасты плакаць пачаў, як дзіця. Слабы ён не толькі целам, але і духам. Злітаваўся над ім Стась, загадаў Янку адвезці перапалоханага да смерці паніча назад у Моталь. Наказаў, калі што, аказваць так: маўляў, напалі на іх разбойнікі, грошы аднялі. Хай цяльпук лепш на печы сядзіць ды абаранкі есць.
   Развіталіся яны. Янка ў Моталь вярнуўся, а Стась у жабрацкіх лахманах падаўся да каралеўскага замка Адшукаў на кухні дзядзьку, той сагрэў пляменніка, вопратку даў, накарміў, напаіў, але дапамагчы адмовіўся. Баяўся страціць каралеўскую ласку, а разам з ёй і ўтульнае месца пры харчах.
   – Тады вось што, шаноўны, зрабі так, каб я з каралеўскай жонкай Марыяй Ганзага пазнаёміўся. Справа ў мяне дзяржаўная.
   Здзівіўся повар, але сустрэчу наладзіў. Марыя Ганзага і венецыянскі пасол Ціепола наважыліся падбухторыць караля Уладзіслава да вайны з туркамі. І Стасеў падарунак быў да месца: кінжал уласнай работы, якім можна было разрубіць жалезны ланцуг. Пераканаў ён каралеву, што вольныя маталяне і шаблі выкуюць, і жыццямі сваімі ахвяруюць у вайне з туркамі.
   – Толькі ж ты, ясная пані, зрабі ласку! Угавары Яго Вялікасць! Нам адно толькі грамату атрымаць! Вольныя маталяне чаго толькі не зробяць для абароны караля і каралеўства!
   Спадабаліся каралеве Стасевы смеласць і рашучасць, угаварыла яна караля выдаць жаданую грамату.
   У той самы вечар падчас каралеўскага балю агульнай увагай карыстаўся Валкевіч, які прыехаў з вайны і за смеласць і подзвігі быў запрошаны да двара.
   – Прасі, герой, чаго хочаш. Аддзячу, – вымавіў задаволены кароль.
   Просіць Валкевіч даць яму ва ўладанне Моталь. Рады кароль ашчаслівіць вернага слугу, ды вось няўдача, раніцай аддаў ён грамату маталяніну Стасю. Паклікаў манарх дарадчыкаў, вучоных з Рыма і Падуі. Падказалі яны выйсце: каб гонар каралеўскі не прынізіць, слова каралеўскае каб не парушыць і каб маталянам не зманіць, выдаць грамату на валоданне Моталем таксама і Валкевічу, але ў паперы назву мястэчка не пазначаць. Хай Валкевіч аднімае ў гараджан грамату ці то сілай, ці то хітрасцю. Толькі зрабіць гэта трэба да таго, як яе ўголас прачытаюць на плошчы.
   Сабраў сваіх людзей шчаслівы Валкевіч – і ў пагоню. Калі б не казакі з атрада Нябабы, не мінула б Стася пагібель. Схавалі яны яго, а пасля правялі да Моталя. Хітры Стась абышоў роднае мястэчка, – усе сцежачкі, шчылінкі з дзяцінства ведаў, – памкнуўся быў на плошчу, а ля дома старасты засада, ля кузні таксама коннікі. Вакол лямант, народ не разумее, што здарылася. Нехта кажа, што Стася з граматай бачылі; нехта сцвярджае, што яго па дарозе забілі. Аканом Завадскі, як убачыў Валкевіча, вельмі ўзрадаваўся, ужо хоча святкаваць перамогу: і Моталь ва ўладанне Валкевіча пераходзіць, і Ясельду замуж за Стася не аддадуць.
   Стась ратаваўся ад пераследу. Трапіў ён у дом Ясельды, знайшоў дзяўчыну ў майстэрні, дзе яна рукадзельнічала. Узрадавалася Ясельда. Стась жа папрасіў яе хутчэй схаваць грамату. Але куды, ён і Сам не ведае. Вынаходлівая Ясельда схавала каштоўную паперу ў галаўны ўбор – намітку. Абрала дзяўчына намітку самую прыгожую, падрыхтаваную да продажу. Заўтра ж зачытаюць грамату на вольнасць пры народзе, на плошчы.
   Не паспелі яны словам перакінуцца, як у дом уварваліся Валкевічавы людзі. Аканом Завадскі падказаў, дзе Стась хаваецца.
   – Аддай грамату, пакуль цэлы! Месца добрае атрымаеш. Грошай не пашкадую, на службу прыму. Твая грамата і так ніякай сілы не мае, таму што мне першаму паперу выдалі. Увесь двор ведае, – і ўгаворвае, і пагражае Валкевіч.
   – Няма яе ў мяне. Яна ўжо ў старасты. Заўтра зачытаюць яе народу, – смела адказаў Стась.
   – Хлусіш, пся крэў! – не паверыў Валкевіч, але распытваць больш не стаў.
   Прыхапіў ён для сваёй маладой жонкі самую прыгожую намітку, а майстэрню загадаў спаліць: калі нават і схавалі грамату ў надзейным месцы, дык агонь яе з’есць. Шнырылі Валкевічавы паслугачы па мястэчку, усё перавярнулі дагары нагамі, паўсюдна шукалі, ды так і не знайшлі. Валкевіч толькі пад раніцу супакоіўся. Згарэла грамата, дык можна, нарэшце, і адпачыць крышачку.
   Раніцай увесь народ на плошчу падаўся. Валкевічавы людзі абкружылі натоўп, шаблямі ды бізунамі пагражаюць, пакорлівасці дамагаюцца. Вось-вось бунт пачнецца. Валкевіч спакойны, нават пасміхаецца. На плошчы вэрхал, лямант, паніка. Стась маўчыць, нібыта ў рот вады набраў, чакае зручнага моманту. Няўжо страцяць волю?
   Валкевіч у вайсковых даспехах патрабуе ад старасты доказу правоў і свабод.
   – Дзе ваша грамата на прывілеі, дзе? Я жадаю на яе паглядзець, а народ хоча пачуць, – самаўпэўнена звяртаецца Валкевіч да старасты.
   Стараста апусціў галаву, маўчыць, не ведае, што і адказаць. Сцішыўся народ.
   – Ёсць грамата! – выгукнуў Стась.
   Хутка і спрытна зняла Ясельда з Валкевічавай жонкі намітку і выцягнула схаваную грамату. Перадала Стасю, а той – далей, старасту. Народ адразу павесялеў. Адзначылі маталяне сваю перамогу песнямі ды танцамі. Бацька дзяўчыны нічога зрабіць не мог, даў згоду на вяселле.
   Але Валкевіч і не думаў кідаць сваіх намераў. Здавалася, лёс спрыяе феадалу. У абед пасланец прынёс тужлівую вестку – у сталіцы памёр кароль Уладзіслаў ІV. І вось, скарыстаўшы разгубленасць і збянтэжанасць народа, Валкевіч запісаў у сваю грамату назву маёнтка Моталь, а Стасеву грамату вырашыў адняць сілай. Што хачу, тое і раблю. Сам сабе кароль. Калі няма закона, вядома, пануе сіла. Знайшліся і такія маталяне, што цішком перакінуліся на бок Валкевіча. Падхалімы далёка цэлілі: захопіць Валкевіч Моталь – добрыя месцы ў гандлі і ў ратушы іхнімі зробяцца.
   Бачыць Стась – сілы няроўныя. Тады кінуўся ён да сяброў-таварышаў, казакаў Нябабы, якія часова знайшлі прытулак у Давыд-Гарадку, а гэта зусім недалёка. Але спярша папрасіў Ясельду на вуліцу не хадзіць, дома яго чакаць. Аднак не паслухалася дзяўчына каханага. Не змагла яна сядзець дома, калі вырашаўся лёс яе роднага мястэчка. Выйшла на вуліцу, а аканом Завадскі тут як тут. Кажа, маўляў, не чакай Стася, ён уцёк. Ужо заўтра да Валкевіча з’явіцца падмога, і ён адужае маталян.
   – Але ты не бойся, прыгажуня. Я цябе ў крыўду не дам. І твайго бацьку не павесяць за ўдзел у бунце. Я ўратую, – угаворваў Завадскі дзяўчыну, – адно толькі слова скажы. Дай згоду стаць маёй жонкай, панначка. У шаўковых і аксамітавых сукенках хадзіць будзеш, залатыя ўпрыгожанні падару, – соладка абяцаў аканом.
   – Добра, падумаю. Няўжо ты і сапраўды казачна багаты? Няўжо Валкевічава грамата сапраўдная, не падробленая? – хітруе Ясельда.
   Прывёў Завадскі дзяўчыну ў панскія харомы, пачаставаў віном, салодкімі стравамі. Грамату не паказвае, згоды стаць жонкай просіць.
   – Спярша пакажы грамату. Тады дазволю і сватоў да бацькі прыслаць, – спакойна кажа Ясельда Бачу, што багацця хапае, а ці ёсць права?
   Прынёс аканом з пакояў каштоўную грамату, паказаў дзяўчыне. «Не будзе ж яна яе есці», – падумаў.
   Доўга разглядвала грамату Ясельда, паступова закалыхвала аканомаву пільнасць. З двара даносіліся радасныя воклічы і прывітанні – падмога з’явілася. Натхнёны Валкевіч загадаў адразу ж выступаць на маталян. Ясельда пачула загад, схапіла грамату і кінулася да дзвярэй. Пакуль непаваротлівы і тоўсты Завадскі адумаўся – яна ўжо на двары. Бегчы, праўду кажучы, ёй няма куды. На дарозе коннікі, ля варот – людзі з шаблямі. Свабодны адзін шлях – круты спуск да ракі. Туды і памкнулася смелая дзяўчына. Няўклюда аканом прыхапіў з сабой слуг і рынуўся наўздагон.
   – Спыніся, дурніца! Стой! Грамату вярні! Стой! – крычаў на ўсё горла Завадскі, цяжка дыхаў і падганяў у спіну слуг, але тыя не змаглі дагнаць дзяўчыну. Кінулася яна ў раку і імгненна знікла ў віры. Ніхто не кінуўся ратаваць яе. Гэтага віру баяліся ўсе. Казалі, што калісьці даўно пасяліўся там чорт, якога выгналі з мястэчка.
   – Гвалт, ратуйце, грамата загінула! – Шалеў ад злосці і лютасці аканом.
   Упарта супраціўляліся маталяне, біліся з войскам Валкевіча насмерць. Але сілы былі няроўныя, і, калі б не падаспеў на падмогу Стась з казакамі, яшчэ невядома, хто б перамог. Перабілі казакі ўсіх феадалавых прыхвасняў, а сам Валкевіч паспеў уцячы з купкай сваіх прыбліжаных. З усіх сіл чапляўся за іхнюю карэту аканом, зваліўся, стукнуўся галавой аб прыдарожны камень і сканаў.
   Увечары спахапіліся маталяне: а дзе ж Ясельда? Адзін з Валкевічавых слуг, які не паспеў уцячы з-за сваёй няўклюднасці, усё расказаў. Доўга стаялі людзі з паходнямі ў руках на беразе. Утапілася дзяўчына, забрала назаўсёды грамату з сабой, але і памяць пакінула назаўсёды.
   Горка плакаў Стась, за адну ноч сівым зрабіўся. Так ён і не ажаніўся, пражыў адзін у сваім родным і вольным мястэчку Моталь. Маталяне абралі яго сваім старастам. Стась дабро і справядлівасць шанаваў больш за ўсё, веры бацькоў не здраджваў. Часта сядзеў над кручай, адкуль кінулася ў вір яго нявеста. Старыя казалі, што з вады выходзіла да яго русалка і спявала тужлівую песню. З тых часоў рэчку ля Моталя і сталі называць Ясельдай.

Похожие статьи:

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Папугай Пятруша

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Дзік