Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Георгій Марчук - Як ратавалі Фокуса
Увага!!! Поўны змест
Суровая надышла зіма. Прыціснулі маразы. Нават галкі і вароны схаваліся на гарышчы, не прыляталі ў двор Фокуса па ежу. Толькі сінічкі імгненна з’ядалі сланечнікавае зерне, якім іх кожную раніцу частавала бабуля Міла. Снегу насыпала па самыя вокны. Сквапны Піліп Барабанадуля на сваім міні-трактары расчысціў ад снегу вуліцу толькі да свайго дома.
– А далей? А да нас? – папрасіў кот Фокус.
– Грошы гані. Паліва дарагое, – адказаў за свайго гаспадара сабака Пірат.
І тут Фокус пахваліўся:
– Затое нам і Агапкавым дзядулі з бабуляй раённыя ўлады падаравалі плазменныя тэлевізары во-о-сь з такім экранам, на палавіну сцяны.
– І за што гэта толькі вам дзяржава гэткія дарагія падарункі робіць? – здзівіўся Барабанадуля.
– А за тое, што мы падзялілі першае месца па культуры свайго двара. Конкурс быў. У нас і вяргіні, і лілеі ля ганка, і калодзеж размаляваны, і астры пад вакном, і настуркі, і турэцкі боб, – з гонарам адказаў Фокус.
Вельмі не спадабаўся гэты падарунак Пірату і яго гаспадару.
Даляцеў у разгар зімы, якраз перад Калядамі, да вёскі Крынічка нейкі злы заморскі вірус, прынёс грып. Цяжка захварэла бабуля Міла, як мог дапамагаў ёй Фокус, ды хвароба не адпускала, і тады выклікаў кот хуткую дапамогу і павезлі бабулю Мілу ў бальніцу – ратаваць. Фокус застаўся адзін у хаце. Тут і надумалі здзейсніць сваю чорную задуму Барабанадуля і сабака Пірат. А ўсё ад зайздрасці.
Паведамілі ў санэпідстанцыю, што жыве ў іхняй вёсцы нейкі бяздомны, брыдкі, заразны кот. Трэба было б яго злавіць і аддаць у гадавальнік для бяздомных і адзінокіх жывёлін. Маўляў, баімся хваробу якую ад яго падчапіць.
Служба сваю справу добра ведае. Як атрымалі ліст, дык на наступны дзень адразу і прыехалі. Барабанадуля дзеля гэтага нават дарогу да дома Фокуса пачысціў сваім трактарам. Убачыў кот праз вакно двух дужых санітараў у белых халатах з вялікімі сачкамі ў руках і здагадаўся, што не з добрым намерам яны да яго з’явіліся. Зачыніў дзверы на засаўку. Агапка ў гэты самы час паснедала і вырашыла пачаставаць смачнымі сырнікамі Фокуса. Як жа яна здзівілася, калі ўбачыла на ганку двух незнаёмцаў.
– Адчыняйце дзверы! Інакш нам давядзецца прымяніць сілу, – пагрозліва папярэдзіў адзін санітар.
– А што здарылася? – пацікавілася дзяўчынка.
– Паступіла інфармацыя ад суседзяў, што ў гэтым доме хаваецца бяздомны кот па мянушцы Фокус, прыдумаў жа сабе мянушку... разносчык хвароб... мы абавязаны яго злавіць ды ізаляваць ад здаровых людзей. Праходзьце міма, – строга сказаў другі санітар.
– Ён не бяздомны. У яго ёсць гаспадыня, – заступілася Агапка.
– І дзе ж яна?
– У бальніцы.
– Ха! А можа, у балеце танцуе? На гэты момант нікога няма. Мы дзейнічаем у адпаведнасці з інструкцыяй. Суседзі паскардзіліся. Адчыняйце зараз жа дзверы! – запатрабаваў першы санітар.
Зразумела Агапка, што санітараў не пераканаць, не дагаварыцца з імі. Пабегла яна ў свой дом, схапіла сарафанчык, які бабуля пашыла для балонкі, і хустачку і вярнулася да Фокусавага дома. Санітары не ведалі, што ў доме на верандзе ёсць дзверы, якія вядуць у сад.
Фокус як убачыў Агапку, дык адразу акрыяў.
– Хуценька апранайся вось у гэта.
– А што гэта?
– Камбінезон. Не губляй часу, апранай.
– Гэта ж сукенка, – запярэчыў Фокус. – Не! Ніколі! Калі дазнаецца пра гэта дзядзька Фокус-Мокус Фрыдрых Фердынанд І, а ён у Еўрасаюзе жыве, на смех падніме. Не дасць мне шэнгенскую візу.
– Апранай, калі жыць хочаш.
– Жыць хачу, – адказаў Фокус і з Агапкавай дапамогай апрануў сарафанчык. Дзяўчынка завязала яму на галаву хустачку.
Санітары ўсё стукалі ў дзверы сваімі моцнымі кулакамі.
– Дзе ў вас дамавая кніга? – хуценька спытала Агапка.
– У шафе, на верхняй паліцы.
Агапка выцягнула дамавую кнігу і ўпісала ў яе нейкае слова.
– Чакаем адну хвіліну. Калі не адчыніце, мы ўзламаем дзверы! – страшылі санітары.
Агапка, захоўваючы спакой, адчыніла дзверы.
Санітары не ўвайшлі, а ўварваліся ў дом. Пры стале сядзеў Фокус і разглядаў малюнкі ў кніжцы.
– Вось ён! – паказаў на Фокуса адзін санітар.
– Вашу дамавую кнігу! – запатрабаваў другі.
– Дзе ў нас дамавая кніга? – спытала ката Агапка.
– У шафе на верхняй паліцы.
Агапка працягнула дамавую кнігу санітарам.
– Та-ак. Тут жывуць... бабуля Міла... а дзе Фокус?
– Я Фокус.
– Што і трэба было даказаць! – спакойна сказаў адзін з санітараў. – Збірайся, мурзаты беспрытульнік, пакуль не позна, а то давядзецца прымяніць сілу.
Кінуўся быў Фокус у адчыненыя дзверы, ды другі санітар адштурхнуў яго ботам на месца.
– І праўда, нейкі шалёны! – здзівіўся санітар.
– Гэта Фокус, але не той Фокус, – сказала Агапка, – вы прачытайце, у дамавой кнізе напісана.
Санітар зноў адкрыў дамавую кнігу.
– Тут жывуць... Бабуля Міла і Ангора Фокус.
– Вось, – пачала Агапка, – Ангора... Яе першае імя. А Фокус гэта так, мянушка. Гэта кошачка, а не кот... Ангора. Ён, яна, яно. Яна кошачка Ангора. Жаночы род. Дык вось жа і сарафанчык новы толькі прыдбалі. Гэта мая кошачка. Вы яе напалохалі і яна схавалася ў доме. А той Фокус тут даўно і не жыве.
– Да, падобна на тое... Прыгожы сарафанчык. А чаго гэта ён – ці яна – збегчы надумалася? – узяло сумненне санітара.
– Дык спалохалася. Выгляд у вас страшны.
Падумаў, падумаў санітар і адказаў:
– Добра. Па дакументах усё супадае. Фокус-Ангора ці Ангора-Фокус. Памылачка здарылася. Прабачце.
І яны паехалі ні з чым.
– А што такое Ангора? – пацікавіўся Фокус.
– Парода такая. Турэцкая, – адказала Агапка.
І на гэты раз не атрымалася ў Барабанадулі зрабіць паскудства.
Фокус вырашыў на ўсялякі выпадак сарафанчык не здымаць. Выйшаў на вуліцу, а насустрач Барабанадуля і Пірат. Убачылі яго ў дзіўнай вопратцы і паднялі на смех.
– Гэй, клоўн. А ну давай выканай нам «Цыганачку». Вочы чорныя, вочы цудныя, эх раз... – блазнуе Пірат.
– Смяецца той, хто смяецца апошнім, – адказаў Фокус, прыгадваючы любімую прыказку сваёй гаспадыні.
Закончыліся канікулы. Пасля свята Раства, якое сустрэлі ля навагодняй ёлкі ў доме Агапкі, дзяўчынка паехала ў сталіцу. А тут бабуля Міла вярнулася з бальніцы. Паздаравела, падужэла і нават памаладзела.
Убачыла Фокуса ў дзіўнай вопратцы і здзівілася:
– Куды гэта ты сабраўся? На конкурс прыгажосці?
– Ды не. Гэта фокус у Фокуса, – адказаў кот і расказаў бабулі Міле пра тое, што адбылося пад Новы год.
Спачатку гаспадыня вельмі засмуцілася, але пасля павесялела і ўхваліла свайго ката, а яшчэ больш Агапку.
– Вось што. Каб надалей не было панадна нікому цябе палохаць, я выпішу і табе пашпарт. Будзеш афіцыйна гаспадаром двара, гарода, саду, адрыны і ўсяго скарбу, – сказала бабуля.
– Згодзен, – узрадаваўся Фокус.
Бабуля Міла дапамагла яму зняць сарафан балонкі. І сталі яны, як і раней, жыць у згодзе, дабро нажываць.
Тут і казцы канец. Фокус наш малайчына, і Агапка не памылілася, калі яго ратавала.
Похожие статьи:
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Дзік
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Папугай Пятруша
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ