Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Георгій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць
Увага!!! Поўны змест
Усяму на зямлі ёсць пачатак і канец. Доўга цягнулася цёплае лета, ды і яно закончылася. Надышла прыгажуня восень. Восень адна да людзей не прыходзіць, у яе ёсць надзейны сябра – дождж. Восеньскі дождж, мяккі, ціхі, ласкавы, дробны, і ён не палохае дзяцей раскатамі грому і яркімі маланкамі на ўсё неба. Сябры: павучок Чарнушка, пчолка Жужа, верабейка Пашка і кацяня Смелы – сабраліся разам пад вялікім лістом Мальвы. Марасіў дробны дожджык, але сябрам было ўтульна і цёпла. У такое надвор’е добра слухаць самыя розныя казкі.
– А чаму дрэвы не спяваюць, а толькі шумяць? – нечакана спытаў у сяброў верабейка.
– Я не ведаю, я больш сябрую з кветкамі, – сказала пчолка Жужа.
– І я не ведаю, – адказаў і павучок.
– Таму, што яны растуць на адным месцы, у школу не ходзяць, песень не ведаюць, – бадзёра адказаў верабейка. Я ўчора лятаў ля школы: о, як хораша спяваюць дзеці. Каб мяне хто навучыў, і я спяваў бы, – больш сумна сказаў верабейка.
– Можа, Мальва ведае, чаму яны не спяваюць? Мальва, чаму дрэвы не спяваюць? – спытала пчолка Жужа ў Мальвы.
І вырашыла Мальва паведаць сябрам казку-быль, якую чула ад сваёй бабулі.
– Пытаеш, чаму дрэвы не спяваюць? Тады ўважліва слухайце, – пачала свой аповед Мальва. – Даўным-даўно жыў-быў на ўзгорку ладны, прыгожы лясок. Людзі нарадавацца не маглі. Сосны раўнюсенькія, тры бярозкі – як дзяўчаты з косамі, два клёны-прыгажуны. Дзіва! І так хораша ў згодзе жылі, што нават песні навучыліся спяваць. Нешта не спадабалася соснам ды бярозкам, што занадта клёны ўвосень прыгожыя. Усё – ім, уся ўвага. Давай ісці да іх у наступ. Клёны бароняцца, кажуць: «Мы ж зімою голыя, непрыгожыя стаім, а вы, сосны ды елкі, зялёныя». Не памагло. Прагналі клёнаў з узгорка. Асірацеў лес, але ж яшчэ жыў. Сонца пачало пячы, вятры дзьмуць. Запратэставалі бярозкі, што яны сабою ахвяруюць, закрываючы ад дарогі, ветру, пылу сосны. Давайце, маўляў, памяняемся месцамі. Не паслухалі сосны бярозак. Калючыя елкі выцеснілі з узгорка бярозкі, засталіся сосны адны і не нарадуюцца. Аж наляцелі вятры, ды такія моцныя, і падалося соснам, што раней такіх вятроў і не было. Вятры былі, але ж калі сцяною стаялі бярозкі, сосны, клёны, не было страшна. Вецер вымятае пясок, агаляе карэнне, гне да долу сосны. Занепакоіліся тыя, давай клікаць на падмогу бярозкі ды клёны, але ж позна, сілы паасобку змагацца не засталося. Быў лясок на ўзгорку, і няма яго. З тых часоў больш песень дрэвы не пяюць, а рыпяць. Калі наляціць вецер, спяшаюцца лісты шэптам перадаць адно аднаму: «Не сварыцеся, не зайздросце, жывіце ў міры».
Уважліва слухалі сябры аповед Мальвы, нават не прыкмецілі, як і дождж заціх. Сябры падзякавалі Мальве за цікавую гісторыю. Самі ж далі адзін аднаму слова: ніколі ў жыцці не сварыцца, шанаваць і берагчы дружбу. Дапамагаць адно аднаму ў бядзе.
Кацяня прапанавала ўсім пайсці да школы і паслухаць новыя песні школьнага хору. Усе згадзіліся і рушылі да школы.
Тут і казцы нашай канец.
Похожие статьи:
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Добрае сэрца
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Дзік
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Як Агапка мальвы ўратавала