Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Георгій Марчук - Папугай Пятруша

Увага!!! Поўны змест

   У дружнай сям’і пілота грамадзянскай авіяцыі Рагачэўскага жыў звычайны маленькі папугай Пятруша, якога купілі на птушыным рынку разам з клеткаю. Падаравалі на дзень нараджэння сваёй дачушцы-пяцікласніцы. Цэлы месяц усе толькі і жылі цікавасцю да гэтай дзіўнай птушачкі. Панугай як бы прыглядаўся да іх сям’і, вывучаў.
   Пятрушу палюбілі. Хіба што жонка лётчыка, прыгожая, нетаропкая ў рухах, пастаянна засяроджаная, трохі яго недалюблівала. Ёй было надта сорамна, калі Пятруша надакучваў гасцям: садзіўся ім на плечы, на галовы, нават лез пацалаваць у нос... Гэтаму яго навучыла гарэзлівая дачка. Тады маці паставіла ўмову – каб пры гасцях Пятрушу ніколі не выпускалі з клеткі, інакш яна яго прадасць альбо аднясе да сябе на працу – там, у мастацкім кабінеце, жыло некалькі папугаяў, якія надакучылі сваім гаспадарам. Каб неяк дагадзіць акуратнай і строгай жанчыне, Пятруша на дзіва вельмі хутка вывучыў некалькі слоў, якія адносіліся да жонкі Рагачэўскага: «Мама харошая, мы любім маму».
   Але ж і гэтым сюрпрызам бедны папугай не прыдбаў для сябе больш ласкі і волі. Усё менш і менш увагі было для Пятрушы і ў пяцікласніцы: то яна рабіла ўрокі (яго адносілі на кухню), то яна бегла ў музычную школу, то спяшалася канцэрт, то ішла з сяброўкаю у басейн. Пятруша заставаўся сам-насам з гаспадыняй. Яна нешта крэмзала на паперы ці садзілася да вязальнай машыны. Ён, каб не было ёй сумна, спрабаваў нават спяваць.
   – Ах, Пятруша, не дакучай. Хачу падумаць у цішы, – мякка прыпыняла папугая гаспадыня.
   Тады ён адказваў:
   – Пятруша харошы, Пятруша харошы.
   – Харошы, харошы, – пагаджалася жанчына, – толькі памаўчы паўгадзіны.
   Лётчыка Рагачэўскага з далёкіх рэйсаў усе чакалі з прытоенай трывогай і хваляваннем. I ўсе былі вельмі рады яго вяртанню, але найбольш радаваўся Пятруша.
   Рагачэўскі без падарункаў дахаты не вяртаўся, ніколі не забываў ён і пра Пятрушу. Папугай не так радаваўся далікатэсам, як мажлівасці нарэшце нацешыцца воляю: бо толькі гаспадар выпускаў Пятрушу з клеткі.
   – Гэта непарадак. Птушка народжана для палёту. Як гэта, у сям’і лётчыка папугай не лётае. Я яго разумею як ніхто.
   Тут Пятруша развесяліўся, бо ведаў, што гаспадар у крыўду не дасць.
   Ён і еў, седзячы ў яго на плячы, разам і віно сухое піў, і каву з адной пасудзіны.
   Жонка крывілася і адганяла папугая ад стала. Ды Пятруша зноў прылятаў.
   – Пятруша харошы, Пятруша харошы.
   Лётчык лагодна ўсміхаўся сваёй добразычлівай усмешкаю, гладзіў папугая па галоўцы і адказваў:
   – Харошы, харошы.
   Пятруша ад радасці лётаў па ўсёй кватэры: з аднаго пакоя ў другі, з кухні ў калідор, з дзвярэй на абажур, з піяніна на шафу, з акна на рогі аленя.
   Але вось аднойчы гаспадыня прынесла з работы маленькага сабачку пудзеля Піку. Іх пазнаёмілі. Піка больш для блізіру ткнуў свой халодны нос у дзюбку папугаю, а сам хутчэй – да гаспадыні. Яна насіла яго на руках, прыгаворваючы: «Піка харошы. Наш Пікуша разумнік, вартаўнік... Піка харошы. Ён будзе бай-бай».
   Усе насіліся з гэтым пудзелем. Нават лётчык, забыўшыся на папугая, бавіў свой час з сабакам. Удваіх з жонкаю выводзілі пудзеля на двор. Пятруша нерухома сядзеў у клетцы і сумна глядзеў у акно, за якім сыпаў густы белы снег. Там, унізе, чорны пудзель качаўся ў пухкім снезе, лётаў як шалёны, высока скакаў.
   Далей яшчэ горш. Піка хутка навучыўся падносіць гаспадару хатнія тапкі, а перад гаспадыняй, стоячы на задніх лапах, кружыўся як перад каралевай. Калі гаспадары спалі, краўся да іх у ложак, скручваўся абаранкам і спаў ля іхніх ног.
   Усё бачыў, усё заўважаў папугай Пятруша. Больш ён не спяваў, бо ніхто яго песняй не цікавіўся. I гаварыць у птушкі ахвота прапала.
   Усе дагаджалі пудзелю. Нават доктара сярод ночы выклікалі, калі ён нечым хварэў. Гаспадыня аж усплакнула ад жалю. Усю ноч прагушкала яго на руках. I гэта бачыў Пятруша. Ён сядзеў, сумна-маўкліва ўцягнуўшы сваю галоўку ў шыю, не еў, не піў, адмаўляўся нават лётаць па кватэры.
   Аднойчы папугай загаварыў:
   – Пятруша благі. Пятруша благі.
   Дачка падала яму вады і супакоіла:
   – Пятруша харошы.
   Але папугай як бы і забыў свае папярэднія словы:
   – Пятруша благі. Пятруша благі.
   – Гэта ён ад радасці. Супакоіцца, не чалавек, – казала маці.
   Слова «благі», даўным-даўно пачутае ад гаспадыні, Пятруша паўтараў увесь вечар.
   Пілот Рагачэўскі ў той зімовы дзень вярнуўся дахаты позна. Вёз ён для Пятрушы смачныя дарункі, але ж спазніўся. Гаспадар знайшоў свайго жоўта-зялёненькага папугая Пятрушу ў клетцы мёртвым.
   Ніхто, калі ён апавядаў гэту сумную гісторыю сваім калегам па рабоце, не хацеў верыць.
   – Птушка ўсё ж, не чалавек. Не магла ад рэўнасці памерці, можа, захварэла, – даказвалі панураму Рагачэўскаму сябры-лётчыкі.
   Ён з імі, аднак, не згаджаўся.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Похожие статьи:

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Дзік

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Як Агапка мальвы ўратавала