Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Георгій Марчук - Мядзведзь

Увага!!! Поўны змест

   Прыйшло зноў лецейка. Выклікалі неяк увечары бабу Кацярыну да тэлефона на пошту.
   – Авой, – напалохалася баба. – Каму гэта я спатрэбілася?
   І колькі было радасці і слёз, калі ў трубцы баба Кацярына пачула бойкі голас унучкі Аксаны. Дзяўчынка радасна крычала, што заўтра прыязджае ў Лісовічы і будзе гасціць аж два месяцы.
   Баба Кацярына пабегла дахаты, не ведала, за што ўзяцца. Хапіла цеста раскочваць пад варэнікі, а тут яшчэ дзед з тэлеграмай на ганак туп-туп. Божачка, Юраська з Ленінграда прыязджае пагасціць таксама заўтра і таксама на два месяцы.
   Усю ноч старыя не спалі, так былі прыемнай навіной узрушаны, што нат сон не браў.
   Прыехалі ўнукі. Падраслі, не пазнаць дзяцей па тых фотакартках, што некалі з лістамі іх бацькі даслалі. Чарнявая з доўгімі косамі, з вялікімі карымі вачыма Аксана і бялюткі, увесь канапаценькі, ну рыхтык Васільчык у маладыя гады, Юраська.
   Неяк саромеючыся, унукі пацалавалі старых у маршчыністыя шчокі і пайшлі знаёміцца перш-наперш з дзедавай жыўнасцю. Каго толькі ў дзеда і бабы не было! І качка Гапа з качанятамі, і куры, і карова Ластаўка, і кошачка, і конь з дзівоснай мянушкай Мадагаскар, і трусы, і каза.
   А ў гародзе, бацюхна мой, шчаўе, кроп, цыбуля з белымі кучомкамі-галоўкамі, маленькія, бы пальчыкі ў Аксаны, гурочкі, памідоры. Хораша. Душа радуецца.
   Качка Гапа адразу прызнала сваякоў. Конь Мадагаскар узяў асцярожна з далоні Юраські кавалачак цукру. Толькі каза збоку паглядае за чужымі ды індычыха Цогала цураецца дзяцей, страшыць іх сваім чырвоным носам.
   – Пойдзем, госцікі дарагія, дранікі есці, – весела і сардэчна запрашае ў хату баба Кацярына.
   – Дай людзям асвоіцца, – кажа дзед Васільчык.
   – Сіла нябесная, шчэ наперадзе два месяцы, нацешацца. А дранікі стынуць.
   – Пойдзем, унукі, – згаджаецца дзед, – а пасля абеду добра адпачніце, бо назаўтра павязу вас у адно цудоўнае месца.
   – На Прыпяць? – пытае Юраська.
   – На сенажаць? – цікавіцца Аксана.
   – Не ўгадалі. На пчальнік. Да пчол у госці. Дзесяць кіламетраў адсюль.
   Смачна паабедалі Юраська з Аксанай дый паснулі хутка. Доўга спалі на мяккай пярыне, стомленыя за дарогу, ад паўдня і ўсю ноч, а раніцай, роснай ды халаднаватай, калі баба Кацярына праводзіла на пашу карову Ластаўку, пабудзіў дзед сваіх дарагіх гасцей.
   – Хто доўга спіць, у таго галава баліць. Гляньце, як сонейка ўстае, над лесам коціцца. Час на пчальнік ехаць.
   Па дарозе Аксана думала пра сваё. Калі бабу Кацярыну прыняла і адразу палюбіла, як сваю маці, то дзеда Васільчыка неяк цуралася. Не такім яго ўяўляла. Малявала свайго дзеда высокім, дужым, з вусамі, як у Чапая, і медалямі на грудзях. А Васільчык і росту невысокага, і сілы не асілкавай, ды яшчэ з чорнай павязкай на адным воку. Як той пірат. Ведала, што вока ў дзеда забрала вайна, а ўсё ніяк не магла прывыкнуць. Баялася нават, што гэтага жывога, аднавокага рухавага дзядка ніколі не зможа палюбіць. Мо з таго і сумна сядзелася ёй на возе. Юраська дык той прыняў дзеда і бабу і адразу да іх душою прыгарнуўся. Дзед яму нагадваў палкаводца Кутузава. Васільчык перадаў унуку лейцы, навучыў кемлівага хлопчыка, як правіць канём. Мадагаскар – конік хоць стараваты, а з розуму шчэ не выйшаў, адчуў па лейцах, што кіруе ім унук Васільчыкаў, і задаволена захроп, прабег некалькі метраў рыссю.
   Вось і пчальнік. Здалёк відаць сінія, жоўтыя, чырвоныя вуллі. Збоку вялізнае поле грэчкі.
   Раптам Мадагаскар прыпыніўся, замёр як укопаны.
   – Но-о, пайшоў, – паганяе злёгку пугай каня Васільчык.
   – Но-о-о! – галасіста паўтарае Юраська.
   Нарэшце Мадагаскар рушыў уперад так асцярожна, быццам нешта прадчуваючы. Паціху пад’ехалі бліжэй. Першай цікавае ўгледзела Аксана, ускочыла на возе і давай крычаць:
   – Дзядуля, дзядуля! Мядзведзь!
   Звер пачуў людзей і ходу з усіх ног у лес, як і належыць злодзею, які без дазволу ўлез у чужы агарод. Толькі ў бінокль, які падарыў яму бацька, Юраська паспеў згледзець здаравенную спіну і таўшчэзныя лапы з кіпцюрамі.
   Дагнаў іх на кані Піліп. Пытае пра злодзея і бяжыць да сваіх вулляў, якія стаяць на асобнай дзялянцы. Да яго вулляў мядзведзь не дайшоў. Піліп супакоіўся, спачувае дзеду Васільчыку.
   – Павадзіўся, халера, не адстўпіцца ўжо, – павучае Піліп, хоць мядзведзь не надта многа і паспеў нашкодзіць. – Уначы вартаваць трэба. Бяры купляй стрэльбу, Васільчык, ды начуй у засадзе.
   У дзеда Васільчыка ніколі стрэльбы не было.
   – Ды як ты такое можаш раіць, Піліп? – узрываецца дзед Васільчык. – Гэта ж радасць, што мядзведзь у нашых месцах аб’явіўся. А ты – забі. Даўно я не бачыў мядзведзя, хіба толькі ў дзяцінстве. Колькі іх на Беларусі? Каля ста, у газеце чытаў. А ў нас на Гарыні адзін мо. Радавацца трэба.
   – Вось ты і радуйся. А калі мае вуллі кране, не пагляджу, што ліцэнзіі на адстрэл няма, заб’ю, – упарта і рашуча адказвае Піліп.
   – А я на цябе ў суд падам! – страшыць дзед Васільчык Піліпа.
   – Сведак не будзе, – пасмейваецца ў адказ Піліп.
   – Я за сведку буду.
   На тым і разышліся.
   – Дзеду, вазьмі і мяне ў сведкі, – просіць Юраська.
   – І мяне, дзядуля, – далучаецца Аксана.
   – Дзякую, мае любыя ўнукі. Піліп баязлівец, толькі страшыць знарок, каб яго, героя, маўляў, усе баяліся. Мядзведзь не дурань. У Піліпа і пчолы пустыя. Мёду мала. Наш смачнейшы.
   Да абеду правілі пчальнік, агледзелі кожны вулей, наводзілі парадак. За работай забыліся і пра мядзведзя. Юраська, праўда, неўпрыкмет прыкладваў бінокль да вачэй і аглядаў наваколле: ліпы, арэшнік, дубовы гай. Спадзяваўся ўбачыць звера, бо было такое пачуццё, што мядзведзь недзе добра схаваўся і сочыць за імі. Вярталіся дадому хоць трохі і стомленыя, але ж прыемна ўзрушаныя: не кожнаму шанцуе ў першую паездку да лесу напаткаць мядзведзя. Баба Кацярына, як толькі прачула пра сустрэчу са зверам, накінулася на старога, сварылася і цвёрда абяцала болей унукаў на пчальнік не пускаць.
   Юраська з Аксанай бавілі дні з цікавасцю і весялосцю, ды, аднак, жылі надзеяй на новую сустрэчу з мядзведзем. Баба Кацярына пільнавала сваіх унукаў, як кура куранят, не пускала на пчальнік, а сустрэча з мядзведзем здарылася там, дзе яе аніяк ніхто не чакаў.
   Зазвінелі расой травы, вось-вось ніцма гатовы ўпасці. Тут час марнаваць нельга. На роўных лугах калгасныя касілкі хуценька ўправіліся, а на кустоўі, на беражках канавак ды рачулак надзейная царыца – каса сялянская.
   Дзень абяцаў быць спякотным, на гэта паказваў цёплы ранак. Спраўна, ладна ідуць групкі касцоў. Шах касой – крок, шах касой – зноў крок. Хацелася Юраську быць бліжэй ля дзеда, ды баба Кацярына не пусціла, каб не паранілі касой. Аксана ля бабы.
   Траву зграбаюць. Папілі. Хто смачнага самаробнага квасу, хто малачка, і зноў за работу ўзяліся дружна, з песняй. Раптам каля лесу загаласіла жанчына з такой сілаю, што калі б тут стаялі хаты, дык мо шкло ў вокнах пасыпалася б.
   – Ра-туйця! Мядзведзь! Людзенькі, ра-туйця!
   Ад нечаканасці ўсе бабы пакідалі граблі, мужыкі косы і ходу.
   – Ай-вой, уцякайма! Ай-ёй! – панеслася над стажкамі.
   Мядзведзь ішоў да людзей на задніх лапах, бы ў цырку. Разважна так, павольна, ні за кім не збіраўся бегчы. Затрымаўся ля капы, нібы падумаў: «Эх, людзі, людзі... Куды ж вы ўцякаеце? Пачакайце. Эх... Відаць, не так трэба было. Мо спачатку голас падаць лепш». Пакружыў так у разгубленасці і патупаў у лес. Памалу людзі вярнуліся на свае месцы, пачалі зноў касіць, праўда, ужо няспешна, з аглядкай. Цяпер выбраў мядзведзь дзеда Васільчыка. Невядома, чаму менавіта яго. Ці то пазнаў у ім пчаляра, а мо сэрца так падказала, і рушыў з лесу напрасткі да дзеда. Зноў бабы ў крык, а Кацярына дык загарлапаніла, як параход на Гарыні.
   – А божачка, а людцы! Чалавека майго ратуйце! Не падыходзь, Васільчык, уцякай, дурная твая галава, – камандавала здалёк Кацярына.
   Піліп схапіў сваю дубальтоўку, пабег ратаваць Васільчыка.
   – Не забівай, не забівай мядзведзя, – закрычаў Юраська.
   Васільчык азірнуўся на крык, падбег да Піліпа і адвёў стрэльбу ўбок.
   – Не руш! Мядзведзь нешта просіць у людзей. Ратунку шукае, ці ж не бачыш? Лапу выстаўляе. Бач, вочы моляць аб дапамозе.
   І сапраўды, нічога звярынага ў позірку і паводзінах мядзведзя не было.
   – Я падыду да яго.
   – Мне што, ідзі. Я на прыцэл вазьму. Чорт яго ведае, а калі ён шалёны? – Піліпу карцела стрэліць.
   – Няхай так. Толькі без маёй каманды не страляй, – згадзіўся Васільчык і асцярожна пайшоў да мядзведзя. Кацярына ў адчаі закрыла далонямі вочы. Мядзведзь паводзіў сябе вельмі міралюбіва і, як падалося дзеду Васільчыку, нават узрадаваўся, што чалавек падыходзіў да яго так блізка.
   Мядзведзь высунуў наперад абедзве лапы і ступіў крок наперад. За метр ад звера Васільчык угледзеў на тыльным баку лапы вялізную стрэмку і ўсё зразумеў. Звер шукаў ратунку ў людзей. Васільчык не марудзіў, спрытна выцягнуў указальным і вялікім пальцамі стрэмку і хутка адскочыў убок, не рызыкаваў. Мядзведзь спачатку рыкнуў, потым залізаў лапу і падаўся да лесу.
   Не менш за бабу Кацярыну перажывалі за дзеда і ўнукі. Калі Юраська крыху менш хваляваўся за свайго «Кутузава», дык сэрца Аксаны трапятала, як верабей у руцэ. Сёння сваім дзедам яна ганарылася і любіла яго. Толькі і гаворкі было назаўтра, як дзед Васільчык мядзведзя ратаваў. «Чакай, браце Васільчык, калоду мёду ў падарунак», – жартавалі мужыкі.
   Вясковыя дзеці зноў прасілі Юраську: «Раскажы, раскажы. Як там усё было?» Юраська расказваў з вялікай ахвотаю. Дзед Васільчык, наадварот: аднекваўся, махаў рукой, маўляў, не варта тое ўспамінаць. Паехалі на пчальнік. Цяпер Юраська паганяў Мадагаскара. І дзеду, і Аксане, і яму хацелася чым хутчэй даехаць і напаткаць мядзведзя. Свайго мядзведзя.
   Абышлі, агледзелі кожны вулей – аніякіх слядоў звера нідзе не відно.
   – Усё, болей не прыйдзе. Навошта ж яму шкодзіць ратаванцу свайму... Што ён, дурань, ці што? – з дарослай сур’ёзнасцю казаў Юраська.
   – А чаму, дзядуля, мядзведзі так мёд любяць? – пацікавілася Аксана.
   Дзед Васільчык крыху задумаўся, маршчыны збегліся ля вачэй і на лбе, і адказаў:
   – Думаю, так заведзена самой маці-прыродай. Мядзведзю дадзена нарадзіцца добрым. Корміцца ён з лесу: дзе ягаду знойдзе, дзе маліннік абчысціць, дзе рыбкай з рэчкі закусіць, і тым шчасліва жыве. А ён жа вялізны, дужы. Бачылі, пад два метры вымахаў. Каб не забіваць іншых, як воўк ці ліса, шмат вытрымкі трэба мець. Вось ён раз ці два на год і падсалоджвае сваю натуру мёдам, каб, значыцца, утрымаць дабро і незласлівасць у сэрцы.
   – Шкада, што мы тады перашкодзілі яму. Няхай бы паеў, – з нейкім сумам вымавіла Аксана.
   – У мяне ідэя! Давайце нальём у місачку мёду і пакінем яму. Мо ён нас саромеецца? – сказаў Юраська.
   – Давайце! – падтрымаў дзед.
   Так і зрабілі. Назаўтра, наспех паснедаўшы, на здзіўленне бабы Кацярыны, запрэглі Мадагаскара і панесліся на пчальнік.
   Місачка з мёдам стаяла некранутая.
   – Не іначай падаўся ў прыпяцкія лясы. Што яму ў нашым, рэдзенькім, як сіта, – адзначыў дзед Васільчык.
   Мінула тры дні. За гэты час Юраська і Аксана паспелі пабываць з бабай Кацярынай на кірмашы ў раённым гарадку Століне, навучыліся вудзіць рыбу і хадзілі з вясковымі піянерамі, якія жылі ў школьным лагеры, у вёсачку Альпень, на другі бок Гарыні, на старадаўні цагельны завод з экскурсіяй. Усюды было надта цікава. А ў думках не-не ды зноў вярталіся на пчальнік. Як там місачка з мёдам? Дзеда доўга ўгаворваць не трэба было. Прыдумаў Кацярыне нейкую зачэпку, каб адгаварыцца, і паехалі. Пагналі. Толькі вецер кудлачыў валасы.
   Колькі ж было нечаканага здзіўлення і радасці, калі, пад’язджаючы, убачылі двух медзведзянят, якія забаўляліся з пустой міскай.
   – Блізка пад’язджаць не будзем. Маці мядзведзіца недзе недалёка і сочыць за дзецьмі, – сказаў дзед.
   Можна было і не пад’язджаць. Адсюль, з невялікай горкі, усе гульні малых было відаць як на далоні. От пацеха! Перакуліцца адзін – другі забіяка на яго скочыць, давай валтузіцца. А то яшчэ ўзніме абедзвюма лапамі міску да лба, а другі цягнецца, адабраць хоча. Нават і тады малыя не супакоіліся, калі з лесу выйшла маці мядзведзіца.
   – Наша, наша, – упэўнена ўскрыкнуў Юраська, перадаючы бінокль Аксане, – ліжа параненую лапу.
   Мядзведзіца падбегла да дзяцей, для парадку дыбанула лапай па шыі адное, другое, нібы строга папярэдзіла: «Хопіць дурыцца. Вуллі перакуліце, нягоднікі, марш у лес».
   Маці ўгледзела на гары Мадагаскара, дзеда, Юраську і Аксану. І таму на ўсялякі выпадак прыспешвала дзяцей пакінуць пчальнік. Не толькі таму, што баялася людзей. Думала, мусіць, так: «Наеліся мёду, і годзе». Пагнала непаслухмяных медзведзянят да лесу і, як бы развітваючыся, стала на заднія лапы, узняла пярэднія ўгору і памахала некалькі разоў галавою.
   Болей медзведзянят ніхто не бачыў. Пайшлі, відаць, у прыпяцкія лясы. Казаў неяк дзеду знаёмы бакеншчык, а ён далёка плавае, што мядзведзіцу з двума малымі страчалі аж пад Пінскам. Відаць, сама мядзведзіца вырашыла болей да дзеда на пчальнік не наведвацца. Па-першае, наталіліся слодыччу. Па-другое, Піліп з дубальтоўкай – не мінуць бяды. Жыццё ў малых медзведзянят толькі ж пачынаецца, а яно, жыццё, такое прыгожае і такое цікавае на новыя знаёмствы, проста о-го-го, шчэ смачнейшае за мёд.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНеспадзяваная сустрэча

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Былі ў мяне мядзведзі

Пераказы, дыктантыСмаргонская мядзведжая акадэмія

Пераказы, дыктантыМядзведзь

Пераказы, дыктантыВось якія «мішкі»