Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Георгій Марчук - Кошачка Дымка

Увага!!! Поўны змест

   У суседа Піліпа Барабанадулі, звычайна панурага, зрэдку насцярожана маўклівага зроду не вадзіліся каты. Не любіў. Лічыў, што ад кошкі няма карысці. Іншая справа сабака. Сабаку меў. да дурноты злога. І зваў яго, на чужы манер, куцым словам Аро. Сядзеў Аро у Піліпа на доўгім і тоўстым ланцугу. Гаспадар адпускаў сабаку на волю ў суровыя зімовыя вечары. Астатні час Аро як шалёны насіўся па двары, агародзе, садзе. Брахаў на сваіх, кідаўся на чужых, давіў, кусаў курэй, качак, катоў, вераб’ёў. Піліп вельмі ганарыўся сваім Аро. Бывала, знарок паставіць яго будку на вялізную калоду, каб сабаку было добра бачна над плотам. Тады Аро аж заходзіўся ад брэху. Не падыходзь, не праходзь міма Піліпавай хаты.
   Здавалася тады Юраську і Аксане, што дзве невялічкія чорныя плямы над вачыма ў злога сабакі і тыя былі нейкімі нядобрымі. Аро і дзяцей ненавідзеў люта. Але ж і тыя, трэба сказаць, не міналі дубовыя вароты, каб не падражніць пільнага вартаўніка. Моцна стукалі палкамі па варотах. Аро ад лютасці рваў ланцуг, кіпцюрамі калашмаціў зямлю і скакаў на вароты. Хоць ведалі дзеці, што сабака надзейна прывязаны, але ўцякалі ад Аро з усіх ног.
   Улетку склаў Піліп новую вялікую хату. Прыйшоў час пераязджаць у новае жытло. А Піліп усё муляўся, аднекваўся, адкладваў па невядомай нікому прычыне пераезд. Баба Кацярына неяк угледзела, як Піліп безнадзейна намагаўся злавіць ля вясковай сталоўкі дзікага ката. Увечары, за вячэрай, дзед наварыў смачнага супу з уюном, разгаварыліся. Вось тады дзед Васільчык і расказаў унукам чаму Піліп не перабіраецца ў новую хату і навошта ён лавіў ката. У славянскіх народаў ёсць такі старадаўні звычай: калі пераязджаеш у новую хату, абавязкова павінен напачатку перад сабой пусціць кошку. Яшчэ лепей, каб адну ноч тая кошка пераначавала адна ў хаце. Так павялося здаўна. Не намі прыдумана. Мо забабоны, мо павер’е. Продкі нашы з гэтага пачыналі жыццё ў новай хаціне, выконваем іх запавет і мы. Нічога ў гэтым кепскага нямашака. Так казаў дзед Васільчык:
   – Мо нешта старыя людзі ведалі, прыкмету нейкую, а мы забыліся. Кажуць, нават ёсць спецыяльны дзень, калі трэба садзіць агуркі. Толькі дзень той ужо ніхто не помніць. А шкада. Бо за разумнай галавой і рукам лёгка. Бач, от Піліпа хоць узяць. Дзікуном жыве, як гаворыцца, вышэй столі яго нічога не цікавіць, а без ката не хоча ўваходзіць у хату.
   – А як ён без ката ў хаце жыве? Хіба мышэй не баіцца? – запытала Аксана.
   – А ён, Піліп, мышэй труціць мыш’яком. Атрута такая. Не давярае цяперашнім катам, кажа, што лянуюцца, бо сытыя.
   Мінула яшчэ дні тры. Настырны Піліп казалі круціўся на таку, там шукаў дзікіх катоў. Ды і на гэты раз не пашанцавала. Тут пачаліся ліпеньскія дажджы, ціхія, доўгія ды шчодрыя. Начаваць у дзіравай адрыне Піліпу стала зусім нязручна. Вось тады, назбіраўшы паданак унукам Кацярыны, прыйшоў Піліп да дзеда Васільчыка прасіць ката. Жыла ў дзеда Васільчыка і бабы Кацярыны кошачка Дымка. Чаму мела такую мянушку? Таму што была шэрстка ў яе пушыстая, мяккая, светла-шэрая, бы дым ці туман ранішні. І нораў Дымка мела мяккі, лагодны, чуллівы. З унукамі пасябравала. Аксана прыгнецца, каб завязаць шнурок, а Дымка ёй скок на плячо. Нясі яе на плячы куды хочаш, будзе сядзець, пакуль не надакучыць. Умела Дымка і рыбу лавіць. Кожны вечар, як пастух, бегла кошачка сустракаць з пашы карову Ластаўку, потым прыводзіла да хлява сваіх кацянят, і ўсе разам чакалі свежае цёпленькае малачко.
   Аксана прывяжа, бывала, да нітачкі кавалачак скручанай паперы і цягне па зямлі. Малыя кацяняты лётаюць за «мышкай» з паперы, намагаюцца спаймаць, а Дымка збоку назірае. Доўга так, пільна, ды раптам скок – і папера ў яе кіпцюрыках. А неяк прыцягнула ўсё сваё сямейства да Аксаны на ложак і ўтульна прымасцілася на цёплай коўдры, у нагах дзяўчынкі. Баба Кацярына ўзняла гвалт, насварылася і выкінула ўсіх катоў праз акно. Пабеглі каты хавацца пад ганак, у свой прытулак, і нерухома сядзелі там добрую гадзіну. Чакалі. Бо і гэта не бяда. «Пройдзе злосць з бабы Кацярыны. Будзе ладзіцца ўсё, – думала Дымка, вось толькі што трэба на нашым двары гаспадару ненавіснага Аро Піліпу Барабанадулі?» Вырашыла на ўсякі выпадак кацянят з-пад ганка не выводзіць.
   Піліп жа прасіў у дзеда Васільчыка Дымку. Дзед прапанаваў замест кошачкі адно кацяня.
   – Бяры. Гадуй... Няхай жыве ў новай хаце. Але ж Піліп катоў не любіў, давай зноў прасіць Дымку.
   – На адну толькі ноч. Пусцім у хату, пераначуе, а ранкам забірай сваё багацце.
   Дзед Васільчык доўга не згаджаўся. Баба Кацярына сваё слова сказала: «Няхай бярэ. Што ж рабіць, нягожа чалавеку адмаўляць, калі ён просіць».
   – Але ж Дымка – кошачка ганарлівая. Яна не любіць, калі нешта супраць яе волі, – спрабаваў пярэчыць дзед Васільчык.
   – О-ге, буду яшчэ да яе гонару прыглядацца. Турбот у мяне болей няма. Што яе, катаваць будуць ці ў космас запусцяць? – сарамаціла дзеда баба Кацярына. – Унукаў пасаромейся. Шчэ падумаюць, што дзед у іх скнара нейкі. Авой, смяхоцце, кошкі ўжо шкадуе.
   Васільчык пасля слоў такіх памякчэў, глянуў на Аксану.
   «Дымка не малая. Усё зразумее. Хвалявацца не трэба», – адказаў за Аксану яе спакойны погляд.
   – Бяры, – коратка адказаў дзед Васільчык.
   Задаволены Піліп пачаў гучна клікаць кошачку: «Ксс-ксы, кс-с». Дарма. Нават заманьваў кавалачкам сала.
   Дымка з-пад ганка не вылазіла, як толькі яе не прасілі. Тады хітры Піліп папрасіў Аксану. Ён ведаў, дзяўчынку Дымка паслухае. Аксана клікнула раз, другі кошачку, і тая паволі так, асцярожнымі крокамі падышла да ног сваёй сяброўкі. Дзед Васільчык толькі таго і чакаў, узяў кошачку і перадаў з рук у рукі Піліпу. Вось тут і закалацілася сэрца Дымкі.
   «Што ж гэта дзеецца, – падумала з жахам яна, апынуўшыся ў моцных шурпатых далонях Піліпа, – няўжо дзед Васільчык пакідае для сябе кацянят, а мяне аддае дажываць век у Піліпа?»
   На нейкі момант Дымка ўявіла сваё жыццё там, за высокім шчыльным плотам, без качкі Гапы, без каровы Ластаўкі, без сваіх дзетак, і душа яе знямела ад цяжкага, як воз, гора.
   Дымка не разумела чалавечай мовы і таму не магла ведаць, што яе пазычаюць Піліпу ўсяго толькі на адну ноч.
   «А гэты жудасны і шалёны сабака Аро? – думала кошачка з яшчэ большым жахам. – Ці ж магчыма з ім сябраваць? А плот з колкім дротам? Не, ёй такой турмы не вытрымаць. Няхай там, як хваліцца звычайна Аро, і сытна, і цёпла, і госці не прыходзяць, не хачу такога раю. Лепш збегчы ў лес, на калгасны двор, лепш утапіцца, чым жыці без волі, без сяброў, без роднага кута».
   Не паспеў Барабанадуля дайсці да форткі, як спрытная Дымка балюча драпнула Піліпа за руку і скочыла на зямлю. Ніхто не кінуўся лавіць кошачку. Не паспела і вока зажмурыцца, як Дымка дала дзёру пад ганак. Што рабіць? Давай Піліп зноў прасіць Аксану. Дастаў з кішэні цукерку, частуе. Задобрыць хоча. Нахілілася да ганка Аксана, ласкава так паклікала:
   – Дымка, Дымка... Гэта я, Аксана. Хадзі да нас. Не пужайся. Цябе ніхто і ніколі Піліпу не аддасць. Ну, хадзі сюды, гэта я, чуеш, я.
   Дымка верыла Аксане. Пайшла да яе на рукі смела. Цяпер ад Піліпа было цяжка ўцячы. Паднёс вялізную торбу. Пагладзіла Аксана Дымку па галоўцы і адпусціла ў мех. Прыціхла кошачка. Не падзякаваўшы нават, пашыбаваў Піліп да сябе на двор, пазачыняў усе вокны, выпусціў Дымку ў пакой і замкнуў новую хату. Няхай чакае раніцы. Дымка забілася ў куточак, засмуткавала. Свет Божы быў ёй нямілы.
   «Значыць, усё ж такі аддалі мяне Піліпу, – падумала яна са слязьмі на вачах, – вось толькі за што мне здзек такі? Сала не крала, мышэй ды пацукоў яшчэ спрытна лавіла, посуд не біла».
   Тут яна ўспомніла пра сваіх маленькіх сіротак. Не. Што б там ні здарылася, а дзетак яна не пакіне. Памалу закацілася цёплае сонейка, прыйшла цёмная ночка. У пустой хаце зрабілася яшчэ больш жахліва. Нехта злым вокам зірнуў у шыбу. Гэта быў Аро. Піліп загадаў яму пільнаваць Дымку. Але дарма. Хітрая кошачка знайшла лаз. Скочыла на прыпечак і па коміне выбралася на страху. Пра адно толькі і памятала: «Трэба пакарміць дзетак, трэба».
   Доўга шнырыць не прыйшлося. Ля плота ў ламаччы нешта заварушылася. Сіганула куляй туды і выцягнула вялізнага шэрага пацука. Выбіраць не прыходзілася. Мо мышка была б і смачней, але марудзіць няма часу, трэба цягнуць да Васільчыка пацука. Аро спаў, дрыгаючы заднімі лапамі. І ў сне яму бачылася, што ён некага даганяе.
   Дымка дзетак сваіх пад ганкам не знайшла. Ноч выдалася халодная, і таму Аксана забрала кацянят у хату. Ледзь днела. Неба ўжо скінула чорную коўдру ночы і выціралася светла-шэрай прасціной ранку. Дымка, абнюхаўшы ганак, дзверы, учула, што кацяняты ў хаце. І вырашыла, каб не марудзіць, занесці пацука праз фортку ў акне. Бо думкі былі нязменныя: «Трэба накарміць кацянят». Тым часам Кацярына шчэ спала, і сон з неахвотай пакідаў бабу, як пакідае лайдак цёплую пасцель. Баба Кацярына прачнулася, але ж вочы яшчэ не адкрыла. Праз сон пачулася ёй нейкае шкрабанне па акне. Баба Кацярына адкрыла адно вока, другое ды так уся і збялела ад жаху. Давай на ўсё горла крычаць і штурхаць Дзеда Васільчыка:
   – Ай-вой! Ратуйце! Ратуйце! Сатана, сатана жыўцом у фортку лезе. Прачніся ты, стары гаршчок, годзе спаць!
   Пацук быў такі вялізны, што за ім баба Кацярына не ўгледзела і Дымку. Кошачка, пачуўшы лямант бабы, уцякла, пакінуўшы пацука ў фортцы.
   – Што здарылася? Дзе? Хто? Які злодзей? – падхапіўся дзед Васільчык.
   Баба Кацярына ўся знямела, толькі пальцам паказвала на пацука. Дзед Васільчык за галаву ўзяўся, вачам сваім не верыць. Колькі на сваім вяку ўсяго бачыў, але ж каб пацук лез у фортку? Толькі закапалі пацука, як Юраська ўгледзеў на ганку задушаную мыш. Гэта Дымка на ўсялякі выпадак прынесла сваім малым на сняданне яшчэ і мыш.
   Дзед Васільчык зразумеў, чыя гэта работа. Супакойваў бабу Кацярыну. А яна нічога да веры не брала і загадала ложак перанесці ў другі пакой.
   Дзед Васільчык хваліў вынаходлівасць Дымкі ды пасмейваўся з бабы Кацярыны.
   – А што, Аксаначка, ці ж не разумніца наша Дымка? – пытаў дзед.
   – Разумніца, дзядуля. Пойдзем забярэм яе дахаты.
   З цяжкімі, невясёлымі думкамі сядзела ў новай хаце Піліпа і Дымка. Жыццё яе не вабіла, і свет Божы быў нямілы. Прыйшоў Піліп, цыркнуў на кошку, кінуў у яе бок старую шапку, маўляў, уцякай адсюль, няма чаго табе больш тут сядзець. Дымка выскачыла на двор, а тут Аро зубы шчэрыць. Добра, што дзверы ў адрыне былі адчынены. Туды і схавалася, а потым пабегла на калгасны двор.
   Дымку паклікалі. Спачатку дзед Васільчык, а потым і Аксана з Юраськам. Папыталі ў Піліпа. Той адказаў, што кошачка некуды збегла і што яму аніяк не патрэбна.
   «Я мышэй мыш’яком тручу. Мо да вас пабегла, пашукайце ў гародзе». Доўга шукалі ўстрывожаныя дзед Васільчык з унукамі Дымку, ды так і не знайшлі. Некалькі дзён Дымка жыла на калгасным двары. Схуднела, аблезла ўся, аднак да дзеда Васільчыка не хацела вяртацца. Не змагла змірыцца і дараваць ім, што аддалі яе Піліпу. Здраду не магла дараваць. Доўгі час Дымка нічога не ела. Дрэнна сябе адчувала. Страшная атрута, якою знішчаў пацукоў і мышэй Піліп, згубіла і яе маленькую істоту. Кошачка з’ела атручаную мыш. Хвароба забірала ў яе апошнія сілы. Казалі, нехта бачыў кошачку аж ля лесу, на лузе. Відаць, Дымка там шукала гаючыя травы, апошні свой ратунак. Некалькі дзён хадзіла па вёсцы Аксана, усё шукала і клікала сваю сяброўку Дымку. Не хацела верыць, што Дымка загінула, і, не знайшоўшы кошачкі, доўга, не засынаючы, ціха плакала ў ложку.
   «Чаму, чаму яна згадзілася тады пазычыць Дымку суседу? Чаму? Не. Ніколі не даруе сабе такі неразумны і бяздушны ўчынак».
   Ішоў час. Падраслі кацяняты. Адну кошачку, гуллівую і кемлівую, як маці, так і назвалі Дымка.

Похожие статьи:

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Дзік

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Папугай Пятруша

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца