Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Георгій Марчук - Конь Мадагаскар

Увага!!! Поўны змест

   Спалі госці ў адрыне, на сенавале. Хораша так пахла свежым сенам, канюшынай. Прыемны пах ішоў ад травы мяты, якую баба Кацярына навязала пучкамі пад столлю. Унукі звычайна перад сном прасілі дзеда Васільчыка паведаць якую-небудзь дзіўна-казачную гісторыю. Дзед аднекваўся. Маўляў, усё, што ведаў, ужо ім расказаў. Тады Юраська знарок прыдумляў пакручастае пытанне, напрыклад: «Чаму певень свяшчэнніка Нікадзіма кульгае?» – і дзеду нічога не заставалася, як нешта адказваць унукам. Сёння яшчэ не паспелі накінуць на сябе коўдру з маленькіх каляровых лапічкаў, як Аксана запытала:
   – А чаму, дзіду, Ляды называюцца Лядамі?
   Дзед Васільчык хітравата ўсміхнуўся ў вусы і распачаў гаворку.
   – Даўно гэта было. Адразу пасля заснавання горада Турава. Аднаму князю Давыду спадабалася Гарынь. Нехта гаворыць, што не так ўсё, маўляў, багаты Давыд пасварыўся з валынскім братам сваім. Адным словам, заснаваў тут, у нялюдных мясцінах, дзе дзічыны паўнютка было, гарадок, селішча, а на Царкоўнай Гары ў Давыд-Гарадку збудаваў замак. Вялікі ды прыгожы. Вышэй па Гарыні два браты і дружыны Давыда атрымалі за храбрую службу хутар у пяць моргаў зямлі.
   Паставілі браты сабе хаціну дый зажылі, падвозячы да стала Давыда свежую рыбу, ягады, грыбы. Адзін з братоў, старэйшы, прыахвоціўся ўсё з замка князя дамоў цягнуць. Па-нашаму, проста краў. Далез да казны і патроху трос яе, ды ўсё сабе. Разбагацеў. Прагнаў малодшага брата жыць у Рыгу, калі той адмовіўся красці разам. «А на які ляд мне ўсё гэта?»
   Да пары, кажуць, жбан ваду носіць. Злавілі злодзея. Пакаралі суровай карай, а малодшага да князя прывялі...
   – За тваю чэснасць, – кажа князь, – прапаную табе кіраваць маёю казною, уладу даю.
   А малодшы і адказвае:
   – На які ляд мне ўлада, казна. Я задаволены тым, што маю. Адпусці мяне на хутар, княжа. Дзяцей гадаваць, зямлю араць.
   Ён тады ўжо ажаніўшыся быў. Змірыўся князь, адпусціў. Малодшы і надалей вёз з хутара рыбу, грыбы, ягады. Вось з тых часоў і клікалі: «На які ляд грыбы прывёз». Стуль і пайшлі нашы Ляды. Век мінае, На дзесяць хат вёска большае. Гэта цяпер месяц-два – і новая хата гатова. Раней дзеці з бацькамі доўга жылі, бывала, усё жыццё. Поўна у хаце было люду. Хаты будавалі ўздоўж Гарыні. Бліжэй да лесу. Лесу таго старадаўняга не засталося. Войны папалілі. Так людзі старыя казалі. Давайце спаці. Паслухалі, і годзе.
   – Не ахвота. Яшчэ пра што раскажы, дзеду, – запратэставаў Юраська.
   – Далібог, не ведаю, пра што і казаць. Тэлевізар раніцай уключыце... Мульцік будзе, – аднекваўся стомлены за дзень дзед.
   – Надакучыла. Калі ні ўключыш, усё пра нейкіх там чужых папугаяў ды малпаў... О, успомніў: чаму нашага коніка Мадагаскар клічуць? – знайшоўся Юраська.
   – А... ну, гэта кароткая гісторыя. Так і быць, раскажу. Усё бацька твой, Юраська, прыдумаў. Вывучыўся ён тады на марака. Доўга ў родны кут не прыязджаў. Нарэшце прыляцеў. У марской форме, як і належыць. Уся вёска хадуном захадзіла. Кожны да сябе ў госці клікаў. Адным словам, вёска ганарылася тваім бацькам. Ваенны марак, браце, велізарная павага. Што ні скажа, што ні прапануе, усё да яго паслуг. Быў у маёй старой кабылкі жарабец. Далі мне, ета, на пасеку. Конік маленькі, імя меў, як мае быць. Буян, здаецца. Трэба ж улезці і сюды твайму бацьку. Кажа на людзях: «Жарабец наш, бацька, масці ярка-чырвонай, нагадвае мне востраў Мадагаскар, каля Афрыкі кантынента ў Індыйскім акіяне». У нас толькі пусці што з языка. Паляцела, панеслася: «Мадагаскар». «Хадзі сюды, Мадагаскар, пі ваду». Я да чужога слова доўга прывыкнуць не мог. А ён халера бураковая, на іншае не адгукаецца. Так бацька твой і перахрысціў на Мадагаскара. Конік хоць і стары, а працавіты, спакойны і добры.
   – Цукар любіць? – амаль засынаючы спытаў Юраська.
   – А хто ж салодкае не любіць? Толькі падсунь.
   Сыпнуў дождж. Нечакана так, без ветрыку і маланкі падкраўся да вёскі Ляды. Напачатку дражніўся. Забарабаніць па шыферы, змоўкне. А потым ліў доўга, шчодра, але ціха, быццам ахоўваючы сон стомленых цяжкай сялянскай працай людзей.
   У такі час вельмі моцны сон ахутвае чалавека, спіш, як любіць казаць дзед Васільчык, без задніх ног. Часта такой ноччу ў сны прыходзяць даўно памерлыя прадзеды. А яшчэ ў такую ноч любіць выходзіць на сваю чорную работу злодзей. Здарылася так, што завітаў ён і ў Ляды.
   Прыязджалі ў вёску сена касіць ды сіласныя ямы люцэрнай набіваць студэнты з горада. Здалёк, аж з Пінска. Састарэла з часам вёска Ляды. Моладзь яе разбеглася па свеце, а слабым старым людзям цяжка без дапамогі араць зямлю, сеяць жыта, касіць траву, даіць кароў, жаць авёс, збіраць капусту, карміць свіней, малаціць жыта, даглядаць цялушак, лавіць рыбу, і так штодня, штомесяц. Жылі тыя студэнты ў старой школе. Асобна так ад людзей, нялюдка. Быццам крыўдавалі на вёску, чаму гэта яна іх клікнула на дапамогу. Здарылася ўсё пасля палудня. Час, калі вёска замірае. Усе яшчэ на лузе, полі, на фермах. Шлях бязлюдны, вуліцы пустыя. На сядзібах ля хат – нікога. Сонейка разгулялася да спякоты. Ні ветрыку, ні воблачка. Дзед Васільчык з пасекі прыехаў, каню цэбар вады наліў, сам клікнуў унукаў абедаць. Толькі за стол селі, чарпанулі па лыжцы смачнага баршчу з маладзенькіх буракоў, аж бяжыць, лямантуе па вуліцы свяшчэннік Нікадзім.
   Што такое? Дзіву даецца дзед Васільчык. Заўсёды такі стрыманы і лагодны Нікадзім раптам шыбуе па вёсцы, бы яго пчала ўджаліла ці сабака пакусаў. Дзед Васільчык выбег за брамку, папытаў пра гора Нікадзіма. Той, не хаваючы слязы, і паведамляе пра зладзейства. Царкву яго Міхайлаўскую, збудаваную ў XVІІІ стагоддзі, помнік і прыгажосць рэспублікі, абакралі. Язва сатанінская, нехта барадаты, кубкі і крыжы з алтара не паспеў узяць, ці мо баяўся, а найгалоўнейшую каштоўнасць, старадаўнюю, як сама царква, – ікону Барыса і Глеба – украў. Нікадзім, хвалюючыся, расказваў далей, як ён нарваўся на злодзея. Толькі той, чорт барадаты, адштурхнуў Нікадзіма, збіў з ног, выскачыў на паперць, сеў на мапед і напрамкі да лесу. Старасты ў царкве не было, ён павёз казну ў раён. Кінуўся Нікадзім да ўчастковага міліцыянера Налівайкі. На яго няшчасце, і той паехаў да бацькі на хутар траву касіць. Што рабіць? Куды дзецца, уцячэ зладзюга акаянны, прападзе ікона святая. Свяшчэннік Нікадзім зусім старэнькі: вуліцу толькі прабег, сіл ніякіх, задуха хапае.
   – Кажаш, бацюшка, на мапедзе? Калі на мапедзе, дагонім, – і дзед Васільчык хутка распрагае свайго каня.
   – Вось што, Аксана, Юраська. Сядайце на веласіпеды і шуруйце за Ляды, на хутар, па міліцыянера. Там, дзе збожжасховішча. Памятаеш, Юраська, дзе абрыкосы цвілі? Я табе колісь паказваў. Няхай Налівайка імчыць да лесу. Там я буду. Ну, братка мой Мадагаскар, даўно я на табе верхам не скакаў. Выручай, на цябе цяпер уся надзея.
   – Гэй, – пазваў дзед Васільчык Піліпа, – ікону Барыса і Глеба жулік з царквы ўкраў. Бяры дубальтоўку ды стань на дарозе, якая ў Давыд-Гарадок вядзе. Калі я з лесу яго вытраўлю, каб не ўцёк.
   – Я ў Бога не верую, мне ікона не патрэбна, – не хоча дапамагчы Піліп. Ён заняты сваёй справай: новы дом будуе.
   – Не гняві Бога, – сароміць яго Нікадзім, – ікона – помнік культуры ўсяго народа. Не адмаўляй ніколі таму, хто просіць. Грэх.
   – Ат, прычапіліся. Добра, пастаю. Толькі болей гадзіны вартаваць не буду. Піліп нехаця бярэ стрэльбу. Накіроўваецца на шлях. Конь Мадагаскар толькі што выжлукціў цэбар вады, і яму аніяк не хацелася збірацца ў дарогу, ды яшчэ бягом. Адпачыць хацелася, у цяньку пастаяць. Словы дзедавы разанулі трывогай вуха. Сябра свайго Васільчыка паважаў, слухаўся. За яго гатовы быў пайсці ў агонь і ваду. Паляцелі. Без воза бегчы, як падалося, Мадагаскару было нават значна лягчэй. Эх! Капыты лёгка мясілі мяккі пыл. Лёгкі ветрык пяшчотна абдаваў галаву. Успаміналася гарэзлівае, вясёлае яго дзяцінства.
   Ад прыемных успамінаў павесялеў настрой, конь, як гаворыцца, паддаў жару. Эх! Шчэ ёсць порах у парахаўніцах. Дзед Васільчык скіраваў на луг. Так бліжэй да лесу. І правільна. Мадагаскар не пярэчыў. Бегчы па лузе было цяжэй. Скошаная трава калола ногі, капыты там-сям хлюпалі ў ямкі. Пачыналі ныць калені. Неяк непрыемна і нязвыкла калолі. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй. Перайшлі ўброд канаўку, мінулі адзінокую дзікую грушу. Здаецца, да лесу рукой падаць, а нагам малаціць яшчэ ды малаціць. Невясёлыя думкі трывожылі Мадагаскара. Неяк крута, востра кальнула ў сэрцы. Зусім конь напалохаўся. «Божа, няўжо не дацягну? Не, ногі хоць і страцілі ранейшую прыткасць, усё ж вытрымаюць. Каб толькі сэрца не лопнула, каб яно вытрымала».
   А ногі тым часам з кожнай секундай наліваліся цяжарам. Дзед Васільчык адчуў стому свайго сябра, пачаў падтрымліваць ласкавымі словамі. «Давай, браце мой, яшчэ крышку. Жмі на ўсе педалі, Мадагаскар. Пацярпі, дарагі мой конік, яшчэ кіламетр, паўтара».
   Зноў каню кальнула ў сэрцы. У роце, як смятана, збілася ў пену сліна. Дыхалася значна цяжэй. Цяпер ветрык не лашчыў цела, апякаў сабой грудзі, галаву. Заднія ногі хапала сіл толькі перастаўляць. Усё ж бег. Не так шпарка, але ж бег.
   Вось і лес. Хутчэй у цянёк. Мадагаскар адчуў: яшчэ некалькі крокаў на сонцы – і вырвецца сэрца з грудзей. Скіраваў туды, дзе віднеўся мапед. Ля мапеда нікога не было. Дзед Васільчык пазнаў мапед свяшчэнніка Нікадзіма.
   «Зразумела-а-а, – думаў дзед Васільчык, – значыць, злодзей да Арлоў не рызыкнуў ехаць, хоць мог сесці на аўтобус і даехаць да раёна. Зразуме-ла-а-а. Вырашыў схаваць ікону ў лесе».
   Учарнелы і мокры Мадагаскар, не пытаючы дазволу, спыніў хаду.
   – Ты чакай мяне, брат Мадагаскар. Свісну-клікну, бяжы на выручку, – прасіў дзед Васільчык, – для міліцыянера з Юраськам знакам будзеш, каб ведалі, дзе нас шукаць.
   «Так, – падумаў дзед Васільчык, – лепшай схованкі, як у дупле, злодзей не знойдзе. Паблытаецца па лесе, пакуль на старыя дубы не выйдзе».
   – Вушы трымай напагатове, Мадагаскар, свісну-клікну, бяжы, – яшчэ раз папярэдзіў дзед Васільчык і, асцярожна крадучыся, пайшоў у лес.
   Мадагаскару хацелася аднаго: упасці на зямлю і ляжаць доўга-доўга. Але ён ведаў: упадзі... і ніякая сіла больш не падыме яго на ногі. Так і здохне тут да вечара. Не. Трэба з усіх апошніх сіл трымацца, стоячы. Есці не хацелася. Хацелася піць.
   «Толькі б дзед Васільчык злодзея злавіў, толькі б злавіў» – такія былі думкі ў каня.
   Васільчык не памыліўся Не паспеў злодзей прыкрыць лісцем у дупле ікону, як за дрэвам паказаўся дзед. Злодзей палахліва азірнуўся і напачатку зніякавеў. Ніяк не чакаў ён стрэць тут чалавека. ды яшчэ з чорнай павязкай на твары. Мо нейкі галоўны бандыт лесу, вядзьмар нейкі?
   – Даставай тое, што схаваў, паганец, – пагрозліва папярэдзіў дзед Васільчык. Злодзей схамянуўся, ён успомніў, што бачыў дзеда Васільчыка ў калгасе, пасмялеў.
   – Ідзі, ідзі, дзед, сваёй дарогай і маўчы. Доўга маўчы. Месяц маўчы, а то горш будзе, – прыгразіў барадаты злодзей.
   – Горш будзе табе. Зараз сюды прыбудзе міліцыя, – смела адказаў Васільчык.
   Гэта не падабалася злодзею, і ён кінуўся біцца з дзедам. Схапіліся, упалі на зямлю. То дзедаў верх, то дзедаў ніз. Бачыць Васільчык: сілы пакідаюць яго. Сабраў усю моц, адкінуў ад сябе злодзея. Агледзеўся. Каб хоць жардзіну, дубінку якую-небудзь знайсці.
   Злодзей хоць і малады яшчэ гадамі, а стаміўся таксама. Выхапіў з кішэні нож-фінку.
   – Ну, дзед, – кажа злосна, – я цябе прасіў, пакуль цэлы, сваёй дарогай ісці, мне не перашкаджаць. Маліся Богу, забіваць цябе буду, каб змоўк назаўсёды, – кажа злодзей, а вочы нянавісцю і злосцю палаюць.
   Зразумеў дзед, злодзей не жартуе. Свіснуў-клікнуў тады гучна на ўвесь лес:
   – Мадагаскар! Сюды, сюды. Да мяне!
   Конь пачуў кліч свайго дзеда. Ногі не слухаліся яго, але, сабраўшы апошнія сілы, паляцеў на голас. Злодзей з нажом у руцэ набліжаўся да дзеда і нават адразу не угледзеў і не ўцяміў, якая сіла так моцна штурхнула яго ў спіну. Злодзей упаў. Дзед Васільчык хутка закруціў яму рукі за спіну, забраў нож, каленам прыціснуў злодзея да зямлі, але той, кроў чужая, сілу меў не малую, зноў пачаў сіліцца, выслабаніцца захацеў з дзедавых рук.
   «Не ўправіцца мне аднаму, не ўтрымаць», – падумаў дзед і загадаў Мадагаскару легчы на злодзея, прыдавіць яго сваім целам.
   Конь ведаў, што гэта апошняе, што давядзецца яму зрабіць на зямлі, бо ніякая сіла потым Мадагаскара не паставіць на ногі. Трэба было выручаць свайго дзеда Васільчыка, якому за яго ласку і дабрату служыў верай, працай і праўдай.
   Мадагаскар выканаў загад дзеда. Падціснуў пярэднія ногі, цяжка ўздыхнуў і ўзваліўся целам на паганца чужога. У таго аж вочы на лоб палезлі, барада-парык адклеілася.
   – Адпачывай, сатана, пакуль на волі, – з нянавісцю да злодзея сказаў дзед Васільчык, палез на дуб, дастаў ікону Барыса і Глеба.
   Бачыць злодзей: дрань справы, турмой пахне. Пачаў прайдзісвет прасіцца. Маўляў, адпусці яго, дзед. Гэта ён, маўляў, пажартаваць хацеў. Ды Васільчык жыў доўга, мог адрозніць праўду ад хлусні. Кажа злодзею строга:
   – Адказвай, навошта ты украў ікону?
   – А навошта крадуць? Каб прадаць, – нехаця адказаў злодзей.
   – Каму прадаць?
   – Вядома, каму. Іншаземцу за мяжу.
   – Эх, сатана ты паганая, нашу ікону ды таўстагубаму мяшэчніку за мяжу. Як цябе зямля наша носіць, бязродны ты і бязверны.
   – А што тут такога ганебнага? Дарма ты на мяне сварышся, дзед. Што ў вас – ікон мала?
   – Змоўкні! Гэтая ікона стагоддзі ў царкве вісіць. Самавучка, зямляк наш намаляваў. У музеі ў Мінску два залатыя кубкі ягонай работы стаяць. Прыходзяць людзі, радуюцца таленту. Іван Грэчка – з нашай вёскі. А ты талентам народа спекулюеш.
   – Вінаваты, дзед. Каюся, даруй, – пачаў круціць хвастом злодзей, разумеючы, што так Васільчыка не ўгаварыць, – па маладосці гэта. Зайздросціў. Адпусці мяне. Хочаш, я табе грошай за гэта дам... Га? Многа грошай, табе ніколі столькі не зарабіць у калгасе.
   – Ух, сатана, сатана. Калі ты мяшэчніку прадаў за капейку любоў да Бацькаўшчыны, дык лічыш, усе кінуцца за твой рубель народнае дабро рабаваць? Памыляешся. І ляжы ціха. А то мазну гэтай дубінай па галаве, і грошы твайго мяшэчніка не ўратуюць.
   Злодзей змоўк. Заплакаць ён не змог. Бо ў тых, якія Бацькаўшчыну не любяць, душы няма і слёз няма.
   У хуткім часе прыехалі на машыне міліцыянер Налівайка, Нікадзім і Юраська. Аксану баба Кацярына не пусціла. Надзеў злодзею на рукі міліцыянер наручнікі і павёз у раённы аддзел міліцыі. Дзед Васільчык сядзеў ля коніка і гладзіў Мадагаскара па галаве.
   – Дзеду, а дзеду, а чаму Мадагаскар на ногі не ўстае? – пацікавіўся Юраська.
   Дзед Васільчык неяк сумна і з жалем адказаў:
   – Гора ў нашага коніка. Ногі не слухаюцца. Нельга яму было так хутка і так далёка бегчы. Стары ён. Толькі я пра гэта ўспомніў, як злодзея мы з ім злавілі.
   – Што ж рабіць? Можа, мне да ветэрынара збегаць? – занепакоіўся Юраська.
   – Не трэба. Ветэрынар не ўратуе. Будзем сядзець ля яго. Калі не памрэ да ночы, сам устане.
   Юраська падсеў да каня, паклаў яго галаву сабе на калені.
   – Ты не памірай, Мадагаскар. Мы яшчэ з табою на пасеку будзем ездзіць. Я табе цукру дам. Аднаго мы цябе тут не пакінем. Камароў адганяць будзем. Не бойся ваўкоў. Адпачывай. Толькі не памірай, Мадагаскар. Ты ж у нас герой. Там, у вёсцы, і баба Кацярына, і Аксана, і Нікадзім – усе цябе чакаюць. Мадагаскарушка, не памірай, – прасіў хлопчык.
   Мадагаскар усё разумеў, рады быў такім словам, але адказаць не мог, не было сіл. Вялізная цёплая сляза кацілася паволі з яго вока. Конь заснуў. Доўга спаў, вельмі доўга.
   Дзед Васільчык і Юраська не пакінулі Мадагаскара. Расклалі вогнішча, грэліся ля агню, дымам гналі камароў. Спаць не хацелася. Дзед успамінаў вайну, казу Марфу, маладыя гады. Была самая кароткая ноч. Колькі свет стаіць, яна нязменна прыходзіць дваццаць другога чэрвеня і пануе ўсяго толькі сем гадзін. Мадагаскар прачнуўся на золку. Па-хатняму прыемна пахла галавешкамі ад вогнішча. Конь глянуў на неба. Там яшчэ свяціліся таямніча далёкія зоркі. За працай Мадагаскар ніколі не паднімаў галаву на неба, глядзеў на зоркі ўпершыню. «Дзіўна. Чаму яны так мігцяць? І хто іх запаліў? Дзіўна, вельмі дзіўна, і так прыгожа. Аднак, што гэта я качаюся ў ляноце? – падумаў Мадагаскар. – Час і на работу ісці». Неяк лёгка і хутка ўстаў на ногі. Радасці сонным дзеду Васільчыку і Юраську не было канца. Галава ў каня кружылася, у горле перасохла, ногі ледзь трымалі пакамечанае цела, але ж быў у надзеі, што не памрэ ўжо, будзе жыць!
   Мадагаскара паставілі на другую работу. На пасеку ездзіць далёка і цяжка. Дзеду Васільчыку далі маладога каня, а Мадагаскара паставілі звозіць малако. Раз на дзень. Кожны ранак ён вёз бітоны па роднай яму вуліцы. Ля хаты дзеда Васільчыка затрымліваўся надоўга. Пакуль баба Кацярына пералівала малако каровы Ластаўкі са слоікаў у калгасны бітон, Юраська ўпотай частаваў Мадагаскара кавалачкам цукру. Не ведаў хлопчык, чаму кожны ранак Аксана бегла дапамагаць бабе Кацярыне. Яна таксама неўпрыкмет давала каню кавалачак цукру.
   Стары Мадагаскар з апетытам хрумкаў. Цягнуў воз з бітонамі да наступных хат. Шкадаваў, што коні не ўмеюць так прыгожа спяваць, як салаўі. Бо душа яго так прасіла песні, так прасіла

.

Похожие статьи:

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Дзік

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Папугай Пятруша