Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Генрых Далідовіч - Валя

Увага!!! Поўны змест

Гісторыя кахання

 

Расказвае Анатоль К.

   Паверыце ці не, але сярод маіх рэдкіх сяброў – наша рэдакцыйная машыністка Клара (Валіна маці), на два ці тры гады старэйшая жанчына. Той-сёй не верыць, што мы проста таварышкуем, лічыць: у нас штосьці большае. Бачыце, з маладзіцай свайго веку можа быць альбо раман, альбо непрыязь. У мяне ж з Кларай, кажу шчыра, няма ні любошчай, ні варожасці.
   Гэтая Клара – цікавая кабета. Яна яшчэ і цяпер – а ёй недзе пад пяцьдзесят ужо – стройная, заўсёды модна апранутая, непадступная. Не толькі радавыя журналісты, але і намеснікі галоўнага рэдактара, нават сам «шэф» павінны быць з ёй толькі на «вы», а то яшчэ і ліслівіць: у свой час яе муж працаваў загадчыкам сектара друку ЦК, меў сам і даваў доступ ёй да лечкамісіі, у элітныя санаторыі і стол заказаў.
   Праўда, пазней усё ў Кларыным жыцці раптоўна перавярнулася: яе мужа за выпіўку ў сваім кабінеце збылі з ЦК у «шэрую» газету, дык ён там зусім запіў. Неўзабаве яго патурылі і адтуль. Ён стаў валацужным п’яніцам, дайшоў да таго, што краў дома грошы і рэчы, а пасля пачаў хадзіць па рэдакцыях і вымольваць капейкі на віно.
   Клара перастала быць у «эліце», зблажэла ад нэндзы і нястач, але не здалася, захавала і свой гонар, і свой, як мы казалі, «імідж». Нават і тады, калі развялася з мужам і пачала адна гадаваць дачку.
   Мабыць, мы з ёй пасябравалі таму, што я спачуваў ёй, пачаў раіць яе як добрую машыністку знаёмым празаікам, спрыяючы зарабіць неблагую капейчыну. Яшчэ мы з ёй сталі заядлымі дачнікамі, памагалі адно аднаму парадамі, насеннем ці расадай, а яшчэ я стаў яе «асабістым садоўнікам».
   На маіх вачах звычайнела, пакрыху старэла Клара і падымалася яе дачка – тая часта, калі маці занядужвала і мусіла працаваць дома, прыносіла нам у рэдакцыю (найчасцей мне) надрукаванае на машынцы, а то мы часта бачыліся на дачы. Дзяўчынка хораша ўзяла ад бацькоў ўсё лепшае: ад маці – гонкасць, грацыёзнасць і далікатныя рысы ва ўсім абліччы, ад бацькі – цёмны колер валасоў і вачэй, жвавасць. Спачатку яна была нясмелая, сарамлівая, бянтэжылася перада мной – як падлетак, а пазней як дзяўчынка, у якой досыць рана з неадольнай сілай пачала праяўляцца жаноцкасць: паволі знікала яе худзізна, сутуласць, круглелі клубы і большалі грудзі. Затым, як заўважаў я, яе дзіцячая скаванасць змянілася радасным інтарэсам да жыцця, да ягоных тайнаў, нейкім хвалюючым узбуджэннем, а яшчэ пазней – і жаночым какетцтвам, какецтвам той, што пазнала ўжо цану маладосці і красы, хоча і ўмее падабацца мужчынам. У васемнаццаць гадоў, яна, гэтая Валя, паўстала ўжо красуней.
   – Мая юная лэдзі – самае дарагое, што ў мяне ёсць, – аднойчы з радасцю і матчынай ўцехай сказала мне Клара. – Самы вялікі мой ізумруд. Калі яна, не дай Бог, будзе гэткая нешчаслівая, як і я, то не вытрываю, зайдуся з гора...
   Што да мяне (а мы з Валяй, бывала, падоўгу, як я лічу, гаварылі пра яе школу і равеснікаў, пра мае і іншых літаратараў кнігі альбо пра новыя фільмы, а пазней я памагаў ёй паступіць на філфак) дык мне, скажу шчыра, было не толькі прыемна, але радасна бачыць гэтую юную лэдзі – яе зграбненькі стан, лёгкую і прыгожую, як у балерыны, хаду, прадаўгаваты тварык з роўным носікам, святло і чароўнасць, што сыходзілі ад яе сардэчнасці, яе цёплы і даверлівы позірк. Я яе нават палюбіў – не, не пакахаў, як кахае мужчына жанчыну, а якраз адчуў да яе чалавечую любоў. Як да маладой, чыстай і абаяльнай душы.
   – Валечка, неяк, любуючыся, сказаў я ёй, лічы па-бацькоўску, – сталей, вучыся, а я за гэты час знайду табе сярод журналістаў альбо маладых пісьменнікаў добрага хлопца. Ты павінна ашчаслівіць сваёй красой іменна нашага брата.
   – Добра, дзядзька Толя, – з жартам, а то нават і какетліва адказала яна, але крыху пазней, калі я аднойчы па-сяброўску выйшаў з рэдакцыі правесці яе да метро, мала сказаць збянтэжыла – можа, нават перавярнула ўсё маё жыццё.
   Калі я збіраўся па-кавалерску ўзяць яе грацыёзную ручачку, каб далікатна пацалаваць, яна, неяк адразу наструніўшыся і сумеўшыся, нечакана падала мне папер чыну.
   – Што гэта? – усміхнуўся я.
   – А вы пачытайце.
   Разгарнуў лісток: «Дзядзька Толя, шчыры і мілы чалавек, я вас кахаю!»
   Я спачатку не зусім зразумеў, што тут і да чаго, бадай, дурасліва запытаў:
   – Хто гэта кахае мяне?
   – Я .
   – Ты? Мяне?
   – Я. Вас.
   Пільней зірнуў: у яе кіпуча цёмных вачах не толькі звычайная ўзбуджанасць, мяккая цеплыня, але і хваляванне ды разгубленасць, поўненькія шчочкі пунсовыя, нават з чырвонымі плямінамі – значыць, нямала думала, і зараз пакутуе за свой крок. вось цяпер да мяне дайшло: гэтая юная лэдзі, мабыць, молада ўразілася ад нашых шчырых размоў, а таксама ад таго, што пахвальваю яе, праводжу, цалую ёй руку...
   Я сумеўся, нават разгубіўся.
   – Валя, – запытаў, – ты жартуеш?
   – Хіба можна з такога жартаваць?
   Я не ўзяў яе руку, яна не падала яе мне. Бачачы, што я старэйшы, зніякавеў, прамовіла:
   – Падумайце. Колькі хочаце. Але рана-позна павінны сказаць мне сваё слова.
   Тут жа мы развіталіся – хапатліва, таропка, саромеючыся пазіраць адно аднаму ў вочы, нібы ўчынілі якісьці вялікі грэх.
   Валя перастала прыходзіць у рэдакцыю; я выбіўся з каляіны: мною захапілася маладое дзяўчо. Я дакараў сябе, што часамі чамусьці распускаў, як той певень, крылле, хацеў ёй спадабацца, не прадбачачы, што магу захваляваць маладое дзявочае сэрца, хоць загадзя добра ведаў: не пасягаю і не буду пасягаць на гэтую Валю, якую люблю, як сваю дачку. Ды на табе, выйшла тое, што калі-нікалі здараецца ў нашым жыцці: маладая закахалася ў пажылога. I не ў каго-небудзь, а ў мяне. Не зусім выпадкова дагэтуль яна часта гаварыла, што ёй не падабаюцца равеснікі, амаль усе яны, маўляў, несур’ёзныя і легкадумныя, дык цяжка каму з іх даверыцца. Ёй, казала, больш да спадобы сталыя мужчыны.
   – У маладых – маладое, – адказваў я, – дык няможна ўзяць і пераступіць цераз сваю маладосць. Усяму свой час.
   – А я вось хачу пераступіць...
   Як я, сталы ўжо чалавек, тады не адчуў: гуляю з адмысловым агнём, што для мяне не страшны, бо я ад яго ўжо абаронены, але які можа абпаліць Валіну яшчэ незагартаваную душу. Няўжо – нават насуперак самому сабе – я захапляюся яе маладосцю і красой, а то і тайна кахаю, хачу часта бачыць і чуць?
   Не раз і не два пытаўся ў сябе: што рабіць? Валя вясёлая па натуры, але вельмі пачуццёвая, у яе няўлоўная далікатная душэўная тонкасць, што ўсплывае шчырасцю, дабрынёй і пяшчотай, але заадно ёй самой можа прынесці глыбокую сардэчную рану. Прызнаюся, я не знаходзіў слоў, каб сказаць: Валя, між намі не можа нічога быць. Выбачай, мілае дзяўчо, што я міжволі абудзіў тваё першае пачуццё! А тут яшчэ маці, Клара, зусім расхвалявала мяне:
   – Замаркоцілася мая юная лэдзі. Здаецца, закахалася. I няўдала.
   Чуючы гэта, я не мог падняць на яе вачэй, толькі мармытнуў:
   – Што ж, прыйшоў яе час.
   – Прыйшоў, – уздыхнула затрывожаная жанчына. Але, не дай Бог, каб трапіўся які нягоднік...
   Вось так, падумаў я сам сабе, гэтым мярзотнікам магу стаць я. Але не, не стану. Ні дзеля Валі, ні дзеля яе маці-гаротніцы, што цяпер бачыць сваё шчасце ва ўдалым даччыным лёсе. Як добра кажуць, час – найлепшы лекар. Пройдзе месяц-другі – Валя супакоіцца, пакрыху забудзе мяне, а некалі сама будзе з усмешкай успамінаць, як яна ў свой час, лічы, дзіця, закахалася ў дарослага дзядзьку. А я... Мне, канечне ж, будзе сумнавата без яе, але я павінен абарваць наша знаёмства ці сяброўства. Ды Валя не адступілася, аднойчы першая пазваніла.
   Дазвання страціў я спакой і развагу, як хлапчук. Ды вельмі здзівіла Валіна маладая настойлівасць:
   – Што вы мне скажаце, дзядзька Толя?
   – Давай, – кажу, – сустрэнемся, пагаворым.
   Сышліся ў Купалавым скверыку, селі ў зацішным месцы на лаўку. Гляджу на Валю і не магу не ўразіцца: каб не выглядаць побач са мною вельмі юнай, адмыслова апранулася. Сядзіць во ў чорных туфліках на шпільках, у строгім сінім касцюме, з гладка зачасанымі і сабранымі на патыліцы ў вялікі вузел валасамі – быццам сталая ўжо жанчына. Ды і на тварыку – сур’ёзнасць, нібы пражыла ўжо доўгае і клопатнае жыццё.
   – Валя, – прамовіў, – верыш ці не: я ў адчаі?
   – Веру, – адказвае ціха.
   – Чаму?
   – Бо я – дзяўчына, а вы – старэйшы, сямейны чалавек...
   – Ты мяне, Валя, здзіўляеш усё больш і больш...
   Апусціла галаву, мне-цісне чорную сумачку, а губы мыляюць-мыляюць. Зусім як у падлетка. Сціснулася сэрца: мала што з трывогай чакала гэтай сустрэчы, першая папрасіла яе, па-свойму апранулася ды строіць з сябе сталую, на самой справе усё ж горкае дзіцянё.
   – Я не магу перамагчы сябе, дзядзька Толя, – падала голас. Не лічыце, што я толькі захапілася. У мяне сапраўднае пачуццё.
   – А што рабіць мне, сямейнаму?
   – А якія вашыя пачуцці да мяне?
   – Я, сівы ўжо чалавек, не маю права гаварыць пра свае пачуцці да дзяўчат.
   – Вы вельмі кахаеце жонку і вельмі любіце сына? – пытае засмучана.
   Я не мог сказаць ёй тое, што скажу зараз. У мяне была свая глыбокая сямейная тайна. У свой час я ўзяў замуж неблагую – сціплую, мяккую і добрую – дзяўчыну, але... Яна не магла нарадзіць, дык наш сямейны карабель на пяты год жаніцьбы пачаў хіліцца набок, зачэрпваць ваду-бяду, станавіцца нямілым, нават малапатрэбным. Калі пазней сам дабіўся паехаць у Мінск на вучобу ў партшколу, то ўжо меў у галаве: ні ў раённы горад, ні да жонкі не вярнуся, знайду сабе іншую, нават, можа, жанчыну з дзіцём, абы стаць бацькам. Прызнаюся, адразу ж, сярод аднакурснікаў кінулася ў вочы адна маладзіца – гладкая, высакагрудная і са спакусна ёмкімі і гуллівымі клубамі, з чорным кіпенем у вачах, з густам апранутая, і як хутка ўведаў, разводніца. Неўзабаве яна апынулася ў маёй пасцелі. Што яна, былая камсамольская дзяячка, птушка няпростая, зразумеў яшчэ тады, як толькі падмяў і сціснуў у абдымку: яна бессаромна зашаптала мне на вуха: «А у тебя всё крупно и крепко! Ещё!Ещё!Ещё!!!» Хоць не быў прыхільнік «шкурак», але захапіўся, захацеў адчуць сябе сапраўдным мужчынам ды заадно, думаю, дай, паспрабую з гэтай падатной і гарачай паразумецца. Яна ж, калі пачула, што прашу нарадзіць мне сына, захіхікала: «Какой ты чудной, Толя! Во-первых, я не деревенская дура, защищена. Во-вторых, это я всегда могла сделать в своё районе. Я сюда ехала не ради пелёнок, а ради карьеры...»
   Я не мог не адцурацца ад яе. Яна нейкі час чаплялася, лезла пішчом, а затым махнула рукой і знайшла сабе «опекуна» ў гаркоме партыі, куды потым пайшла працаваць інструктарам. З гаркома трапіла ў абком. Калі на добрым харчы не толькі папаўнела, але і расплылася, страціла спакуслівую вабнасць, яе падштурхнулі ў міністэрства культуры. Там яна і цяпер. Жыве з дачкой і зяцем, і кажуць, добра папівае; да мужчын паспакайнела, хоць зусім імпэту не страціла: кінулася аднаўляць з чыкінцамі былую сваю партыю – для яе тая «святая і непагрэшная», а сама яна – «сумленны камуніст».
   Карацей, жонку я не пакінуў. Пашкадаваў: а як ёй, беднай, жыць? Мала ёй свайго гора ды маёй здрады, дык яшчэ зусім знявечу ёй жыццё. Мы ўзялі пакінутае незамужняй парадзіхай здаровае дзіця і выехалі з раённага гарадка. Тады калі я з юнай лэдзі сядзеў у скверыку і мусіў сказаць ёй сваё слова, хлапчук наш хадзіў ужо ў чацвёрты клас, і мы з жонкай любілі яго. Як свайго сына. Праўда, у нас з жонкай так і не было таго, што бывае ў мужчыны і жанчыны, у якіх усё добра. Я падоўгу мог быць без яе, а яна – без мяне, мы абодва так і не зведалі разам што гэта такое – страснае каханне...
   Дык што я мог сказаць Валі пра жонку, былую каханку і прыёмнага сына? Урэшце, пра сваё няўдалае сямейнае жыццё?
   – Не выпадае, Валя, гаварыць пра тое, ці кахаеш жонку, ці любіш сына... – прамовіў. – Я – галава сям’і. Я павінен клапаціцца пра яе.
   – Разумею, – прашаптала яна. – Гадавалася ж без бацькі...
   – Ды... Нават не падбяру патрэбных слоў, каб сказаць тое, пра што думаю...
   – Гаварыце так, як думаеце...
   – Цяпер, Валя, я для цябе добры знаёмы ці нават старэйшы сябра, – прамовіў я з пакутаю, – а кім магу стаць пазней? Я ж даўно ўжо не дзяцюк, сям’і кінуць не магу... Выбачай, не тое і не так гавару, але што ёсць, тое ёсць...
   Валя цярпліва ўсё слухала, мяла-ціснула сумачку, кусала вусны, а потым, калі я скончыў сваю няўдалую казань, запытала:
   – Дык мы не можам сустракацца?
   – Цяпер нам, Валя, нават як сябрам сустракацца нялёгка...
   – Па-вашаму, мы не павінны бачыцца ўжо?
   – Па-мойму, Валя, трапілі мы з табой у нейкія закалюты, у лабірынт, – уздыхнуў я. – Цяпер мы ўжо сябры і не сябры... Гуляць з табой? Як хлопец з дзяўчынай? Але ж, кажу, я даўно ўжо не халасцяк, я не змагу быць такім, якім быў у маладыя гады. Пазаляцацца мне да цябе? Але які табе толк з гэтага? Спакусіць? Рана-позна ўведаюць пра гэта людзі, твая маці...
   – Я, дзядзька Толя, паўналетняя ўжо, – Валя па-ранейшаму гаварыла ціха, ужо наліваючыся чырванню. – Сама ўсё рашаю...
   – Ты варта вялікага кахання, добрага мужа, харошай сям’і і шчаслівай долі. Я табе гэтага даць не змагу. Паспрабую даць – пакрыўджу іншых...
   – А калі я выйду замуж, вы зменіцеся? – нарэшце падняла галаву і зірнула на мяне вачыма, поўнымі любові і кахання. У мяне аж сэрца згарнулася ад гэтага позірку, што, здаецца, ішоў з самых душэўных глыбіняў. – Згодзіцеся бачыцца са мной?
   Бач ты, што надумала! Ці не наракла сябе ў мае каханкі? Калі з той, камсамолкай-партыйкай, я ведаў, як паводзіцца і як ад яе пазбавіцца, дык Валя – гэта зусім іншае, ёй трэба будзе аддаць усю душу, а то кінуцца ў такі вір, што... Калі яна некалі разачаруецца, пакіне, дык можна будзе ад няспраўджаных надзей, болю, пакут і загібець. Колькі пажылых мужчын, што хацелі амаладзіцца з дзяўчатамі, якраз вось так прапала!
   – Выходзь замуж, Валя, толькі за каханага, – сказаў.
   – Тады я, мабыць, ніколі не буду замужняя... Альбо...
   Яна больш нічога не дадала да гэтага «альбо»; калі мы развіталіся і разышліся ў розныя бакі, я потым нямала зведаў бяссоных начэй, думаў і пра тое, і пра іншае, хваліў сябе і дакараў, але паволі, не сустракаючы і не чуючы юную лэдзі, пачаў супакойваць сябе: у яе паволі астудзіцца, а то і знікне першае дзявочае захапленне, з’явіцца сапраўдане і яна пакахае, выйдзе замуж і ашчаслівіць добрага чалавека. Праўда, кал і-нікалі трывожыўся, каб цяпер хлопцы-урвіцелі, а то і мужчыны-нягоднікі не спакусілі, не пусцілі яе па руках: яна з маладога адчаю можа ўчыніць абы-што. Ды Валя ўстаяла ад спакус, а на апошнім курсе выйшла замуж за крыху старэйшага камерсанта.
   – Бачыце, – хітравата ўсміхнулася мне на вяселлі, калі нам выпала патанцаваць разам, – я споўніла ваш наказ: выйшла замуж...
   – Бачу, – усміхнуўся я, хоць, скажу шчыра, што красуня дастаецца камусьці для цябе чужому, што ён, таўсматы і з рэдзенькімі валасамі на макаўцы, можа, і не варты яе. Праўда, не асмеліўся запытаць: кахае яна яго альбо не?
   Недзе праз год мы сустрэліся зноў – на хрэсьбінах Валінай дачкі. I на гэты раз я танцаваў з Валяй, дык яна, пакруглелая і пасталелая пасля родаў, зноў з хітраватаю ўсмешкаю ўспомніла наша былое.
   – Бачыце, я яшчэ больш паслухала вас...
   Зноўку не знайшоў смеласці папытаць: ці кахае мужа, ці шчаслівая. А то і больш – збаяўся. Таго, што і як можа яна адказаць: зусім, канечне ж, не выпадкам хітруе, шмат не дагаворвае, а то хоча і падкузьміць: дабіліся свайго?! I на вяселлі, і на хрэсьбінах я сядзеў як на іголках – то гаварыў-мянташыў шмат і недарэчы, то замаўкаў і аж гарэў ад чырвані.
   Яшчэ праз паўгода я быў зусім выбіты з раўнавагі, калі Клара з плачам і енкам сказала мне, што яе зяця арыштавалі. Канечне, яна гаварыла, што ён не вінаваты, не дачыняўся да розных падманаў і зладзействаў, але тым не менш камерсант сеў на пяць гадоў. Я добра ведаў: трэба пабачыцца з Валяй, суцешыць яе, неяк памагчы, але доўга не меў духу пад’ехаць і пазваніць у дзверы ў той час, калі яе маці на рабоце. Пытаў пра яе настрой, перадаваў свае суцешванні і зычэнні праз Клару, якая цяпер зусім захварэла на нервы.
   – Толя, веру табе як нікому, дык скажу сваё горачка, – сказала яна мне аднойчы з плачам. – Прагаварыла я Валіну долю. Думала абы-што, баялася абы-чаго, вось яно і здарылася. Лэдзі мая, як і я, звычайная баба-гаротніца: ён жа, яе муж, і хлус, і латруга, і круцель, і... яшчэ мо сотню ў яго гэтых «і». Божа, як я падманулася! Я вінаватая, што параіла Валі выходзіць якраз за яго! Ёй жа патрэбен не шалапут, а такі паважны, як ты!..
   – Каму падабаюцца спакойныя, а каму – дзёрзкія, – пачаў на іншае зводзіць гамонку я.
   – Пажыла ўжо, ведаю: бывае той, хто нібы спакойны, на самой справе натурысты, упарты і нудотны. Але ты, Толя, па-добраму паважны. За табой жонка, мабыць, як за сцяной. Калі разумная, дык павінна любіць і берагчы, як скарб.
   – Ты, Клара, так ўжо хваліш мяне, што я нібы нейкі ўзорны.
   – Я, Толя, нутром адчуваю мужчын. Мела мужа, а потым, як ведаеш, аднаго бадзягу-начніка, дык нагледзелася. Добрыя мужчыны бываюць рэдка і трапляюць часамі не самым лепшым жанчынам, бываюць не зусім шчаслівыя. А што да дзёрзкіх, дык яна, гэтая бойкасць, розная бывае. У майго зяцька ягоная рызыка – дурната... Збэрсаў толькі маёй дзеўчыне жыццё...
   – Пасядзіць, хлебане ліха – можа, адумаецца, ачалавечыцца.
   – Толькі не ён, Толя. Там ён яшчэ абы-які х звычак набярэцца, болей на горшае перакруціцца... Ён у душы нягоднік, вырадак нейкі, хоць умее таіцца і прыкідвацца анёлам... Кажу ж, нават я, ведаючы мужчын, падманулася, не ўгледзела, што ён толькі на Валіну красу паквапіўся...
   Пачуўшы гэта, пра што не ведаў, але здагадваўся, я ўжо зусім перастаў штосьці разумець пра сябе і Валю: нібы вінаваты перад ёю за яе няўдалае замужняе жыццё, але і ў той жа час, дзе, у чым і за што мая віна?
   I вось яшчэ праз некалькі месяцаў планіда зводзіць нас зноў. Улетку, цёплай парою. За горадам, на дачы. Туды сярод тыдня я прыйшоў пазнавата і адразу ўбачыў: у недалёкім Кларыным доміку за зацягнутымі шторамі святло. Значыць, тут Валя з дзіцём, бо яе маці які ўжо час на дачу не ездзіць. Маючы хворае сэрца, тая баіцца адлучацца з горада. Ведаючы, што з маладой дачнай суседкаю ў мяне адны клопаты, я спачатку намерваўся не паказвацца ёй на вочы, тым больш у позні час, але пасля перадумаў: назаўтра будзе няёмка, што надоечы не пераведаў.
   Зайшоў, пастукаў.
   – Заходзьце, заходзьце, дзядзька Толя, – у адказ Валін голас.
   Бач, прыгледзела-такі, што я тут, на дачы. Заходжу. У залі адразу кінулася ў вочы каляска, дзе спіць падгадованае дзіця, і сама Валя – высакаватая, статная, у караткаватым халаціку, з усмешкай на вачах і на вуснах, з новай, мабыць, памякчэлай жаночай красою.
   – Добры вечар.
   – Добры вечар.
   Каб суцішыць хваляванне, што моцна прылівае, ні бы вада ў паводку, спрабую жартаваць:
   – Ну, пакажы, якая ўжо твая каралеўна?
   Падыходжу да каляскі, азіраю дзіцячы мілы тварык, адчуваючы, што Валя пільна сочыць за мной і цешыцца ад таго, што яе дачка мне падабаецца.
   – Ой, – лёгка сплёўваю, – якая брыдкая!
   Падымаю галаву, і сапраўды, сутыкаюся на чэпкі, але цёплы і радасны позірк, што змушае ажно ўздрыгнуць маё сэрца: на мяне пазірае ўжо не сарамлівае дзяўчо-падлетак, а смелая замужняя жанчына.
   – I мамуся зуісм брыдкая!..
   Гавару якраз вось так, але ніякай зніякавеласці альбо крыўды на Валіным натуральна і молада свежым, без ніякай парфумы твары, усё тая ж ласкавая ўсмешка: канечне ж, чуйным жаночым сэрцам адчувае маё захапленне яе жаноцкасцю і маю мужчынскую ўсхваляванасць. Нейкую хвіліну мы пазіраем вочы ў вочы; я не магу не на любавацца ёй, лашчыць позіркам і заадно бянтэжыцца. Нечакана перахопліваю яе крыху паімкнёны ўвысь, затуманены позірк, паварочваю галаву, і амаль натыкаюся вачыма на тое, на што вельмі засяроджана глядзіць Валя, – на выключальнік. Штосьці, сам не ведаю што, проста загадвае мне падняць руку і патушыць святло. Тут жа, у змроку, Валя рашуча ступае, закідвае мне на шыю рукі, быццам жонка, прытульваецца і дае вусны.
   Яе мяккія далоні пяшчоцяць мне патыліцу, вусны раскрытыя і слодычна цёплыя, пруткія грудзі і выгнуты стан льнуць усё бліжэй – да мяне імкнецца тая, што жадае быць блізкаю са мной. Гарачыня ўспыхвае ў маіх жылах, сэрца гулка б’ецца, а рукі дробна трымцяць на яе плячах.
   – I цяпер адштурхняце? – кал і адхіляемся вуснамі, але ўсё яшчэ ў абдымку, па-змоўніцку шэпча яна. – За тое, што кахала, кахаю толькі вас аднаго?
   Я ўжо сам не свой, пераможаны, усё менш і менш думаю пра тое, што «трэба» і «не трэба», «можна» альбо «нельга», толькі раптоўна ўспомніў адзін перакладны – ці не з амерыканскай літаратуры – раман, які чытаў даўно, можа, яшчэ ў школе. Там пісалася пра добрую, з мяккай душой і тонкімі пачуццямі прыгожую, але нешчаслівую дзяўчыну. Пра многае ўжо забыў, але вось адна думка, мусіць, назаўсёды ўрэзалася ў памяць. Пра жанчын-красунь.
   Гэты скарб творыцца ўсім, што ёсць на зямлі і ў паветры, – амаль вось так пісалася ў тым рамане. Ад усходу і заходу сонца, што бываюць кожны дзень, кожны год і стагоддзі за стагоддзямі. Ад высокага ці нізкага, блакітнага з белымі кучмамі альбо цяжка захмаранага неба, ад белага снегу, моцных маразоў і віхурыстых мяцеліц, ад першых праталін, вясёлых ручайкоў і першых кветак. Ад высокай духмянай травы, над якой лётаюць пчолы і матылі. Ад яблыневага цвету, ад шматфарбнасці, скажам, руж, што цешаць вока рознымі колерамі і прыносяць лёгкі смутак, калі адцвітаюць і ападаюць пялёсткамі. Ад дажджу, грому, бліскавіц і вясёлкі над зямлёй, ад пладоў, што наліваюцца і цукравеюць, ад першай жаўцізны ў прыродзе. Ад спёкі альбо ценю ў густым сырым лесе, ад холаду ды замірання ўсяго жывога перад зімою, ад ясных альбо, наадварот, цёмных вачэй. Ад песень, танцаў, смеху і плачу... Гэтых «і ад...» вельмі і вельмі шмат, яно і паўтараецца з дня ў дзень, з году ў год, і кожны раз усё новае і здзіўляючае, і рана-позна нараджае Яе, у якой усе вышэйзгаданыя тайны і чары стагоддзяў. I калі вы тое-сёе зразумелі, калі ад гэтага не абыякава, а часцей б’ецца ваша сэрца, калі адчулі не толькі вялікую радасць, але і вялікі смутак ад таго, што ўсё гэта часовае, і вось калі Яно даецца вам у рукі, дык перш чым усё гэта знікне, ці адмовіцеся вы ад Яго?..
   Я ўжо не здолеў адмовіцца ад любімай жанчыны, ад кахання і не адштурхнуў Валю...

   ...Вось ужо трэці год мы з ёй жывём не то наяве, не то ў сне. Сустрэнемся, разыдземся, а пасля зноў і зноў нецярпліва чакаем, каб сустрэцца. На дачы, у якой-небудзь раённай гасці ніцы, у адпачынку на поўдні, у горадзе – на кватэры майго нежанатага сябра.
   Кожны раз, здаецца, бывае адно і тое ж, што можа быць паміж мужчынам і жанчынаю, але кожны раз усё непаўторнае. Скажам, я прыйду раней на «нашу» гарадскую кватэру, усхваляваны, як маладзён, узбуджана хаджу па пакоі, з нецярпеннем чакаю ўзрушлівага гулкага цокання абцасікаў на двары, па лесвіцы, а пасля кароткага змоўніцкага званка ў дзверы, і вось ужо яна тут – у прыгожай прыталенай сукенцы ці ў шыкоўным касцюмчыку, зграбная, пыхкая здароўем і свежасцю, з любоўю і шчаслівым ззяннем у цёмных вачах, – заходзіць у прыхожую і адразу кідаецца мне на шыю: «Любы! Каханы! Адзіны!» Мы моўчкі, але пажадана цалуемся, а затым, калі п’янка пачынае хадзіць у бакі галава, а ў крыві ўскідваецца пякельны агонь, я нясу яе, прыемна важкую, на руках, у залі распранаю, і зноў ды зноў задыхаюся ад таго, што паволі бачу ўсё больш і больш яе красы: вельмі вабныя ад пяшчоты і жаночай нядужасці пакатыя плечы, дзівосную шыю, слабыя, але гожыя рукі з вузкімі запясцямі, па-дзявочаму тугія і стромка настаўленыя, асляпляльна белыя, за апошні час папаўнелыя грудзі з хвалююча-сіняватай жылкаю, што спадае з-пад пахі да буйнаватага смактунка густа-ружаватага колеру, вузкую паясніцу з асабліва моцным загарам і з сяйвом-кружочкам радзімак ды ўжо хораша, па-сталаму акруглелыя клубы, ды ад таго, што яна гэтак аддана льне, неспатольна цалуе, а пасля страсна ўскрыквае, а то і плача...
   – Я з табой стала жанчынаю, – бывае, стуліўшыся пад маёй пахаю, шэпча пасля шчасліва. – Я ўжо люблю жыццё...
   – I я з табой, лэдзі мая, стаў мужчынам.
   – Не, любы. Ты – мой муж. А хутка і станеш бацькам нашага дзіцяці...
   – Ты – што? – здзівіўся, калі ўпершыню пачуў такую навіну, хоць, як ведаеш, і жадаў гэтага больш за ўсё на свеце. – Ты ж казала, што...
   – Казала, але перадумала. Я цябе кахаю, дык і хачу нарадзіць ад цябе.
   – Але ж...
   – Для мяне ніякіх тваіх «але ж» не было і няма. Я даўно ўжо казала: я – паўналетняя, дык сама ўсё рашаю!
   – А што скажа маці? Ён?
   – Маці мяне зразумее, калі нават не скажу ёй, хто мой па-сапраўднаму любі мы і каханы. А з тым жыць не буду. Ён не быў і не будзе толькі маім... Ці ты, можа, не хочаш ашчаслівіць мяне?
   – Хачу, мая дарагая лэдзі, мая тайная, але сапраўдная жонка.
   I праўда, праз паўгода Валя нарадзіла. Здаровага і харошага хлопчыка. Мне, брат, паджыламу ўжо, і радасць, шчасце вялікае, і трывога ды клопаты ад такой вось жанчыны, што сустрэлася мне ў маім жыцці...

1991-1992

Похожие статьи:

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Страта

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Заходнікі

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Гаспадар-камень

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Цыганскія песні

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Аплявуха