Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віталь Вольскі - Азёрны край

   Наш невялікі самалёт запоўнены. Ні аднаго вольнага месца.
   Мо таму, што дарога нядоўгая, паміж пасажырамі хутка завязваецца размова.
   – Я, – кажа адзін, – упершыню ў гэтыя мясціны... Пуцёўку атрымаў... у санаторый...
   – А мы ў дом адпачынку, – абзываецца адна з дзяўчат, што сядзяць насупраць.
   – У які? – цікавіцца іх сусед, пажылы чалавек.
   – У прафсаюзны...
   – Гэта трошкі далей ад берага, – тлумачыць пажылы, – у сасновым лесе. Але нічога... Месца цудоўнае... Сумаваць не будзеце. Цэлы гарадок там вырас. Дамы – як у Мінску.
   – А мне ці далёка ісці? – пытаецца першы.
   – Ваш санаторый – на самым беразе... Дый што там! Хто тут хоць аднойчы пабываў, той яшчэ раз прыехаць захоча. Я тут штогод адпачываю. У друкарні працую, наборшчык... У нас свой дом адпачынку – «Звязда»... Раней то на поўдзень, то на Рыжскае ўзмор’е ездзіў. А як пабыў на возеры... Шчыра скажу вам, няма лепшых мясцін. А рыбалка якая! Апошні раз вось такога шчупака выцягнуў...
   Наборшчык ажывіўся яшчэ больш. Умяшаліся ў размову і іншыя пасажыры, многія з якіх таксама былі на славутым возеры і прыахвоціліся да рыбнай лоўлі.
   Пайшлі расказы пра самыя незвычайныя рыбацкія здарэнні і прыгоды.
   Цікава слухаць, праўда?.. Вы ўсміхаецеся... Не дужа, мусіць, верыце ўспамінам заўзятых рыбакоў?..
   Заўважыла гэта і маладая чарнявая жанчына з маленькім хлопчыкам на руках.
   – А вы не думайце, што ўсё гэта выдумкі, – гаворыць яна, звяртаючыся да нас. – Я сама неяк паехала з мужам акунёў лавіць. І, хоць верце, хоць не, ладнага шчупака выцягнула. Пялёхаецца ён на дне чаўна, прыгожы, як вясёлка, а я і вачам сваім не веру...
   – Вы, прабачце, нетутэйшая? – звярнуўся да жанчыны наборшчык.
   Жанчына і сапраўды крыху падобна з твару на татарку ці ўзбечку.
   – Родам я з Ташкента, – адказвае яна, – а цяпер у Мінску жыву... І таксама лічу, што няма для адпачынку месца лепшага за Нарач...
   У гэты момант суседка жанчыны радасна закрычала на ўвесь самалёт:
   – Глядзіце!.. Глядзіце!.. Возера!..
   І ўсе адразу прыніклі да ілюмінатараў.
   Пад крыламі самалёта раскінулася вялікая водная прастора. Мы пралятаем над паўднёва-заходнім берагам. Тут шчыльна да вады падступае густы лес. Толькі ў адным месцы сосны крыху расступіліся, утварыўшы пры самым беразе даволі прасторную паляну. На ёй віднеюцца шэрыя дахі дашчаных домікаў і палаткі. Там размясціўся піянерска-камсамольскі турысцкі лагер...
   Доўгая і вузкая каса з пясчанымі адхонамі дзеліць возера амаль на роўныя часткі. Лесу на касе няма. Сярод палеткаў віднеюцца толькі асобныя дрэвы. А на самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. Яна так і называецца – Наносы.
   Прыгледзьцеся ўважлівей і вы ўбачыце, што з вышыні вада ў возеры здаецца размаляванай у розныя колеры. І межы колераў вызначаны даволі выразна.
   Уздоўж берага працягнулася шырокая жоўтая паласа. Тут неглыбока, і скрозь празрыстую ваду прасвечвае пясчанае дно. Крыху далей паверхня возера робіцца зеленаватая. Там – сапраўдныя джунглі з водарасцей, прытулак жыхароў падводнага царства. Чым далей ад берага, тым цямнейшая і гусцейшая здаецца вада. Месцамі яна цёмна-сіняя, амаль чорная. Тут – самыя вялікія глыбіні, вадзяная тоўшча дасягае пяцідзесяці метраў Але і побач з імі віднеюцца жаўтаватыя палосы і плямы. Гэта водмелі, падводныя косы, ці, як гавораць мясцовыя рыбакі, «пагуркі».
   Самалёт крыху нахіліўся набок і пайшоў на пасадку. Цяпер да нас імкліва набліжаецца паўночна-ўсходні бераг. Пад крылом прамільгнулі два вялікія карпусы санаторыя з асфальтаванай набярэжнай, з каменнымі прыступкамі, якія спускаюцца да вады, з шырокім пляжам, а далей – бляшаныя і чарапічныя, дашчаныя і нават саламяныя стрэхі – вуліца вялікай вёскі ў зелені шматгадовых ліп і таполяў.
   І раптам – зноў лес і поле...
   Самалёт заскакаў па няроўнай пляцоўцы і спыніўся.
   Вялізная пляцоўка расчышчана ад лесу і хмызняку, засеяна травой, абмежавана спецыяльнымі знакамі – і ўсё. На ўзмежку пляцоўкі сохнуць рэшткі вывернутых бярозак, ялінак і хмызоў. Грэюць на сонцы свае шырокія спіны вялізныя каменні-валуны. А далей – вясёлыя бярозкі па ўзлесках, празрыстыя і сонечныя сасновыя бары, змрочныя яловыя лясы.
   Валуны пакінуў тут каля трыццаці тысяч гадоў назад ледавік, які пакрываў амаль усю тэрыторыю Еўропы. І самі азёры – вынік дзейнасці ледавіка.
   Паміж полем і невялікім мураваным домікам, вакол якога размясціліся метэаралагічныя ўстаноўкі і радыёстанцыя, пралегла пясчаная прасёлачная дарога. У адзін бок яна вядзе да мястэчка, а ў другі – да сяла. Сяло гэтае размясцілася на самым беразе возера. Туды мы з вамі і накіруемся.
   Між іншым, па плану мястэчка і вёска ў бліжэйшыя гады павінны зліцца ў адзін курортны гарадок.
   Мы перасякаем высокі насып, па якім зусім нядаўна пракладзена шырокая шаша. Будаўніцтва яшчэ не закончана. Неўзабаве гэтая шаша апярэжа возера і звяжа паміж сабой усе санаторыі, дамы адпачынку, турысцкія базы, лагеры і населеныя пункты, якія ёсць і якія яшчэ вырастуць на берагах возера.

1964-1966


Крыніца: Вольскі, В. Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.

 

Похожие статьи:

ПераказыНоччу на Нарачы

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Беларускае мора

ПераказыНарачанская легенда

ПераказыНа беразе Нарачы

ПераказыПра возера Нарач