Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Агляд творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Найвышэйшым дасягненнем беларускамоўнай літаратуры сентыменталізму стала значная частка творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884). Нарадзіўся ён у фальварку Панюшкавічы (сёння – Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і маламаёмнага беларускага шляхціца гербу Лебедзь. Вучыўся ў Бабруйскай павятовай школе, у Віленскай базыльянскай бурсе (калегіі), а потым у Пецярбургскім універсітэце. З 1828 г. працаваў на розных чыноўніцкіх пасадах пры судах і каталіцкай кансісторыі, аканомам у маёнтку. З 1840 г. пасяліўся ў набытым перад тым фальварку Люцынка, на Валожыншчыне. Пасля паўстання 1863-1864 гг. больш за год адседзеў у Мінскай турме, потым амаль увесь час знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Пачынаў сваю творчасць у першай палове 1840-х гг. з п’ес на польскай мове: "Рэкруцкі габрэйскі набор", "Спаборніцтва музыкаў", "Чарадзейная вада". Гэтыя п’есы ставіліся ў Мінску, з удзелам аўтара, які таксама іграў на сцэне, а музыку да іх стварылі Станіслаў Манюшка разам з мінскім музыкантам Канстанцінам Крыжаноўскім. Этапным творам Дуніна-Марцінкевіча гэтага часу стала апублікаванае ў 1846 г. лібрэта камічнай оперы "Ідылія" ("Сялянка"). "Сялянка" ў ХVIII–XIX стст. лічылася разнавіднасцю ідыліі – папулярнага жанру сентыменталісцкай літаратуры.
Інтрыга "Ідыліі" будуецца вакол сюжэта кахання пана Караля Лятальскага да паненкі Юліі Дабровіч. Пан толькі што вярнуўся з Парыжа, захоплены Францыяй, тамтэйшымі парадкамі і штодзённым жыццём. Юлія, пераапрануўшыся ў адзенне простай сялянкі, ставіць сабе за мэту навярнуць Лятальскага да свайго, змяніць сваё пагардлівае стаўленне да сялян і, урэшце, гэтай мэты дасягае. Дзеянне камічнай оперы ўскладняецца пэўнымі вадэвільнымі гісторыямі, калі, прыкладам, да Юліі заляцаецца яшчэ некалькі дзейных асобаў; калі узнікае гісторыя з пеаапрананнем, падобная да той, што вядомая нам з "Жаніцьбы Фігаро" П’ера дэ Бамаршэ… Шматлікія жанрава-побытавыя сцэны п’есы павінны абудзіць цікавасць гледача да жыцця беларускіх сялян, да беларускага фальклору. Трэба сказаць, што гэтая мэта была дасягнутая перадусім дзякуючы пастаноўкам "Ідыліі", у якіх ролю войта Навума Прыгаворкі выконваў сам Дунін-Марцінкевіч і гучала музыка тых жа Манюшкі і Крыжаноўскага.
Прэм’ера спектакля адбылася 9 лютага 1852 г. у Мінскім гарадскім тэатры (мясціўся паблізу сённяшняга будынку Акадэміі музыкі). Упершыню з мінскай сцэны прагучала беларускае слова, з якім да публікі звярталіся персанажы-сяляне і, часткова, Юлія ды камісар Выкрутач. Ёсць падставы лічыць вышэйзгаданую дату днём нараджэння беларускага публічнага тэатра. Пасля другой пастаноўкі ў Мінску на далейшыя пастаноўкі "Ідыліі" ўладамі была накладзеная забарона, але вядома, што яны ўсё ж адбываліся і пазней – як у Мінску, так і, у прыватнасці, у Глуску і Бабруйску. Сваёй працай тэатральны гурток Дуніна-Марцінкевіча, безумоўна, абуджаў нацыянальную свядомасць беларусаў, абуджаў прыспаную грамадскую думку, стымуляваў далейшае развіццё беларускай літаратуры.
Сёння польскамоўная частка тэксту "Ідыліі" друкуецца ў перакладзе Янкі Купалы (паэтычныя фрагменты) і Язэпа Лёсіка (празаічны тэкст).
У вершы "Хіба я стары?" (1856) Дунін-Марцінкевіч абгрунтоўвае свядомы зварот у сваёй творчасці да беларускай мовы:
Для вас, паны, шкода халопскай мне мовы,
Для вас, чые мудрыя надта галовы,
Манеры салонаў засвоіўшы ўмела,
Смяюцца з таго, крытыкуючы смела,
Што тут адраджае нам родная глеба;
Чужое ж, хай кепскае, ўзносяць да неба.
Ваш суд мне не страшны; хай злосна скавыча
У будцы сабака, увагі на пса не звярну я.
Як раіць пясняр сыракомля, пішу я
Цяпер, як заўсёды, на мове мужычай.
(Пераклад Аляксея Зарыцкага)
Выразна сентыменталісцкую прыроду мае большасць іншых, напісаных ужо цалкам па-беларуску твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Паэма "Гапон" (1855) сведчыць пра непахісную веру аўтара ў магчымасці перавыхавання асобы, у перспектыву дасягнення сацыяльнай гармоніі паміж панамі і сялянамі. Герой твора Гапон, сялянскі хлапец, вылучаецца з свайго асяроддзя пачуццём уласнай годнасці, здольнасцю пастаяць за сябе, супраціўляцца нявольніцкаму стану. Але гэты бунт мае абмежаваны характар: вярнуўшыся на Бацькаўшчыну з войска, Гапон пакорліва просіць у сваёй пані рукі "сельскай дзяўчыны" Кацярыны, і тут:
…Кацярынка ж як стаяла,
Тут жа к нагам ёй прыпала,
А так міленька глядзіць,
Што пані і расплылася,
Крэпка з ёю абнялася
Дый ну ж ім благаславіць…
Натуральна, што паэма мае шчаслівы канец; сацыяльная гармонія зноў перамагае, усе задаволеныя і натхнёныя.
Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу належыць вырашальная роля ў сцвярджэнні ў беларускай сентыментальна-асветніцкай літаратуры такога жанру, як вершаваная аповесць – своеасаблівага беларускага варыянту вядомай нам гавэнды. У ролі апавядальніка тут выступае ужо не шляхціц, а селянін або асоба, блізкая да яго сваім светапоглядам. Так, вершаваная аповесць "Вечарніцы" (1855) насамрэч складаецца з двух самастойных аповедаў: "Дурны Зміцер, хоць хітры" і "Стаўроўскія дзяды". Аб’ядноўвае іх якраз толькі асоба апавядальніка, старога селяніна Ананіі, які:
…У карчму ўжо не хадзіў,
Скрыпку ўнуку дараваў,
Лапці плёў, Бога хваліў
І сказачкі распраўляў…
Ананія – увасабленне традыцый, народнай мудрасці, у той час як герой яго аповеду селянін Зміцер не трымаецца запаведзяў народнай маральнасці, выпрацаванай стагоддзямі, злоўжывае выпіўкай. У выніку паны "ловяць" яго на простым жарце. Другая частка "Вечарніц" – гісторыя пра добрага, гуманнага пана, князя Грамабоя, які, урэшце, жэніцца з сіратой, сялянскай дачкой Кацярынай.
Вершаваная аповесць "Халімон на каранацыі" (1857) пабудаваная ў форме расповеду гарадзецкага старшыні Халімона Забалотнага пра сваю паездку ў Маскву на каранацыю Аляксандра ІІ. З аднаго боку, Халімон паказаны як чалавек, поўны веры ў "бацьку-цара". Разам з тым, у ім не-не ды выяўляецца пачуццё ўласнай годнасці, прыродныя гуманізм і кемлівасць, імкненне разабрацца ў навакольным свеце.
Цяжка пагадзіцца з тымі літаратуразнаўцамі, якія спрабуюць знайсці больш-менш прыкметныя рысы рэалістычнага мастацкага метаду ў беларускамоўных вершаваных аповесцях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але агульнаеўрапейская тэндэнцыя пашырэння папулярнасці рэалістычна-пазітывісцкай літаратуры, што панавала ў сярэдзіне ХІХ ст., усё ж такі не магла не адбіцца на творчасці Беларускага Дудара.
У 1866 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў свой "фарс-вадэвіль" пад назвай "Пінская шляхта", які ўпершыню быў апублікаваны толькі праз 52 гады, у часы ўзнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі. Спробу апублікаваць "Пінскую шляхту" у "Календаре Северо-Западного края" зрабіў яшчэ ў 1889 г. гісторык і этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі, але атрымаў вердыкт віленскага генерал-губернатара Івана Каханава, у якім, паміж іншага, гаварылася (пераклад з расійскай):
"На маю думку, гэткага кшталту твор, у якім у непрывабным святле выстаўляецца службовая асоба, станавы прыстаў, які, да таго ж, усюды называецца "найяснейшая карона", наўрад ці выпадае змяшчаць у якім-кольвечы выданні, а перадусім у такім, як каляндар, прызначаны для распаўсюду ў асяроддзі мясцовага насельніцтва".
Арыгінал п’есы быў створаны на "пінчуцкай гаворцы", а з часоў першапублікацыі яе звычайна друкуюць у адаптацыі вядомага мовазнаўцы Язэпа Лёсіка.
"Пінская шляхта" вонкава нагадвае тыповую камедыю асветніцкага класіцызму: у ёй выразна акрэсленыя характары-тыпажы, захоўваюцца правілы трох адзінстваў, на вадэвільных сцэнах, у тым ліку фінальнай, ляжыць адбітак пэўнага маралізатарства… І ўсё ж, бадай, наймацней чытачу і гледачу западаюць у памяць два вобразы: расійскага судовага прыстава Кручкова і – калектыўны – пінскай шляхты. Першы ўвасабляе тыповага чыноўніка-самадура і кручкатвора, другі –"шарачковую" шляхту, дрымуча-цёмную, але хваравіта-пыхлівую і ганарыстую. І той, і другі вобраз, аднак, не падаюцца выключна ў чорна-белых фарбах, а выяўляюць розны стыль паводзінаў у розных сітуацыях, абумоўлены псіхалагічнымі чыннікамі. Мова персанажаў таксама служыць задачы мастацкай тыпізацыі
Усё гэта дазваляе без перабольшання гаварыць пра эвалюцыю драматургічнай творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў бок асветніцкага рэалізму. Менавіта асветніцкі характар марцінкевічавага рэалізму палягае ў яго адкрытай тэндэнцыйнасці, імкненні паказаць кручковых як з’яву, што можа быць адкінутая, калі грамадства "паразумнее".
Па-за ўсялякім сумневам, у "Пінскай шляхце" прыкметна ўзрасло драматургічнае майстэрства Марцінкевіча. Гэта выявілася і ў дынамізме дзеяння, і ў займальнасці і камізме сюжэта, і ў арыгінальнасці кампазіцыйнай будовы, якая арганічна спалучае ў сабе два паралельныя канфлікты, заснаваныя на асабістых і грамадскіх канфліктах…
З прыходам у новую беларускую літаратуру Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча наша прыгожае пісьменства як бы ўбачыла перад сабою новыя абсягі й істотна пашырыла колькасць людзей, з ёю знаёмых. А літаратурна-грамадская дзейнасць Беларускага Дудара мусіць надоўга застацца ўзорам для новых і новых пакаленняў адукаваных беларусаў.
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014
Похожие статьи:
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Прыпяць
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Ідылія
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча