Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Гардзей - Старыя жорны

Увага!!! Поўны змест

   Каля хлява Карпей стругаў яловыя калкі, каб залатаць імі дзіркі ў плоце, а то ж куры, хай на іх немач, залазяць у градкі і здзёўбваюць маленькія пуплы гуркоў разам з пахучым жоўтым цветам. Аберуч трымаючы за тронкі востры струг, Карпей саскрэбваў з жардзін кару і бачыў, як з хаты выбегла Алена, зірнула на ранішняе, яшчэ чырвонае, сонца і борздзенька схавалася пад паветкай. Адтуль яна выскачыла з ахапкам сухіх трэсак і слязамі па вачах.
   – Трэба ж так нагою ўгрэць! – скрывілася ад болю Алена, пачухала пабітае калена і пачала сварыцца на Карпея: – Мужык ты мне, ці хто? Каторы раз жонка б’е ногі, а яму хоць бы што! Выкінь ты адсюль гэтыя праклятыя жорны. Дакуль яны бесталку будуць стаяць пад паветкай.
   – Так ужэ і праклятыя, – кінуўшы струг і заглядваючы пад паветку, разважліва сказаў Карпей. – Помніш, пасля вайны цаны не было нашым жорнам. Уга! Суседзі яшчэ як радаваліся, што ёсцека дзе скруціць жменьку жыта.
   Боль у Алены пакрысе праходзіў, і яна ўжо без ранейшай злосці адказала:
   – Дзіва што радаваліся. Мы ж нічога з іх не бралі за мліва. А жорны добрыя былі...
   – Але, добрыя. Лёгка круціліся, – пацвердзіў Карпей і, на момант задумаўшыся, спытаў не то ў сябе, не то ў Алены: – А ці не рана пускаць іх на злом?
   – Выкідай, што тут думаць? Хлеба цяперачы хапае. А батоны прывозяць куды лепшыя, чым той даўнейшы велікодны пірог.
   Накульгваючы, Алена пайшла распальваць у печы, а Карпей, забыўшы пра свой занятак, стаяў каля паветкі, і на яго заклапочаным маршчыністым твары адбілася нерашучасць. Ён думаў пра Алену і не мог пагадзіцца з ёю. Ну, пабіла калена, прыскулела трохі, дык трэба ж хадзіць асцярожней, абачлівей, каб не сунуць ногі абы-куды. Вунь колькі гадоў жорны стаялі на дрывотні, не замінаючы гаспадару, то і яшчэ пастаяць. Карпей нахмурыў лахматыя бровы, зайшоў пад паветку і тут зразумеў, што Алена ўсё-такі праўду казала. Калі жорны не разбіваць, то варта хоць пашукаць для іх якую лепшую сховань: пад паветкай і без таго цесна. Жорны загарадзілі сабою добрую палавіну дзвярэй, і, каб зайсці сюды, трэба бокам плішчыцца ў вузкім праходзе, а як на Аленін стан, то гэты праход павінен быць удвая шырэйшы.
   Карпей разглядваў з усіх бакоў жорны і бачыў, што яны рассохліся, ледзьве ліпяць. Ножкі, вычасаныя з яловых круглячкоў, пабіў шашаль, дошкі карыта пачарнелі, а ў самым днішчы прасвечваюцца шчыліны. Карпей дзівіўся, што без догляду так хутка заняпалі жорны, хоць было б яшчэ дзіўней, каб яны ўцалелі да гэтага часу. Пад паветкай усё ж не ў хаце: тут сыра, праз дзіркі ў дзвярах не раз засякаў дождж, і таму жорны пакрысе буцвелі, трухлелі. Як ні круці, а цяпер усё роўна іх прыйдзецца выкінуць.
   Карпей шырэй расчыніў дзверы, паспрабаваў выцягнуць жорны на двор, але духу не хапіла, і тады Карпей зняў верхні, заседжаны курамі, камень, адкаціў пад плот. У карыце намацаў дзве ржавыя шасцярні і жалезную аблупленую корбу. «Адкуль яны тут?» – падзівіўся Карпей і, успомніўшы, што да чаго, выкінуў непатрэбныя жалязякі ў крапіву. Натужваючыся, зноў пацягнуў жорны, і цяпер яны лягчэй сарваліся з месца, разграбаючы ножкамі трэскі, праехалі трохі больш, як у першы раз. Але Карпей ужо стаміўся, грувасткія жорны былі яму не пад сілу. «Старасць – не радасць, – падумаў Карпей. – Без помачы тут, відаць, не абыдзешся».
   Ён выйшаў з дрывотні і, аддыхваючыся, пачаў чакаць, калі на вуліцы пакажацца хто-небудзь з суседзяў. Карпею рупіла няскончаная праца, у яго наогул было многа клопату, і ён як не з абурэннем убачыў, што па вуліцы, горбячыся, ідзе старая Сэльчыха. Яна ішла марудна, апіраючыся на кій, дык сапраўды: не клікаць жа на помач старую, нямоглую кабету? Карпей бачыў, як цяжка ісці Сэльчысе, і, паспачуваўшы ёй, ужо без ранейшай прыкрасці спытаў:
   – Куды ты сабралася, Матруна, з самай раніцы?
   – У краму іду, куды ж яшчэ? – павярнулася на яго голас Сэльчыха. – Кажуць, свежага хлеба прывезлі.
   – Не бачыў, каб хто нёс, – паціснуў плячыма Карпей. – Але ж крама цяпер, улетку, адчыняецца рана. Так што ўпаўне маглі прывезці свежага хлеба.
   – Колькі мне, бяззубай, трэба яго, – уздыхнула Сэльчыха. – Вазьму бухеначку, то і ляжыць у шкапчыку, пакуль не счарсцвее.
   – Дык ідзі ж, Матруна, не стой, – Карпей ужо не рады быў, што зачапіў старую Сэльчыху. – Iдзі, а то ўвесь хлеб разбяруць.
   – Майго не возьмуць, не бойся ты вельмо.
   Сэльчыха пайшла, і яшчэ не паспела яна схавацца з вачэй, як на вуліцы паказаўся Панок, і Карпей зноў абурыўся. Вуліца проста здзекуецца з яго: замест таго каб паслаць на падмогу здаровага, дужага мужчыну, яна шле то старую Сэльчыху, то гэтага маленькага, шчуплага чалавечка. Абмінаючы лужыны, Панок ціснецца бліжэй да платоў – відаць, таксама спяшаецца ў краму, бо пад пахай у яго тырчыць скручаная ў трубку магазінная сумка. Карпей падумаў, што не варта клікаць на помач Панка – які з яго толк, – але жорны пад паветкай ужо былі зрушаны з месца, апроч таго, каля хлява, прыслоненыя да сцяны, стаялі неакораныя жэрдкі. I Карпей гукнуў худому і шчупламу, як абшчыпанаму, суседу:
   – Здароў быў, Аляксей! Ты не вельмо спяшаешся?
   – Во ў краму бягу, – без асаблівага настрою спыніўся Панок, убачыўшы цераз плот Карпея. – Хлеба трэба купіць. А што?
   – Помач невялікая спатрэбілася. Жорны ніяк не магу выпхнуць на двор.
   – Ну, гэта можна. Як жа не памагчы, жывучы па суседству? – ужо весялейшым голасам сказаў Панок, зарадаваўшыся, што Карпей прапаноўвае не вельмі цяжкую работу. – То ж дзе яны ў цябе?
   – На дрывотні стаяць, – паказаў рукой Карпей і паскардзіўся: – Сіла ў мяне ўжэ не тая. Раней бы не прасіў помачы.
   – I не скажы, сусед. Пастарэлі мы...
   Панок павесіў на плот рыжую сумку і ўслед за гаспадаром уціснуўся пад паветку. Удвух, як і спадзяваўся Карпей, выцягваць жорны было спадручней. Панок, нягледзячы на свае нешырокія плечы, нечакана аказаўся пруткім у руках: як ухапіўся за ножкі, то і не выпусціў, пакуль жорны не апынуліся на двары. Іх адцягнулі ад дзвярэй, каб не заміналі, бо Алена можа зноў прыбегчы па трэскі, прысланілі да плота, вытаптаўшы расу на крапіве, і Панок, здымаючы з плота сумку, сказаў:
   – Глядзі, як скасабочыліся. Хутка і зусім рассыплюцца.
   Карпей атрос з сябе пыл, таксама зірнуў на залепленыя павуціннем жорны і абыякава махнуў рукой:
   – Столькі тае бяды. От зараз вазьму сякеру ды на дровы пасяку.
   – Дарма ты так, – як бы з дакорам пахітаў галавой Панок. – Я дык свае ў хляве паставіў. Зрабіў памост, каб не было сыра, а зверху сенам прыкідаў. I стаяць жорны цэленькія...
   – Ты ж заўсёды ўпраўны ды разумны быў, – сказаў з’едліва Карпей, хоць, наадварот, не злавацца, а дзякаваць трэба было Панку за дапамогу. – Колькі помню, усё выгадваеш нешта.
   – I жыць-то трэба ўмець, – буркнуў Панок, ушчаміў сумку пад паху і хуценька пайшоў з двара.
   Карпей патаптаўся каля жорнаў, пачухаў патыліцу, ужо шкадуючы, што мо дарма ўпікнуў Папка мінулым. Настаяў, паразважаў, потым заглянуў пад паветку, выйшаў адтуль, трымаючы ў руцэ цяслярскую сякеру. Зноў шкроб патыліцу, зноў таптаў ботамі крапіву вакол жорнаў, і яму ўжо не хацелася разбіваць іх, не хацелася нішчыць тое, што калісьці зрабіў сваімі рукамі. Тады, у пасляваенныя гады – а ведама ж, якія былі яны, халодныя Ды галодныя – Карпей сам, відаць, не дапетрыў бы змайстраваць жорны, калі б не Алена. Ну, канечне ж, ён і думкі не меў пра ўласныя жорны, але аднойчы Алена як не з плачам прыбегла ад Панка, да якога, бадай, усе суседзі хадзілі з млівам.
   – Ты паглядзі, Карпей, – ставячы на стол саламяную каробку з мукою, сказала Алена, расчырванелая ад гневу. – Саўсім распанеў Панок. Гэта ж падумаць! Колькі таго жыта было, а ён, халернік, аж два гарцы мукі ўзяў за жорны.
   – Няўжэ ўзяў? – не паверыў Карпей.
   – Хіба ж я лгу? Цяперачы там Сэльчыха меле, дык Панок і над ёю трасецца, каб хоць не ўцякла без гарца.
   – Ад яго ўсё можна чакаць, – перастаўшы дзівіцца, сказаў Карпей. – Разам жа на хронце былі, дык Панок усё па абозах агінаўся.
   Абураючыся на суседа, Карней сабраўся ісці з хаты, бо на двары было багата пільнага, неадкладнага клопату, але ў парозе яго перасцігла Алена, засланіла сабой дзверы.
   – Як ты сабе хочаш, а да Панка я болей не пайду, – рашуча заявіла яна. – Рабі свае жорны, Карпей! I не круці носам, а рабі. Хопіць ужэ таму халерніку нажывацца з нашых гарцаў.
   Такой настырнасці і рашучасці Карпей не чакаў ад Алены, а таму не стаў адмаўляцца: узяў малаток і пайшоў на выган шукаць гранітныя валуны. Не кожны валун прыдатны для жараноў: патрэбен не шэры, а ружовы граніт, і найлепш, каб быў ён не вельмі зярністы, бо граніт з буйнымі зернямі хутка змолваецца і крышыцца, – праз які год ці два рабі новыя жараны.
   Карпей ішоў на выган, дзе, як помнілася яму, ляжалі якраз такія – ружовыя – гранітныя глыбы. На выхадзе з вёскі неспадзявана сустрэўся з Панком, чамусьці разгубіўся, хацеў схаваць за спіну малаток, які нёс у руцэ. Але пранырлівы Панок ззорыў гэтую яго разгубленасць, убачыў вялікі кавальскі малаток і, не тоячы сваёй цікаўнасці, спытаў:
   – I куды гэта сабраўся, суседзе? – Панок змераў позіркам Карпея, таргануў уверх падбародкам, паказваючы вачыма на малаток. – Струмант, нябось, не так сабе захапіў?
   – Камень для жорнаў шукаю, – не стаў хлусіць Карпей, бо Панок, відаць, і сам здагадаўся, куды ён ідзе. – Ты ж, кажуць, муку ад баб забіраеш. Ссыпку нейкую выдумаў...
   У Панка зноў таргануўся падбародак, на твары адбілася трывога, але ён неяк саўладаў з сабой і, апраўдваючыся, сказаў:
   – Выдумляюць, не слухай ты. Калі і вазьму гарнец мукі, то што з таго? Стараюся ж, каб усім добра было.
   I жорны сам зублю, і на замок іх ніколі не зачыняю. – Панок пастаяў, падумаў і раптам лісліва зазірнуў Карпею ў вочы: – А ты, суседзе, не туды ідзеш. На выгане няма добрых валуноў. Сам шукаў, дык ведаю. Гэта каб на Кругляк найшоў. Там ружовага граніту хоць заваліся.
   – Кажаш, на Кругляк, на поле, трэба ісці? – перапытаў Карпей.
   – Але, там пашукай, – пацвердзіў Панок. – А на выгане няма талковых камянёў.
   I Карпей паслухаўся Панка: краем мінуў вясковы выган, па якім здалёк чарнелі шэрыя глыбы валуноў, пайшоў на Кругляк і смыкаўся па полі як не да самага вечара. Хадзіў ад адной глыбы да другой, малатком сколваў пласцінкі граніту, але ружовы, не моцна зярністы камень не трапляўся. Валуны, відаць, ужо нехта аглядаў і раней, бо па іх бялелі свежыя сколкі, і Карпей раптам здагадаўся, што тут быў Панок і што ён, той куслівы здрок, ашукаў Карпея, накіраваўшы на поле, дзе граніту з ружовым крапам не было.
   Карпей зазлаваў, вярнуўся на выган і тут лёгка знайшоў два ружовыя валуны. Назаўтра перавёз дадому і пачаў абсякаць камяні зубілам, на злосць Панку ляскаючы малатком на ўвесь панадворак. Граніт быў цвёрды, зубілы тупіліся, і Карпею не адзін раз давялося вастрыць і загартоўваць іх у кузні. Праз дні два валуны ўсё ж былі абгладжаны як і мае быць; Карпей акаваў жараны жалезнымі абручамі, потым звязаў драўляную раму, абшыў карыта сухімі бярозавымі дошкамі. А калі круглыя камяні ўжо ляжалі па сваім месцы, высветлілася, што не хапае самага галоўнага – млёна. Карпей абстругаў яловы калок і пайшоў з ім у кузню. Сусед Сэлька быў добрым кавалём, да таго ж ніколі не адмаўляў у яко-небудзь просьбе. Ён забіў у тарэц калка жалезны шпень, нацягнуў рэхву і, падаючы млён Карпею, сказаў задаволена:
   – Бяры, цяпер млён нізашто не расколецца.
   Карпей падзякаваў Сэльку і, падумаўшы, дадаў:
   – От зляскаў такія-сякія жорны, дык хай стаяць сабе.
   – I правільна зрабіў, – адобрыў Сэлька, выціраючы замазучаныя рукі аб закарэлы брызентавы фартух. – Не ўсё ж таму Панку з жанок паборы здзіраць. Я ўжэ сам падумваў пра жорны, ды здароўя няма.
   Сэлька ўздыхнуў, зайшоўся доўгім, пакутлівым кашлем, і гэта як бы пацвердзіла, што ён гаварыў праўду. Сэлька прыйшоў з фронту і з таго часу не мог вычухацца ад хваробы: у грудзях сядзеў асколак, не даваў дыхаць.
   – А млён добры, не паколецца, – ужо наўздагон гукнуў каваль.
   Дома, перад тым як пусціць у ход жорны, Карпей заўважыў, што млён яшчэ не вельмі роўны – жанкі хутка панабіваюць мазалі. Узяў гэблік, абгладзіў дзяржак, потым выскраб млён кавалачкам шкла, вышараваў заечай шкуркай. Але можна было і не старацца: за які тыдзень шурпатыя далоні так адпаліравалі, выгладзілі млён, што ён ажно заблішчаў. Гэта было і не дзіўна, бо клопаты пра жорны якраз супалі з дажынкамі, і суседкі адна за другой неслі да Карпея маладое пахучае жыта. Новыя жорны стаялі ў сенцах, мліва заўсёды ішло пры адчыненых дзвярах, каб не вельмі пыліліся сцены, і скрогат камянёў разносіўся далёка па вуліцы. Хаваючыся за платамі на сваім панадворку, Панок чуў гэты скрогат, чуў і шалеў ад злосці, а неяк усё ж не вытрымаў, прыбег да Карпея.
   – Кажуць, ты жорны сабе змудрыў? – спытаў ён. – Я ж бо і чую: млён ляскае.
   – Зрабіў, і вельмі ўдалыя, – хмурачыся, адказаў Карпей, а жорны пахваліў знарок, каб узлаваць Панка. – Круцяцца лёгка. Папробуй...
   Панок пакруціў жорны, пацмокаў языком, і было відаць, што ён пазайздросціў Карпею, але адкрыта зайздросціць было няёмка, і Панок таксама пахваліў новыя жорны:
   – Праўду кажаш, Карпей. От ужэ не думаў, што ты такі майстар. – I, нагнуўшыся да Карпея, спытаў даверліва: – Няўжэ нічога не бярэш за мліва?
   – Не бяру і браць не буду! – сказаў як адрэзаў Карпей.
   – I дарма. Усё-такі свой мазоль трэба шанаваць.
   Панок пайшоў, злуючыся па Карпея, на ўвесь белы свет, і доўга яшчэ не мог паверыць, што от так, задарма, Карпей пускае суседзяў да сваіх жорнаў. Панок круляваў па дварышчы, слухаў, як скрогаюць суседавы жорны, і яму, відаць, хацелася заткнуць вушы ад гэтага ненавіснага скрогату жорнавых камянёў.
   А жорны ў Карпеевых сенцах, бадай, ніколі не сціхалі – круціліся і днём, і вечарам. Кабеты яшчэ зранку займалі чаргу: хто намерваўся змалоць жыта, хто хацеў здзерці на крупы гарнец пшаніцы, а часам жанкі, не вельмі тоячыся, прыносілі на мліва солад. I на гэта ў кожнага былі свае сямейныя прычыны: то радзіны, то вяселлі, дык як тут абыдзешся без вясёлай чаркі? Адна Сэльчыха, мабыць, ніколі не малола соладу: яе Сэлька не піў, шануючы сваё слабое здароўе, і Карпей быў здзіўлены, калі аднойчы, на згоне зімы, убачыў у Сэльчысінай саламянай сявеньцы сухое прарошчаыае жыта.
   – Для якой жа гэта патрэбы? – спытаў ён і толькі тут угледзеў, што ў Сэльчыхі ўчарнелы твар, а вочы мокрыя ад слёз.
   – Хіба ты не чуў? Мой жа Сэлька злёг. Ужэ які дзень не падымаецца, – заплакала Сэльчыха, і горкія слёзы закапалі ў сявеньку з соладам. – Не паправіцца ён.
   – Не дурыся, Матруна. Што ты пляцеш? – спалохаўся Карпей.
   – Ды ўжэ ж бачу, што кажу, – выцерла заплаканыя вочы Сэльчыха і яшчэ мацней налягла на млён.
   Карпей стаяў каля жорнаў, збянтэжаны нечаканай навіной, і раптам глянуў у сявеньку, з якой Сэльчыха жменькамі чэрпала прарошчанае жыта і засыпала ў жорны. Зярняты ў сявеньцы былі зморшчаныя, з двума вусікамі расткоў. Потым Сэльчыха выбірала муку з жорнаў, абмятала карыта гусіным пяром, і здавалася, што з адтуліны ў сявеньку сыплецца чорная мука. Праз дзён колькі Карпей быў на пахаванні, сядзеў за жалобным сталом, а ўваччу ўвесь час стаяла тая саламяная сявенька з соладам.
   Пасля таго як памёр Сэлька, соладу Сэльчыха, здаецца, больш ні разу не малола: на руках у яе засталося трое малых дзяцей, дык трэба было і апрануць, і пракарміць іх, а не пускаць на глум жыта, якога мела не вельмі багата. А Панок, мусіць, пільнаваў Сэльчыху, бо калі на часе яна паказалася на вуліцы з жоўтай саламянай сявенькай, ён выскачыў з брамкі і пачаў лагодна прасіць:
   – Чаго табе, Матруна, ісці да Карпея? Станавіся ў мае жорны ды мялі сабе. Я толькі што пазубіў камяні.
   – Ці не ўсё роўна, у чыіх жорнах малоць? – адмахнулася ад яго Сэльчыха.
   – Прыходзь, Матруна. Цяпер жа я ад цябе гарцаў не буду браць.
   Панок запыняў ля сваіх варот яшчэ і Ганну Тадорыну, і Броньку Петрусёву, гаварыў ім тое ж самае, але жанкі, як змовіўшыся, абміналі Панкоў дом. Ішлі да Карпея, і жорны тут то круціліся амаль бесперастанку, ад ранку да вечара, то надоўга сціхалі – у залежнасці ад таго, які запас зерня быў у сялянскіх засеках і паташоўках. Карпей радаваўся, што суседкі не ідуць да Панка, і стараўся добра глядзець свае жорны. Зубіў жараны, падбіваў кліны, каб лепш круціліся камяні, але не так ужо і лёгка было цягаць млён, і тады Карпей надумаўся прыстасаваць шасцерні, каб круціць жорны корбай.
   Ён схадзіў у МТС, выпрасіў у трактарыстаў патрэбныя жалязякі, а дома, прысеўшы каля жорнаў, доўга мудраваў, як бы лепш прыладзіць сваю механізацыю. Калі б жывы быў Сэлька, дык, канечне, той адразу даўмеўся б, што і як тут зрабіць. У Карнея ж з гэтай задумай нічога не выйшла. З прыкрасцю па сваю няздаласць ён закінуў корбу і дзве зубчаткі ў кут, а неўзабаве высветлілася, што яны і зусім не патрэбны. На калгасным двары ўстанавілі шатрак з электрычным маторам, каб на месцы драбіць жывёле фуражнае збожжа, і людзі, досыць хутка ацаніўшы выгоды тэхнікі, рынулі з млівам туды. Маторны шатрак не раўня, вядома, ручным жорнам. Тут не трэба пяцца, з усёй сілы налягаць на млён: высып зерне ў прыёмны бункер і чакай, калі гатовая мука напоўпіць мяшэчак.
   Карпей не горшы быў за сваіх суседзяў і, калі выпадала пільная патрэба, таксама хадзіў у шатрак, а ручныя жорны сіратліва стаялі ў сенцах, пакуль Алена не заўважыла, што тут яны здорава замінаюць. Карпей перацягнуў жорны пад паветку, і яны глівелі ў сырасці не адзін год, а гаспадару неяк і ў галаву не прыйшло, што драўляную раму даўно патачыў шашаль.
   Гэтая яго безгаспадарчасць надта кідалася ў вочы цяпер, калі сонца высака паднялося над хатамі і затапіла святлом увесь панадворак, высушваючы на траве ранішнюю расу. Карпей стаяў каля жорнаў, трымаў на вісу сякеру, якую вынес з-пад паветкі, шкроб патыліцу і не мог падняць руку на крывыя, скасабочаныя жорны. Усё ж з імі трэба было нешта рабіць, каб яны не тырчэлі каля плота, і Карпей занёс над галавой руку з сякерай, і пляскаты абух ужо гатовы быў абрынуцца на жорны, але тут Карпей адчуў, што з вуліцы на яго нехта глядзіць. Ён падняў вочы і ўбачыў, што каля варотцаў стаіць старая Сэльчыха.
   – Ну і як? Прывезлі хлеба? – апускаючы сякеру, спытаў Карпей.
   – Прывезлі, дзве бухеначкі купіла. А нашто мне дзве? Мусіць, ад зайздрасці – хлеб жа такі свежанькі, нават цёплы яшчэ.
   – То і добра, калі свежы.
   Сэльчыха не так сабе спынялася каля варотцаў: хацела, мусіць, нешта спытаць у Карпея, але забыла пра сваю думу і пайшла каля плота – сухенькая, сівая, з двума боханамі хлеба пад пахай. Карпей правёў яе вачыма, зноў замахнуўся сякерай, і зноў яму перашкодзілі. На готы раз у варотцах паказаўся Панок – адхіліў нагою брамку і, хмылячыся, ішоў да Карпея. Падышоў, паставіў на траву рыжую сумку з хлебам, глянуў на жорны і здзівіўся:
   – Ты яшчэ не разбіў іх? А я думаў, што ад іх толькі камяні засталіся.
   Карпей глядзеў па Панка і бачыў, што ён нечага хоча, а чаго – не мог здагадацца.
   – Паспею. Тут і работы на пяць мніут, – сказаў Карпей і, перакінуўшы сякеру ў левую руку, папляваў на далонь. – Гэта ж табе не новыя жорны рабіць.
   – Слухай, Карпей, – пачмыхаў у нос Панок. – Я ішоў з крамы і падумаў: ты от разаб’еш жорны, а камяні куды дзенеш? Выкінеш, напэўна?
   – Выкіну, на халеру яны мне.
   – От бачыш, не патрэбны яны табе, – зарадаваўся Панок. – Не выкідвай, лепш мне аддай. У маіх жорнах камяні даўно змалоліся. Верхні жарон дык зусім пляскаты, як блін.
   – Бяры. Вунь ужэ адзін ляжыць, – паказаў на крапіву Карпей. – Бяры ды каці ў свой двор.
   – Я табе за іх якую пяцёрку перакіну.
   – Не трэба мне тваёй пяцёркі! – абурыўся Карпей. – Бяры от, пакуль даю.
   – То я мігам... Толькі хлеб занясу.
   Панок, радуючыся, амаль подбегам пайшоў з двара, і як толькі ён адышоўся, з сянец выглянула Алена:
   – Карпей, а чаго гэты халернік да цябе ўнадзіўся? Так сабе ён не ходзіць да нас.
   – Ведама чаго! Просіць, каб жараны я аддаў.
   – Скулу яму ў бок, а не жараны! – чмыхнула Алена. – Бачыш ты! Трухлявы як пень, а яшчэ пра нешта думае. – Яна пакруціла галавой, дзівячыся з нахрапістага Панка, і сказала рашуча: – Абронь бог, не аддавай! От разбівай жорны ды ідзі снедаць.
   Карпей разбіваў скрыпучыя, скрыўленыя жорны, сярдзіта грукаў сякерай, і яму сапраўды варта было спяшацца, бо ў хаце стыла на стале гарачая бульба, а каля хлява стаялі неакораныя жэрдкі – іх трэба абстругаць і залатаць плот, каб куры не залазілі ў агарод і не дратавалі гурочныя градкі, якія пасля нядаўніх цёплых дажджоў успучыліся жоўтым пахучым цветам.

Похожие статьи:

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Лясная трывога

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Жорны

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Каламутная вада

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Бедная басота (урывак)

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Падарожжа ў Цельшына