Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык

Увага! Поўны змест  

   Яна была старая, рыжая з кароткімі адмарожанымі вушамі і заўсёды сумнымі вачыма. Яшчэ змалку ёй прышчамілі голаў, і яна страціла голас і ўжо зусім не мяўкала, а толькі неяк бездапаможна і бязгучна разяўляла рот. Прыбілася яна сюды ў крайнюю з вёскі хату яшчэ кацянём. Тут яна пражыла шэсць год, пастарэла і пачала аблазіць. Яе цяпер сталі гадзіцца, выганяць з хаты і біць чым папала — венікам, матузамі, іншы раз дык проста нагамі. Два разы яе зносілі з дому — першы раз не так далёка — у мястэчка, адкуль яна вярнулася ў той жа самы дзень, другі раз у горад — за сорак кіламетраў; дагадлівы гаспадар укінуў яе ў мяшок і павёз з сабою на кірмаш, як парася, але, вядома, не прадаваць, а проста вытрасці з мяшка, можа, часам і на чужы воз.
   З горада яна прыйшла нешта праз месяц, прыйшла худая, зношаная і ледзь жывая, на ёй былі толькі скура ды косці. Але за восень яна выкачалася, акрыяла і, здаецца, памаладзела. Пасля першых прымаразкаў сталі калоць свіней і ў няўдалае гаспадыні можна было нават залезці ў непрычынены кубелец. На мышэй яна ўжо не мела ні пільнасці, ні спрыту. Дадому яна прыходзіла, каб напіцца вады, выграцца на печы.    Але там, раскінуўшы рукі, граў носам сам гаспадар, і яна толькі баязліва паглядала на яго пухлы кулак, што звісаў над пячурай. Далезці да вады было яшчэ горш. Вада стаяла ў вядры на калодзе ў памялешніку. Трэба было прымергавацца і скочыць, каб не забрашчаў вочап. Але вочап звычайна брашчаў, і вельмі моцна. I яе тут жа секлі вострыя і надта пякучыя матузы — гэта, вядома, гаспадыня, гаспадар дык проста біў яе сваім цвёрдым, як камень, кулаком. Біў ён не шкадуючы, моцна. Аднаго разу яна ледзь устала з зямлі і болей пабойвалася заходзіць у хату. Піць ваду бегала аж да завоінкі на балота, пад старую вярбу. Тут яе ўжо ніхто не ганяў. Толькі іншы раз дурная варона, згледзеўшы яе з старое высокае алешыны, падазрона крычала на ўсё горла. На гэты крык зляталіся другія і нават пачыналі кружыцца над завоінкай.
   Зацішна было і на гарышчы, дзе яна цяпер жыла, сплючы на жменьцы нейкага старога і зусім перацёртага сена.
   Сена было порсткае, калючае, пахла яно сухім даўнім пылам, як і пахла ўсё тут гарышча нечым старым, сатлелым, нават павуціннем, што вісела вялікімі дзіравымі сеткамі. У павуцінні быў комін, калаўротак, што валяўся тут бог ведае колькі, і ўся іншая гаспадарчая размаітасць — іржавы плуг, тачка, скрутак калючага дроту і нават нямецкая каска, у якой некалі гаспадар даваў курам есці.
   У рэдкія пагодныя дні скупое на цяпло восені сюды, на гарышча, праз невялікае акенца глядзела прыемна ласкавае сонца. Роўны слупок, у якім, як нешта жывое, плаваў пыл, даставаў аж да сена. Яна жмурыла косыя вочы і салодка засынала.
   Прачыналася тады, калі слупок, прарваўшы павуцінне, стаяў на нейкім старым без аднае ножкі ўслоне. На гэтым услоне, яна помніць, гаспадар заўсёды разбіраў вепрукоў, але яе тады выганялі з хаты. Гэты ўслон невядома нашто спатрэбіўся ізноў — і гаспадар прылез на гарышча.
   — Ужо сюды прыйшла здыхаць!— раўнуў ён, убачыўшы яе, але на гэты раз ужо не біўся.
   Узяў услон і пачаў хуценька спускацца з гарышча. Болей сюды ён не лазіў. Толькі, мусіць, калі выкапалі бульбу, з сенцаў кінуў на гарышча дзіравы лазовы кошык. I на гарышчы на ўсю зіму стала ціха. Зімою тут было толькі сумна, адзінока і холадна. У завіруху на гарышчы, як жывы, спатыкаючыся ўпоцемку на нешта, хадзіў вецер, а ў вялікі мароз недзе стралялі вуглы — аж яна падскоквала ад страху. Зімою яна перабралася бліжэй да коміна на нейкую збітую ў лямец кудзелю. Кудзеля пахла некалішнім цёплым мышыным жытлом. Цяпер мышы тоненька папісквалі ў стопцы, мусіць, праядаючы мяшкі і сыта жыруючы. Колькі раз яна шукала туды дзірку і кожны раз злая і галодная варочалася на злямцаваную кудзелю.
   Аднекуль з надворку вецер прынёс на гарышча пах свежага сала і кілбасаў. Смачна аблізваючыся і прынюхваючыся, яна спусцілася па вугле на двор і праз чужыя, занесеныя глыбокім снегам агароды пабегла на гэты пах. Быў ціхі вечар. Быў сіні месяц на чыстым небе. Нанач дужэў марозік: звонка патрэсквалі платы, недзе на вуліцы пад нечымі нагамі хрумсцеў снег. На свеце быў сакавік — першы месяц вясны. Кругом стаяла мяккая відната. Кругом было чыста, снежна і хораша.
   Мінаючы нечы хлевушок, яна пачула, як сумную маладую песню мяўкаў кот. I ёй здалося, што ён быў малады. Яна прыпынілася, прыслухалася — ён, здаецца, быў тут блізка.
   Абабегшы хлевушок, яна пільна глянула ў прачыненыя дзверы і ў цемнаце ўбачыла вялікія зялёныя вочы. Яна завярнула назад. У некага пад носам перабегшы вуліцу і падлазячы пад плот, аглянулася — ён бег за ёю. Чорны, вялікі, з белымі, як у боціках, лапкамі. Ужо не аглядваючыся, яна дабегла аж да свае хаты. Скокнуўшы на вугол, учула, як ён мяўкнуў недзе блізка.
   Затоіўшыся на гарышчы, яна не ведала, што рабіць: ён ішоў сюды да яе, асцярожна, мякка, нібы на пальчыках, а потым убачыла яго вочы — яны гарэлі зялёна-залацістым агнём. Затоена-радасна яна адступіла назад...
   Спадала зіма. Тугія вятры. напоеныя вільготным цяплом полудня, прынеслі адлігу. Цяжка гупаў, растаючы і спаўзаючы са стрэхаў, мокры снег. Радасна шумелі голыя дрэвы.
   У зацішку ў гародчыках шчабяталі і чубіліся біцца вераб'і.
   Прылёгшы за плотам, яна доўга і пільна сачыла за імі, а аднойчы, скокнуўшы на жывы ад вераб'інай гаманы бэз, адчула ў сабе нейкую незнаёмую цяжкасць. Гэтую цяжкасць яна адчувала цяпер штодня. I ўжо болей ляжала, грэючыся на прызбе, і ёй успамінаўся той чорны, з белымі лапкамі кот. Яго прынеслі сюды ў вёску аднекуль здалёк, і ён, мусіць, сышоў дадому. Яна не ведала цяпер, дзе і што з ім. Яна пільнавалася болей гарышча, на выпадак выклаўшы лазовы кошык кудзеллю і сенам. На гарышчы цяпер было цёпла, хораша, але ўсё ж гэтак адзінока. Сумна, але з нейкай прыхаванай, затоенай радасцю ў вачах чакала яна дзяцей.
   Беглі дні, недзе далёка закаціўся першы гром. У гародчыку ля хаты бушаваў май. I на гарышчы густа і цёпла запахла арабінаю і бэзам. Недзе за ліштваю ў акне ціўкалі нядужыя і голыя вераб'і. Прыйшла гэтая няскорая, вымучаная пара і для яе. Прыйшла яна ў нядзелю раніцай — разам з першым сонечным зайчыкам, што праз акенца ў шчыце бліснуў сюды, на гарышча, і замільгацеў залатым кружком па запыленай лаце. А сярод дня невядома чаго сюды, на гарышча, падагнала гаспадара, падагнала якраз тады, калі ў лазовым кошыку ўжо нямогла верашчалі, просячы есці, чацвёра сляпых і ўсе як адно — кропля ў кроплю бацька — кацянят: чорненькіх, з белымі лапкамі. Яна ад шчасця мяўкнула, і ёй здалося, што першы раз у жыцці, напэўна, голасна. I, пэўна, першы раз гэты голас яе пачуў гаспадар. Прылезшы на гарышча, ён глянуў у кошык і гадка плюнуў:
   — Каб ты выдахла разам з імі,— і, падняўшы кошык, адвярнуў галаву, каб не глядзець у яго.
   Кацяняты заверашчалі. Яна жаласна, але бязгучна мяўкнула, і з жоўтых вачэй у яе, здаецца, пакаціліся слёзы. У кошыку ўсё гэтак нямогла, мусіць, просячы літасці і ратунку, пішчалі кацяняты. Не помнячы нічога, яна падскочыла і ўпілася вострымі кіпцюрамі ў тую руку, што трымала кошык. Гаспадар войкнуў і ўпусціў кошык. Але гэта было нядоўга, мусіць, толькі доўга яна ляжала ў сенях — ці не нагою яе сюды збіў гаспадар. Калі яна прылезла на гарышча, тут ужо нікога не было — ні гаспадара, ні кацянят. Тут толькі стаяла млявая цішыня і недзе ў павуціне ўсё звінела і білася муха. Яна аблазіла ўсё гарышча, але кошыка нідзе не знайшла. Па сцяне яна спусцілася ў сені — напалоханыя куры, растапырыўшы крылле, з моцным крыкам паляцелі на двор. Нехта выбег з хаты, нехта кляў яе, але яна не чула, яна думала пра кацянят, яна шукала іх, вядома, не ведаючы, што гаспадар занёс іх пад старую вярбу ў завоінку. Яна абабегала хату, абшукала бэз, абхадзіла ўвесь гарод і нідзе не знайшла. Вярнулася зноў на гарышча. Яна яшчэ спадзявалася, што кацяняты недзе тут. Абабегшы ўсё гарышча, яна вылезла на двор. На дрывотні цяпер ужо валяўся той самы лазовы кошык: ад яго пахла нечым знаёмым, сваім — пахла кацянятамі. Ад шчасця і радасці ў яе пасвятлелі вочы. Але кошык быў пусты, з яго нават вытраслі кудзелю і сена. Яна доўга і без жаданае надзеі сядзела тут. I нават не зварухнулася, калі сюды, да баначкі з курынаю вадою, прыляцеў верабей і стаў мыцца, натапырыўшыся ад радасці. Весела цвіркнуўшы, чысты і давольны, ён паляцеў, так, пэўна, і не ведаючы, што быў на валаску ад смерці. А кошка ўсё сядзела, покуль вечарам, звонка стрэліўшы пугай, не сагнаў яе пастух.
   Ноччу яна прыйшла сюды зноў. Кошык ізноў быў пусты, але ад яго пахла кацянятамі. Цяпер імі пахла ўсюды, ёй здалося, што яны нават недзе пішчалі. Яна пабегла на гэты піск аж у другі канец вёскі, туды, дзе з-за нечае страхі выкочваўся вялікі чырвоны месяц. Неба на ўсходзе аблівалася крывёю. Сумная і адзінокая, яна варочалася дадому, каля нечых веснікаў наткнуўшыся на сабаку. Добра, што поруч стаяла бярэзіна. Аблавухая, маленькая, пэўна, сучачка, аж драла ад злосці пясок, што не змагла дастаць гэтую старую аблезлую кошку. А тая, пэўна, праседзела б на бярэзіне да раніцы, каб не выйшаў гаспадар і не прытупнуў на сабаку.
   Прыбегшы дахаты, першы раз яна не палезла на гарышча, першы раз гэтая хата здалася ёй чужою, і ўсё тут было іншае, перайначанае. З нейкім астатнім жалем глянуўшы на пусты кошык, яна скіравала на сценку, што бегла за вёску ў поле, і пайшла гэтаю сценкаю невядома куды. Сумна бялела неба на ўсходзе, і недзе над полем усё звінеў і звінеў першы жаваранак. На маладой траве густа халадзела раса. Нізка над жоўтым папарам заплакала кнігаўка,— нехта, мусіць, так рана патрывожыў яе гняздо. За папарам зелянеў рэдкі малады лубін — увесь аж сівы ад расы,— у ім, пэўна, нешта рабілася. Падкраўшыся да лубіну, кошка пачула, як там нешта піскнула, зашапацела, заварушылася і раптам сціхла. Не зважаючы на расу, яна куляй кінулася туды. Кнігаўка, убачыўшы яе, пырхнула ўгору і закрычала яшчэ мацней. Пільна навастрыўшы доўгія вушы, у разоры сядзела шэрае зайчаня, і, гледзячы на кошку адным вялікім і няхітрым вокам, не ведала ўжо, як і ратавацца. У жываце ў кошкі заварушыўся голад. Зайчаня, мусіць, крышку пасмялела, адышло ад страху і раптам скокнула, але зачапілася за сцяблінку лубіну і, смешна ўпаўшы, расцягнулася ў разоры. Гледзячы на гэтае нядужае і зусім дурненькае зайчаня, кошка ўспомніла сваіх кацянят, яны вось гэтакія нямоглыя і неакрыялыя, як гэтае зайчаня, успомніла той жаласны піск, калі ў лазовым кошыку іх падняў гаспадар. I ёй зрабілася шкада зайчаняці, яе ўжо адольвала тужлівая прага мацеры мець дзіця, выгадаваць хоць вось гэтае неразумнае зайчаня. А яно, ужо асвойтаўшыся, зусім не збіралася ўцякаць, яму проста па-дзіцячаму захацелася пазабаўляцца, і, падняўшы кароткі белы хвосцік, зноў скокнула. Яна, спалохаўшыся, што зайчаня ўцячэ, схапіла яго за карак далікатна, каб не задушыць.
   Але яно, баязліва піскнуўшы, стала трапятацца. Яна доўга важдалася і начыста замучылася, покуль вынесла яго з лубіну: ня сцежцы яна хацела перадыхнуць, але яно вырвалася зусім. Нават трохі раззлаваўшыся, прыціснула яго да зямлі і занадта ўжо балюча ўзялася зубамі за спіну. Зайчаня нема заверашчала.
   — А во кошка зайчаня душыць! — крыкнулі недзе зусім блізка. Яна нават не ўбачыла, што гэта былі паляўнічыя, і нават не паспела апомніцца. Раптоўна грымнулі два запар стрэлы, моцна, як гром, аглушыўшы яе. Ёй здалося, што ў зайчаняці між вушэй зачырванелася кроў, і раптам гэтая кроў стала чарнець: перад вачыма ў яе стаялі кацяняты, гэтакія вялікія, з белымі лапкамі, кропля ў кроплю бацька. Раптам усё знікла, раптам стала ціха. Але яна ўжо не чула гэтае цішыні. Недзе далёка над рэчкаю двойчы адгукнулася і мякка рассыпалася рэха. Недзе там кукавала зязюля, кукавала яна пра шчырую вясну і сваю вясёлую долю і, пэўна, не ведала і не гадала, што ў гэтую чыстую раніцу нехта плача па дзецях, і нехта памірае, страціўшы іх.
   Усходзіла сонца. Пачынаўся новы дзень мук, жыцця і радасці.

Похожие статьи:

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Дзікі голуб

БиографииВячаслаў Адамчык

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Пагарэльцы

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі