Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вячаслаў Адамчык - Кароль Нябожа

   Увага! Поўны змест

   Летась на «рускага Пятра» (яго рэдка дзе цяпер святкуюць у нашым баку) малодшыя ў вёсцы бабы спраўлялі «велькую гарэлку» — пілі цэлым звяном, балазе кончылі палоць лён.
   Пасля шчырага дажджу, полуднем, вецер сушыў купіны зялёнага моху на страсе і вымытую ўдзень даёнку на плоце. Толькі на вішні, перад акном, матляхала яшчэ сыраватымі рукавамі зношаная, з вырваным плячом, рубашка — страшыдла ад сарок і шпакоў — і на лічаннях капусты, што расла ў гародчыку і не бралася яшчэ ў галоўкі, дрыжала растопленым волавам тлустая вада.
   Перад парогам у пустым карыце чубіліся біцца, натапырваючы мокрае пер'е, бясхвостыя пеўнікі, і на прыгуменні мыкала, закруціўшыся вяроўкаю за калок, пярэстае цяля.
   Але ў хаце не чулі. П'яныя бабы ўставалі з цвёрдае лавы, адпіхалі жыватамі стол і выходзілі на сярэдзіну хаты. Пабраўшыся ў пары, шоргалі босымі нагамі па чорствым гліняным таку; па жоўтых сухаватых лытках матляліся чорныя паркалёвыя спадніцы, і ў вокны віўся клубкамі пыл — горкі, ад яго пяршыла ў роце.
   Толькі адна, каторая не мела пары, сядзела на покуце, выцінала языком польку і біла па стале счарнелаю дзеравянаю лыжкаю; на край ехалі шчарбатыя алюміневыя відэльцы, а ў шклянцы калыхалася і, здаецца, аж курылася сівая, як туман, недапітая на палец самагонка.
   Бабы прытупвалі сухімі патрэсканымі нагамі і падспёўвалі: «Цягнуў ногу на дарогу, як выцягнуў, так пайшоў». Хусткі ў іх з'язджалі на патыліцы, і было відаць, як трасліся дробныя, сабраныя з рэдкіх пасечаных валасоў, іхнія куклы.
   Змогшыся, бабы пападалі на ложак і там ужо аддыхваліся, падцягвалі на клубах спадніцы, убіралі за пояс кофты і папраўлялі валасы. Шчокі ў іх раз'ятрана гарэлі. Толькі тая, чарнявая, дробная ў твары, што сядзела на покуце і выцінала языком польку, была спакойная і, падсунуўшыся цяпер да акна, глядзела на двор: з вуліцы ў надворак заварочвала фурманка. Вялікі гняды конь з сытымі персямі раптам тузануўся і стаў — зачапіўся задняю воссю за рог плота. На частаколіне заварушылася даёнка, і з перапуду, махнуўшы голымі крыллямі, ад карыта адскочылі цыбатыя кураняты.
   — Ці не стары Кароль Нябожа прыехаў? — спытала чарнявая маладзіца, не азіраючыся на хату.
   — Дзе? — бабы пасхопліваліся з ложка і павіслі перад акном адна адной на плечы.
   — Нос у яго велькі, дальбог, пачуў гарэлку,— сказала некаторая з тых, што глядзелі праз другое акно.
   — Гэты нос і так ужо набраўся.
   Конь пацягнуўся да травы, і на вочы яму пасыпалася скалмачаная, у шышках ад дзядоўніку, грыва. Зноў затрашчаў плот.
   — Дальбог, загарадзь паломіць! — забедавала вялікая бялявая гаспадыня, кінулася ў сені і не зачыніла за сабою дзверы.
   Счакаўшы, за ёю выбеглі ўсе. Узяўшыся за цуглі, бялявая заварочвала каня: воз крута вярнуўся набок, аб драбінку шоргала пярэдняе кола.
   — Назад, назад трохі дай,— крычалі ад парога бабы,— бо, дальбог, выкінецца чалавек з воза.— I беглі брацца за дышаль, каб адцягнуць воз назад.
   — Авой, гэта ж ён нежывы! — крыкнула адна і адскочыла ад воза.
   Разапрэлыя бабы раптам звялі, працверазелі і сціхлі. На возе ў палукашку, прутка выцягнуўшы ногі, ляжаў з адкрытымі невідушчымі вачыма сухі і скамянелы ў твары Кароль Нябожа. Шапка ў яго з'ехала — вецер перабіраў сівыя валасы...
 

***

   Караля ў той дзень бачылі ў мястэчку: было гэта пад дванаццаць — ён стаяў з возам каля пераезду. Мільгаючы зялёнымі вагонамі, прайшоў прыгарадны цягнік, але шлагбаума яшчэ не падымалі.
   — То адчыняй, чаго стаяцьму! — крыкнуў з воза Кароль. Ён сядзеў на анучах, натрамбаваных пад самыя драбінкі; яго востры і загнуты да губы нос глядзеў з-пад салявога мяшка, насунутага на самыя вочы: разышоўся той самы дождж, што рабаціў гладкае каменне на шашы і крапіў палеглую ад пылу траву ў канаве.
   «Пераездчык» усміхнуўся, не адкрываючы, а толькі расцягваючы губы, заткнуў за халяву скручаны жоўты флажок і пайшоў паднімаць шлагбаум; на канце брыля ў яго дрыжалі дажджавыя кроплі.
   Недзе на станцыі аціхаў цягніковы шум, а тут, на пераездзе, яшчэ ляскалі мокрыя рэйкі. За чорным насмаленым дахам доўгага склада вяла ўставаў густы, хоць ты па ім качайся, белы дым. А тут пырскаў, шапацеў, як што шукаў, дождж. Блішчала мокрая бляшаная страха на пераезднай будцы. Цвіў зялёным лішаём на другі бок чыгункі нізкі плот.
   Кароль думаў, што вот мокнуць анучы і можа прыйдзецца варочацца дадому і што вот круціць — абы дождж — руку, а ён ад самае зімы ніяк не збярэцца да доктара.
   — Эй, чаго заснуў!—ляпнуў дзвярыма «пераездчык» і схаваўся ў будцы.
   Кароль тузануў за слізкія лейцы, конь уздрыгнуў мокраю скураю, натужыўся і пайшоў. На пераездзе падкінула і пачало трасці воз.
   Мястэчка было мокрае, соннае: па гонце на стрэхах, па цёмным бэзе ў гародчыках холадна расіў дождж. Нізкія прысадзістыя яблыні хавалі ў сваім лісці дробныя, з курачае яйцо, яблыкі. За рогам высокага плота востра трашчаў і раптам глух нядужы матацыкл: там была аўтобусная станцыя — конь завярнуў туды; ён ведаў дарогу сам. Тут ціханька мок пусты, з адчыненымі дзверцамі аўтобус, а бабы сядзелі пад навесам і чакалі «свайго».
   Прыпёршыся да слупка, стаяў мужчына з перавязаным вокам, на хустцы цямнела, запёкшыся, кроў.
   — Ці не Восіп? — Кароль адхіліў ад вачэй салявы мяшок і пазнаў з свае вёскі колішняга брыгадзіра.— Хто ж гэта цябе так?
   — Хто ж, як не свой! Швагер вунь... — чалавек падняў галаву.— У бальніцу іду, хай спраўку дадуць.
   — Ага...— Кароль скіраваў у вулачку між глухою сцяной хаты і драцяною загараддзю ў дзве столкі. За ёю ўжо цвіла ліловым, як вылінялым, цветам ранняя картопля.— Б'юць? А табе і не вадзіць. Думаў — век будзеш цараваць? Прыйшло і на цябе...— Кароль ужо гаварыў сам сабе.
   Колы шоргалі па пяску, ён браўся за шыны і адвальваўся ў каляіны сырым цестам.
   За картоплямі, за драпяною загараддзю на голым дворышчы шэрхлі на дажджы козы: у аднае на шыі целяпалася качалка. Каза паднімала абедзве нагі разам і скакала да калючага дроту, у картоплі.
   — Куды цябе нясе? — крыкнула і адлучылася ад шэрае сцяны блізкае хаты босая кабета без хусткі.
   Кароль пазнаў дурнаватую Бортнікаву дачку — вярнулася хворая з Нямеччыны, так і не выздаравела. Бортнік памёр нагле на згоне зімы. Кароль так і застаўся вінен яму тры рублі — пазычыў яшчэ восенню.
   — Тпру! — Кароль прыпыніўся і пачаў абмацваць на грудзях кішэньку — там меліся быць грошы.— «Трэба аддаць, аддаць хоць ёй. Чужога не спажывеш».
   Прыпынілася і маладзіца. Яна была ў адной сукенцы на голае цела. У белых, роўных, як пруткі, валасах сядзеў грэбень. У руцэ яна трымала сукаваты, з сухое грушы, кіёк.
   — Як жа цябе зваць? — абедзвюма рукамі Кароль зняў з галавы мяшок. За шыю пачаў церусіць халодны дождж.
   — А ты не ведаеш, ці што? — маладзіца калупала сукаватым кійком пясок.
   — Ведаю, таму і хачу аддаць табе грошы. Некалі быў пазычыў у бацькі,— Кароль разгладжваў скамечаныя паперкі.
   Маладзіца глянула спадылба і не падняла галавы.
   — Мяне не вельмі купіш...
   I пайшла, ступаючы шырока, па-мужчынску, і б'ючы грушавым кійком па калючым дроце: дрот звінеў, з яго пырскала вада.
   — Но-о, каб на цябе воўк! — Кароль махнуў рукою, прыпаднімаючыся і шукаючы пад сабою пугу.— Вот зачапі такую. Но-о-о!
   Кароль круціў над галавою лейцы. Конь туліў вушы, адварочваўся ад дажджу. Кароль скіраваў на цвёрдую, уезджаную машынамі вуліцу — яна спадала ў лагчынку, і конь пабег сам — напіралі калёсы.
   Радзеў, перасціхаючы, дождж. На нечым коміне асіпла ад крыку мокрая варона. Кароль пазнаў страху Красоцкага — загадчыка базы «Утыльсыравіны». За абвіслаю на плот чарэшняю жаўцела шалёўкаю сухая з гэтага боку сцяна.
   Кароль тузануў лейчыну — конь скіраваў на масток з круглякоў цераз канаву і стаў, упёршыся ў высокую з дошак браму. У двары гаўкнуў і зазвінеў дротам сабака. Кароль ссунуўся з воза, закруціў лейцы за шула і, прыгнуўшыся, знік за вузкімі веснікамі.
   Сярод двара ў цабэрку з двума вушкамі мок фікус. У паліваную місу каля ганка цурком лілася са страхі вада. Сабака кінуўся з-пад буды, павіс на караткаватым ланцузе і захроп ад злосці — нашыйнік пераціскаў яму горла.
   — I табе не брыдка? — Кароль патрос стусінавым пужальнем.— Жучок...
   Сабака закруціўся на ланцугу, нехаця завіляў хвастом і пашыўся ў буду — аб дошкі за ім загрукацеў ланцуг.
   У акне, што было на кухні, паказаўся кабецін твар і знік: Кароль убачыў жонку Красоцкага. Пашоргаў чаравікамі па драбінках, што ляжалі перад ганкам, і знарок загрукаў перад дзвярыма, каб было чутно ў хаце.
   — Во, дзядзька Кароль прыехаў! — прачыніўшы дзверы, кабета дзяржалася адною рукою за клямку, другою трымала сабраныя за патыліцу валасы — ці не збіралася іх мыць. Рукі ў яе былі голыя аж да плячэй.
   — То ідзіце ж у хату,— кабета зняла з клямкі голую руку і пастаранілася.
   — Не... Я тут з канём. Прывёз дабро. А дзе аспадар? — спытаў Кароль, не заходзячы ў сенцы.
   — Спіць. Улёгся, і каторая пара.
   — Ат, такое бяды. То можа вы адамкняце хлеў? — спытаў Кароль, так і не пераступіўшы цераз парог. Рагі яго фуфайкі набрынялі вадою. Пад нагамі ўжо збіралася лужына.
   — Чаму ж не, толькі акрыюся,— сказала яна і мільганулася за сцяну, недзе да вешалкі.
   Ён пайшоў адчыняць браму.
   — Хаця ж не едзьце — фікус возьдзека.
   Ён зняў з прабоя зашчапіцу і аглянуўся на яе голас. Яна ўжо спускалася з ганка: у мужчынскім пінжаку з падкасанымі рукавамі, у белай хустцы, што гладка ляжала на галаве, завязаная недзе аж на патыліцы пад валасамі.
   — Пачакайце, ці ж адна падымеце — гэтакі ценжар,— сказаў ён і тузануў да сябе дзверы — адчыніў браму.
   Яна чакала яго: падвязвала, каб, мусіць, не раскалоўся, фікус. Сукня на ёй падцягнулася вышэй каленяў. Ён падышоў, пільна ўзіраючыся на яе яшчэ пруткія, цвёрдыя ногі, белыя пад каленьмі. Яму заўсёды падавалася, што яна была кругом як тая бежанка, хіба трохі нізшая.
   Бежанку тую ён меў даўно, у другое ці першае лета пасля вайны. Была яна тады адных год з цяперашняю маладзіцаю — бралася пад сорак, была дзябёлая, толькі паўнейшая ў твары, вузшая ў клубах, такая ж русавая, і надта ж белае цела — можа як і гэта.
   Ён узяўся за другое вушка ў цабэрку з фікусам і адвярнуўся, каб не глядзець ёй у вочы: саромеўся, што пачало думацца старому пра ўсё брыдкае і маладое.
   Яны маўчком паняслі фікус пад хату. На іх лілося са страхі, густа, як праз рэшата цэд, але дождж перасціх. На ясным небе за хлявом востра паднімала цёмны вяршок маладая высокая груша.
   Міса каля ганка была поўная, як вока, кругом яе ўжо стаяла лужына, жоўтая, нібы з попелу луг, і ў пене. Маладзіца абмінула лужыну і пайшла да хлява, слізгаючыся па раскіслай гразі. Сабака высунуўся з будкі і скочыў лапамі ёй на ногі. Яна крыкнула на яго, адмахнуўшыся рукою,— на лытцы ў яе чарнела пісягаю гразь.
   У адчынены хлеў Кароль уехаў з калясьмі. Пахла свежым гноем; у загарадзі рохкаў белы доўгі япрук і шоргаў спіною аб сцяну.
   — Нябось, добрая скварка,— сказаў Кароль і павесіў торбу з сенам каню на шыю.
   — Леташні быў як лось, а гэты закажанеў, нічагутка не есць,— маладзіца падняла з тока астаткі зелля, урэзанага картапляніку і макрыцы, і кінула за загарадзь.
   Кароль згроб з воза мокрыя анучы і растрос па таку ў пустой старане, дзе ляжаў яго палукашак — пакінуў некаторы раз,— і сказаў:
   — Гадаваў бы і я, але хто карміцьме?
   — Узялі б якую, ці ж мала?
   — Не ў маіх ужо гадох.— Ён падышоў да воза і набраў бярэма ануч.— А быў панаравіў адну.— Ён ізноў падумаў пра бежанку.
   — А кажаце — стары...
   — Не цяперака, а як бежанцы ехалі ў першы год пасля вайны,— сказаў ён ужо каля сцяны, дзе горбаю кінуў анучы. Вярнуўся да воза і сказаў яшчэ: — Маладая была, не раўнуючы, як вы цяпер,— і ўкалоў вачыма.
   Маладзіца пачырванела і схавалася за каня — сышла з яго вачэй.
   — I чаму ж, дзядзька...
   — Дзеці асталіся тамака.
   — Скуль жа яна?
   — Недзе з-пад Варонежа, з сяла Ганны, казала.
   — I многа дзяцей?
   — Трое, казала.
   — Удава хіба?
   — Чаму ж? Не,— ён прынёс і ўклаў у воз лазовы палукашак.— Інвалід толькі.— I яму прыпомнілася, што бежанчын, казала, прыйшоў з вайны без абедзвюх рук.— Трудна ёй прыйшлося, ой, як трудна,— сказаў Кароль і пайшоў знімаць з каня торбу. Завязаў яе і кінуў у палукашак, каб было мякчэй сядзець у возе.— Аб'ездзіў паўсвету, а назбіраў во — гляньце — жменю,— ён паказаў на анучы і ўзяў каня за вобруць каля мокрых, у зялёнай пене цугляў.— Цяпер парцянога нямашака, усё гэтая танюсенькая крамніна.
   Ён даў каня назад — задзіраючы галаву і спатыкаючыся на парозе, аж асядаючы на воз, конь задам выйшаў з хлява.
   Маладзіца зачыніла хлеў і пайшла наперадзе каня; каля ганка, каля місы нагнулася, узяла жменю вады і абмыла з лыткі гразь.
   Кароль выехаў з надворка і спыніўся за мастком на вуліцы — зачыніць браму.
   — Не мардуйцеся, я сама...— сказала маладзіца, ідучы да брамы.
   — То добра,— крыкнуў Кароль, усаджваючыся ў палукашку на мяшок.— Скажыце свайму, што на днях прыеду.
   — Ну ле, скажу,— яна стаяла ў расчыненай браме. Пад нагамі ў яе, як нанава адскочыла, зелянела трава.
   Кароль ад'ехаўся і аглянуўся: яна яшчэ ўсё не ішла ў хату, каля чорнага плота была знаць яе белая хустка.
   Свежаю шалёўкаю здалёк жаўцела сухая сцяна Красоцкавай хаты.
   Стары Кароль думаў пра маладую Красоцкаву жонку і пра тое, што яна рыхтык тая бежанка.
   Скрозь у хатах сохлі запацелыя вокны. На пустым дворышчы валтузіліся дзеці, білі нагамі мячык, што, мусіць, паляжаў на гарачай печы — бок у яго ўваліўся. Бортнікавай дачкі з козамі не было. I Каралю зноў успамянуліся тыя пазычаныя тры рублі. Падумаў, што грэх адзін — прапіць, і не скіраваў на дворышча, паехаў вуліцаю: так бліжай было да сталоўкі.
   Конь плюхаў па лужынах: вуліцаю з грудка яшчэ сачылася вада, у калдобіне, дзе яе назбіралася многа, круцілася пена і плавала леташняя салома. З каня ішла пара, ён яшчэ добра не высах.
   Перад вачыма ў Караля ўстаў Бортнік.
   Было шкада, што Бортніка нямашака на свеце,— як шкада дрэва, што расце пры дарозе і яго зрэжуць.
   За дворышчам стаялі новыя хаты, і Кароль ужо не ведаў чые,— людзі будаваліся хто адкуль і хто як мог. Хаты былі са шпуру, з новага і старога дзерава. На шэрай абмошанай сцяне з жоўтымі шуфлядамі ў вокнах яшчэ без рам былі знаць крэскі ад сіняе крэйды — нехта перавозіў і перасыпаў стары будынак.
   Хаты стаўлялі ўжо і на тым месцы, дзе за польскім часам быў свіны рынак, а вайною вучыліся нямецкія салдаты: джаламі на ружжах блішчалі шырокія багнеты. У Караля тады аж адарвалася ўсё ў грудзях — ён ледзве не насунуўся на гэтакі багнет. Перад ім стаяў немец, маладзенькі, і зубы белыя і роўныя, як не свае,— ён рагатаў, наставіўшы на Караля ружжо. Кароль ішоў глядзець Хоневу хату. Яна стаяла ў канцы свінога рынку: яшчэ новая, дзеравіна ў дзеравіну — адна смаліна.
   Немец кіўнуў галавою — паказаў ісці назад, але Кароль не паспеў адысціся: ніжэй паясніцы ў мякаць упіўся і аж, здаецца, застаўся там сядзець багнет. Салдатня душылася ад смеху.
   Рана гаілася доўга, бытта ўкусіў сабака. Кароль і прыкладваў яе дзіваннай — лякарствам ад шалёных сабак — зеллем, што расце на выгарах у лесе: жоўтыя кветкі на тоўстым стрымбулі і шырокае, як у лопуха, лісце.
   У Хоневу хату ён не перабраўся, хоць свае не меў — згарэла, як немцы палілі вёску. Жыў у мястэчку: пуставалі казённыя дамы.
   Сюды да яго і прыходзіў Хоня. Прыцемкам адлучыўшыся ад купы, калі яўрэяў гналі ўжо з работы з тартака назад у «гету». Хоня і казаў тады Каралю, каб пераходзіў да яго ў хату: «Жыў буду — змірымся, памру — табе астанецца».
   Твар у Хоні быў жоўты і як набрынялы — чалавек пух ад голаду. Кароль насыпаў яму торбу грэцкае мукі, але ад хаты адкаснуўся: баяўся немцаў. I цяпер яна стаяла як новая, на два канцы, з высокімі, у тры шыбы вокнамі і накрытая бляхаю. Каля коміна ўжо завязвалася ржа — зімою тут грэўся і раставаў снег.
   «Не свая, нікому не абыходзіць»,— Кароль заварушыўся ў палукашку: пачала муляць торба і недзе казыталася салома. Кароль укленчыў, перавярнуў торбу на другі бок, сеў на яе і зноў пачаў думаць пра Хоневу хату. Яна была яму як свая, і яго брала радасць, што Хоня нікому, а яму аддаваў гэтую хату. I ён нават убачыў, як жыў бы тут з бежанкаю і як яна цвёрда ступала б босымі нагамі па чырвонай падлозе. I Каралёвы думкі набеглі зноў на ўсё брыдкае і маладое. Сонца даймала праз фуфайку, нібы хто прыклаў да спіны нагрэтую і закручаную ў анучу цэглу. Кароль расшпіліўся, але фуфайкі не зняў. Прыпякала, і зноў як на дождж.
   Кароль завярнуў у вузкую, двум вазам не абмінуцца, папярочку і выехаў на шашу.
   Конь пайшоў барзджэй. Тут быў асфальт, яшчэ мяккаваты і тлусты — днямі залілі. Вада збягалася на ім, бытта на патэльні. Бабы, што ўжо варочаліся дадому з пустымі бітонамі, закручанымі ў белыя радзюжкі за плячыма, ішлі сярэдзінаю шашы, ляпалі босымі нагамі па тлустай смале.    Ногі ў іх запырскаліся аж да каленяў.
   Кароль мінуў доўгі плот і спыніўся на другі бок вуліцы, каля белага дома з высокімі цэментовымі ўсходамі. Злез з воза, кінуў пад ногі каню сена, закруціў за частаколіну лейцы і падбег да цэментовага ганка.
   Мажная дзяўчына ў белым, забруджаным на жываце фартуху, не знімаючы з прабою рукі, выпусціла са сталоўкі дробнага, сабе па плячо, мужчыну.
   — Абед, дзядзька,— сказала Каралю і грукнула дзвярыма.
   — Во-во, паненачка, я ж на абед і прыйшоў.
   — Чытайце, там напісана,— сказала яна ўжо з-за дзвярэй.
   — Але пісаным не кормяць...— Кароль шлёгнуў пугай па высокай, збэрсанай каля плота траве і перайшоў вуліцу, у магазін.
   Дзверы былі расчыненыя. З магазіна нясло духатою і селядцамі. Кароль зайшоў — астатнія з чаргі аглянуліся. Каля прылаўка цярпліва парыліся адны бабы, і ўсе, мусіць, па цукар — падаспелі ягады. Пярэднія выварочвалі і вытрасалі палатняныя торбы.
   Кароль абвёў вачыма паліцы: на ніжняй стаялі адны чорныя бутэлькі.
   — А свянцонае няма?
   — Сёння і без яе не вытрываць, варыць, што ў печы,— азвалася не прадаўшчыца, а некаторая з чаргі.
   — Толькі віно.
   — I на памін душы?
   — Я ж кажу — толькі віно! — крыкнула цераз баб прадаўшчыца.
   Ён падняў вочы — на верхняй паліцы, пад столлю, над ходзікамі з зялёнымі шышкамі-гірамі, стаялі кірзавыя боты. Падумаў, што на восень трэба было б купіць.
   — А там каля бальніцы ў «орсаўскім» яе колькі хочаш, я нат узяў,— голас нападобе быў як Восіпаў. Кароль скалануўся, бытта за пазуху кінулі жабу.— Я ж толькі адтуль,— гаварыў ён, Восіп, але Кароль не абярнуўся, глядзеў на паліцу.— Выняў спраўку.
   — I няўжо будзеш судзіцца? — Кароль глянуў цераз плячо. Восіп ужо быў перабінтаваны, верхняя губа раздулася, як укусіла аса, на кончыку вуха лушчылася запечаная кроў — добра не абмылі.
   — Казалі, год-два мецьме.
   Кароль пайшоў уздоўж прылаўка, усё цікуючы на паліцы, знарок, каб не глядзець на Восіпа.
   — То можа падвязеш? — Восіпаў голас засціг яго на парозе.
   — Я ж толькі з дому, — ужо знадворку змахляваў Кароль і так і не абярнуўся, выйшаў з магазіна.
   Конь падбіраў сена, пад возам грабліся куры. Кароль зняў з частаколіны лейцы і выкіраваў каня на сярэдзіну вуліцы.
   За магазінам кончыўся асфальт, пайшоў брук — воз ляскаў і калаціўся, у Караля аж казытала ў вушах.
   Пахла смаловым карчом — курыўся, як куча свежага гною каля хлява ўвосень, ссыпаны горбаю асфальт. Залівалі ходнікі, уздоўж плота было насыпана бітае каменне. Цыган, без рубашкі, у рукавіцах, спечаны на сонцы, стаяў на каленях і рассоўваў дошкаю чорную горбу. Другі — без шапкі, русавы, з завушніцай у вуху — сядзеў у цяньку пад плотам, трымаў між каленяў збанок, бразгаў у ім лыжкаю — палуднаваў.
   «Нябось, і іх цягне на сваё...» — падумаў Кароль пра цыганоў і ўспомніў, як вайною стаялі іхнія абедзве пустыя хаты — акурат дзе цяпер сталоўка. Нехта павысаджваў у вокнах рамы і разбіраў столь: адтуль вісела, зачапіўшыся рукавом за цвік на гарышчы, старая адзежа. Здалёк выдавала, як хто павесіўся. Цыганскія хаты прадаваліся, і нат сходна, і нехта, мусіць, купіў, а ён, Кароль, рабіў сваю, хоць з маладнічыны — яшчэ стаяў гектар пасажнага жончынага лесу. Цягаў на плячах — конь быў потым: немцы кінулі каля вёскі кульгавую бельгійскую кабылу. Тады яшчэ быў дужы, хоць якое там было дзерава — жэрдкі. Але буду зляпіў, абы выбрацца з мястэчка. Немцы выганялі з казённых дамоў.
   Ззаду затрубіў аўтобус, Кароль з'ехаў убок і забыўся, пра што думаў.
   Аўтобус дыхнуў скразняком і, асядаючы на запырсканы зад, скіраваў на прыпынак. Там зафыркаў, стрэліў сінім дымком і сціх. Прывёз адных баб. Адкуль яны толькі браліся — сыпаліся праз двое дзвярэй, і канца не было.
   Кароль пазнаў толькі адну, у чорным сачыку, у сіняй суконнай спадніцы з белым шляком — тарціярку1 што некалі таварышкавала з жонкаю. Яшчэ вот жыве, а яго даўно зямлю парыць. Памерла недзе ў Польшчы, аж каля Лягніцы, летась, у такую пару — перад жнівом. Дачка дала «ціліграму», але ён так і не сабраўся: усё думалася — пакуль вырабіш той дакумент на выезд, пакуль даедзеш. Але адзін бог рассудзіць. Дурны быў — на зямлю пагнаўся, браў старэйшую за сябе на дванаццаць год. А яна і тыцкала гэтай зямлёю. А потым, як прыйшлі нашы, усё баялася калгасаў. Ездзіла ў Гродна, вазіла нямецкую рудую паперку, што складвалася надвое і дзе была яе картачка і адціснуты ўмазаны ў чарніла палец.    Гаварыла, што яна палячка. Хоць напісала на гэтай паперцы сама.
   А тады, як ехалі людзі ў Польшчу, ён завёз яе сюды на вакзал, а сам з канём вярнуўся дадому.
   А куды ехаць — ад свайго не ўцячэш. Кажуць, добра там, дзе нас няма.
   — Ну, кудэю ж ты едзеш?
   Кароль падняў галаву: конь ішоў каля самага плота, знайшоў мякчэйшае сам — не наравіў брук.
   Чалавек з новаю касою, абкручанаю анучаю, сышоў з ходніка на сярэдзіну вуліцы. Кароль тузануў левую лейчыну, конь спатыкнуўся і збіўся з хады. Воз затросся на бруку. У Караля нешта павярнулася ў грудзях, парнула, што швайкаю, і не адпусціла. «Трэба паказацца дохтару»,— Кароль сагнуўся, прыціснуў рукамі грудзі і падкурчыў ногі. Трохі адлягло.
   За пераездам кончыўся брук: па драбінках сек шротам сыры пясок. Воз перастала трасці — Каралю палепшала. Пах жвір з пустое вуліцы і аднекуль дым, моцны і горкі. Мусіць, недзе на вакзале тлеў вугаль. I гудзеў матавоз, як вецер у пустую бутэльку,— ціха, аж не чуваць, бо далекавата.
   Кароль быў ужо ў канцы мястэчка.
   Хаты стаялі на адзін бок вуліцы, і ў некага на надворку зелянеў загон позняга жыта — выплываў толькі колас. Нехта сеяў ярыцу.
   Вуліца звузела, як хто яе чым перавязаў. Мястэчка кончылася, толькі слупы пабеглі далей, сценкаю між аўсом і нізкім жоўтым лубінам.
   Сценка ішла на груд. Было відаць хату — саламяны лоб страхі, як крылі даўней і не рабілі шчыта. Там недзе яхкаў сабака. Пачыналіся Ятранскія хутары — да вёскі была яшчэ добрая вярста. Крычала ўжо кнігаўка, падала ў адное месца над лубінам — за хатаю было балотца. Рыпелі гужы на аглоблях, як сухастоіна ў лесе, шоргала рэхва на задняй восі аб калодку, мякка ступаў конь, але Кароль не чуў — яму зноў спамянуўся Восіп. Тае пары, як ён, Кароль, стаў конюхам, а Восіп — брыгадзірам.
   Кароль тады быў адзін на дзесяцёра коней і даглядаў не горш як цяперашнія ўдвох — конюх з памочнікам. Тады ў Ятры і канюшні не было — коні стаялі ў Каралёвым гумне.
   Зіма ў той год лягла на пакровы. Пасля каляд мароз стаяў, як звер, не адпускала нешта да самага благавешчання. Коні пасля ночы стаялі ссівераўшы, што ссыпаныя снегам. Адзін і зайшоўся, маладзенькі: кашляў і чах даўно. Кароль нат гарнікам2 яго паіў. Казаў і Восіпу, каб выпатрабаваў з раёна ветэрынара — мо паглядзеў бы. Але Восіп усё мок у гарэлцы.
   А тады прывёў старшыню з участковым і кажа: «Тарасавіч, не карміў, глядзеў толькі свайго». А гэты Тарасавіч быў старшынёю (цяпер недзе ў раён пераехаў), аднекуль з-пад Гомеля ці што, і ўсё маўчаў, як гэта не да яго. Хоць папраўдзе Кароль «свайму» даваў болын: жарабок ад тае бельгійскае кабылы быў як гара, хіба ж яму дасі менш. Але тады злыдзень пад'юшчыў: як трымаў Кароль вобруць у руках, так і сперазаў Восіпу па галаве — на брыве ў таго нахапіўся гуз велічынёю з арэх.
   Можа, судзілі б, ды ўважылі па гадах — знялі толькі з конюха. А жарабка прадалі сюды, да Красоцкага. Восіп не папусціўся. Дома стала не ўседзець. Балазе Красоцкаму трэба быў яшчэ адзін анучнік — падраіў і замовіў слова Бортнік. А на конюха Восіп прывёў свайго швагра з Літаварцаў. А цяпер б'ецца з ім — нешта не падзялілі. Яшчэ і ў турму аддасць — на руках мае спраўку.
   У Караля зноў пацяжэла ў грудзях, у роце сушыла, млявіла ўсяго, як ад гарачыні. Сонца стаяла жоўтае, у смузе. Падпарвала — яшчэ раз на дождж. Сценка ішла картоплямі: у глыбокіх разорах гуслі, што кісель, лужыны.
   Паказалася вёска — першыя на грудках хаты і цёмныя напроці сонца дрэвы. Было знаць жыта, белае перад вёскаю — падгарэла. У гародах, нагнуўшыся, стаялі бабы: палолі зелле, кожная ў сваім, але Кароль іх ужо недабачваў.
   Сценка спусцілася з груда, і было відаць балотца: гнуліся ў адзін бок і густа блішчалі сівізною вербы. Вецер хіліў асаку, як хто вялікі па ёй качаўся.
   Над сценкаю снавалі ластаўкі, кідаліся над Каралём угору і, здаецца, сціналіся ў камяк ад вострага піску.
   Конь слізгаўся па кіслай гразі, гразь пухкала і цягнулася за капытамі, як выхаджанае цеста. Пачалася лагчынка.
   Пад жыта было сушэй, ад пяску, што нанясло ўвесну; па ім займалася рэдкая, без соку, што ў картаплянай яме, трава. Пры жыце за калючым дротам нехта выйшаў пракос, прэла нерастрэсенае сена. У жыце яшчэ трымалася раса, зіхацела зеленаватай чырванню на падпаленых асцюках і сухаватым пер'і.
   За атосы чапляліся каласы, сцябло пэнкала, аж звінела — каласы падляталі ўгору і падалі на каня. Конь туліў вушы і касіў галавою назад. Жыта стаяла лаваю — высокае, тоўстае ў сцябле, што троснік, хоць барану стаўляй. Дзе-нідзе палягло.
   Кароль выцягнуў руку, злавіў саломіну, у кулаку астаўся колас — сашмаргнуўся. Колас пах блышчыцаю — мусіць, сядзела на ім. Кароль вылушчыў зерне, укінуў у рот і доўга лавіў на зуб. Зерне было мяккае і саладжавае — з малаком.
   «Яшчэ не налілося, а тыдні два будзе спець. Яшчэ не скора жаць»,— падумаў Кароль, узіраючыся на жыта, далей ад балотца ўжо нізкае і рэдкае, зблізку жоўтае ад румянку. Вецер хадзіў перагонамі, жыта шумела — паднімалася і аціхала. Варушыліся толькі каласы. Жыта было як вада ў рэчцы: не слухаеш — не чуваць. I каля жыта рабілася свежа на душы, як каля вады.
   На паўмежку ў рудым цвёрдым быльніку ляжаў камень. Ціха, як злодзей, з яго паплыў каршун, лена махнуў крыллямі. Згледзеўшы яго, недзе закрычала ўгары і завілася варона. Камень здаваўся такі самы стары, як і многа год назад; і стаяла на паўмежку пераспелая мятліца і пруткае сцябло быльніку — каля каменя адны чаранкі: нехта ламаў быльнік на венікі. А далей за каменем на паўмежку цвіла шыпшына — лінялі і асыпаліся кветкі. Гэтак як і тады, калі Кароль меў тут на мяжы бежанку. I тады стаяла тут рэдкае, жоўтае ад румянку жыта, і вецер хадзіў перагонамі — жыта шастала, і яго было не чуваць, калі звыкнешся і не слухаеш. На шыпшыне ліняў і асыпаўся цвет — самая цёплая пара лета.
   Недзе пад Варонежам тым годам стаяла суш: бежанцы ехалі ўсё сюды, за імі было не прабіцца. Кароль і сам не помніць, чаго быў тады на вакзале. Стаяў на пероне. Тады да Караля і падышла яна, босая, высакаватая, трымаючы на голай руцэ сачык, у другой — цыратовую сумку, на якой лушчылася фарба. Адзежа на ёй была чыстая, як не ў бежанкі. Толькі па гутарцы Кароль пазнаў, што яна не тутэйшая, а прыгледзеўшыся ўбачыў, што і тварам не гэтакая — круглейшая, і рот малы. I трохі жаўтлявая: у вачах чэз бляск. Казала, тры дні нічога не ела. Кароль завёў яе тады да Бортніка, накарміў, у вёску яны прыйшлі — хілілася на вечар. Але нанач яна не асталася.
   — А можа жыцьмем разам? — ён тады яе панаравіў, як не панаравіў нікога.
   — Ніж ты не знойдзеш? — яна нават стала жартаваць і чапаць яго сама.
   I Каралю зноў спамянулася ўсё брыдкае і маладое. I той надвячорак, і мяжа з цвёрдым быльнікам, і шэпт жыта, і змораная здаровая яснасць, бытта абнавіўся свет пасля гэтага.
   А шарай гадзінай ён запрог каня, скінуў на воз мех жытняе мукі, торбу ячнае шатраванкі і паехаў з ёю ў мястэчка — павёз на станцыю.
   Тае ночы не спаў: перад вачыма стаяла мяжа з быльнікам і шастала высокае, як троснік, жыта. У хляве грукаў конь, і Кароль уставаў і ішоў глядзець, ці не падвярнуўся. Слухаў, як нізка шумеў, аціхаючы за мястэчкам, цягнік, думаў, што недзе там едзе яна, і варочаўся ў хату.
   А потым нешта з год кожная маладзіца падавалася бежанкаю — Кароль аж стаў баяцца. З часам страх ачах і выветрыўся, як попел. А бежанка ўсё помнілася, помнілася жыта і мяжа ў цвёрдым быльніку. Перад вачыма варушыліся каласы, во гэтаксама — не ад ветру, а ад ценжару, і шапацелі, як шапацяць мурашкі, калі зачэпіш іхняе гняздо.
   Кароль прыслухаўся: у жыце круціўся віхор, угары вілася салома і чорная, ці не ад вароны, перына. Шастала і трашчала сцяблом жыта. Было чуваць, як ступаў па чорствым, прышэрхлым пяску конь, як церла аб ляску задняе кола, як скрыгатала дзе аб камень шына.
   Тут былі крушні — іх назносілі тады, калі сеялі канюшыну, яшчэ да калгаса. Воз паднімала, ён хіліўся набок і тросся, як на бруку. У Караля дрыжала ўсё ўсярэдзіне, займала дух.
   I раптоўне ў грудзях нешта млосна заныла і пацяжэла ад гарачыні. Кароль прыхіліўся да драбінак — воз падкінула, адарвала ад зямлі і ціха панясло, нібы труну на плячах. Гарачыня і шум хлынулі Каралю ў галаву. Ён намогся ўстаць, але рука ўжо не знайшла драбінку, пальцы сашчаміліся, і рука ўпала на грудзі. У вачах закружыўся, пажаўцеў і змерк, як перад зацьменнем, свет. I Кароль недзе паляцеў, што ў глыбокую прорву. I там зноў як сталася яснасць, і Кароль зноў убачыў жыта, сваё жыта, што некалі сеяў на жончыным пасажным гектары пры лесе. З краю палетка стаяла бежанка, трымаючы ў руцэ серп. Яна зажынала жыта. Кароль памкнуўся да яе, але бежанка прапала: каля жыта нехта стаяў з касою. Чалавек пашастаў мянташкаю, навастрыў касу і зачаў пракос: жыхнула, упілася ў жыта каса, каласы страпянуліся, замільгалі і пацягнуліся за касою.
   Нехта касіў жыта. Кароль аж анямеў. Хацеў крыкнуць, але голас перасеў у грудзях. Кароль пашукаў вачыма камень і з гарачкі не знайшоў, так і пабег з голымі рукамі — жыта бэрсалася і сплятала ногі.
   «Апомніся, што ты робіш?» — крыкнуў Кароль і не пачуў свайго голасу. Касец падняў касу — мокрую, з травою — размахнуўся і ўбіў вастрыё Каралю ў грудзі...
   Кароль прутка выцягнуўся і застыў на возе.
   Конь выйшаў з жыта, пастаяў на пясчанай дарозе, падумаў, што тут няма травы, і пайшоў у вёску. А жыта хвалявалася, адлівала яшчэ зялёнаю саломаю — па ім хадзіў вецер.
 

***

   Караля пахавалі крэўныя, на трэці дзень, без дачкі: яна адбіла тэлеграму, што прыедзе праз тыдзень. Хавалі па полудні. Дзень той выдаўся сухі і ветраны — ужо сенавалі. За труною ішлі ўсе з вёскі бабы, якраз збіраліся варочаць сена, ішлі з граблямі; ніхто не плакаў, усе пыталіся, ці мецьме    Каралёва дачка права спрадаць яго хату, бо ён, кажуць, пакінуў тастамант, каб хату аддалі нейкай кабеце з-пад Варонежа, з сяла Ганны. Другія казалі, што стары, здзяцінеў, бо яго дачка таксама завецца Ганна.
   Труну вязлі калгасным канём, Каралёвага Красоцкі завёў у мястэчка. У той дзень ён наймаў новага анучніка — русавага маладога цыгана з завушніцай у вуху. Яны згоджваліся ў Красоцкага — жонка сышла з хаты і рвала на паўмежку траву.
   Шэрх вечар — закацілася сонца. Толькі там, дзе яно нядаўна было, асталося яснае, спаднізу ліловае неба. Паднімала вушы і хавала нанач свой цвет картопля. Ад зямлі цягнула холадам — на траву садзілася раса. Праз дробнае лісце чарэшні прабівалася цёмная, але яшчэ, здаецца, гарачая чырвань буйных ягад.
   Кралася ціш, лёгка, як босая. I раптам заіржаў конь. Жонка Красоцкага пастаяла на паўмежку, паслухала, ці не падалося, і, трымаючы абедзвюма рукамі хвартух з травою, пайшла ў хлеў.
   Конь, задраўшы галаву, стрыг вушамі. У злым воку яго блішчала святло, што цадзілася з дзвярэй. Ёй спамянуўся Кароль. Конь апусціў галаву — ён думаў ці хацеў таксама думаць пра Караля. У загарадзі азваўся япрук. Яна высыпала туды зелле і выйшла з хлява. З будкі загрукацеў ланцугом і скочыў на яе сабака — яна адмахнулася рукою. На ганку спынілася, паслухала, што робіцца ў хаце. У хляве заржаў конь, нямоцна, як да свайго гаспадара. Ёй стала сцішна — яна падумала, што, мусіць, так плача конь.
   Ёй зноў спамянуўся Кароль.

1. Тарціярка — непадстрыжаная манашка, багамолка.
2. Лекавая трава, купальнік.

Похожие статьи:

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Дзікі голуб

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Пагарэльцы

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі