Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Веры Вярбы
Вера Вярба (псеўданім Гертруды Сакаловай) нарадзілася ў 1942 г. у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1964 г. філалагічнага факультэта БДУ яна працуе ў аддзеле прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю, а пазней у рэдакцыях «Літаратуры і мастацтва» і «Беларусі». Першая яе публікацыя датуецца 1958 г., а пачынаючы з 1962 г. Вярба выдае зборнікі адзін за адным з інтэрвалам у тры-чатыры гады. Яе сур’ёзная лірычная паэма «Каліна» (1968), прысвечаная заходнебеларускай рэвалюцыянерцы Веры Харужай (1903-1942) і яе аднадумцам, выклікала сур’ёзныя спрэчкі сярод літаратуразнаўцаў, якія лічылі, што яе мова носіць часам не зусім літаратурны характар. Таксама Вярба пісала для дзяцей, аднак найбольшую вядомасць прынеслі ёй усё ж кароткія лірычныя вершы. Паэтычныя зборнікі Вярбы: «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982) і «Яраслаўна» (1986).
Непубліцыстычны характар яе паэзіі падкрэсліваецца ў двух радках верша «Унукам маіх унукаў» (1966) са зборніка «Белыя пісьмы»: «Не выступаю з трыбуны, / Але думаю пра нашчадкаў далёкіх». Клопат пра будучыя пакаленні, сяброўства, любоў, гісторыя і мастацтва фактычна з’яўляюцца галоўнымі тэмамі творчасці Веры Вярбы. Вялікае значэнне для паэткі мае маладосць, у адным са сваіх вершаў 1978 г. яна выказвае горкае, нават трохі істэрычнае шкадаванне пра яе страту (а Вярбе тады не было і сарака):
Даруйце ўсе,
каго я здзекам біла,
Хто затаіў
пагарду, крыўду, злосць.
Я плачу зноў, таму
што разлюбіла,
Каторы раз
згубіла маладосць.
І юных дзён
з сабой не павяду я.
Як адгарэлі прыгажосці сны.
Я плачу зноў –
ніхто не пашкадуе.
Мне сто гадоў –
не верыць толькі сын.
Моцнае мацярынскае пачуццё і разуменне важнасці мовы ды нацыянальнай свядомасці спалучаецца ў іншым характэрным вершы, які таксама падкрэслівае вялікую ролю народнай песні, што, безумоўна, аказала ўплыў на фарміраванне паэзіі самой Вярбы:
У полі гойсае вятрыска
І долу каласы схіляе.
А маладзіца над калыскай –
Дзіцёнку ціхенька спявае.
Ад песні гэтае народнай
Ўсё пачынаецца на свеце.
Напеў душы яе, свабодны,
Разносіць, як насенне, вецер.
І цераз горы і дубровы
Ва ўсе замежныя краіны
Цячэ майго народа мова,
Як гонар дарагой айчыны.
Хай на зямлі шмат ісцін спрэчных:
Любоў, і шчасце, і багацце,
Але адно, я знаю, вечна –
Святое слова нашай маці.
У вершы, які пачынаецца словамі «Я к вуснам ціха падымаю...» (1960) паўстае вельмі жывая карціна Беларусі як нейкі сон пад час відавочна празаічнага дзеяння–піцця малака. Вось апошнія чатыры радкі гэтага верша:
О любы мой, святлісты краю,
Мой ціхі сад, мой родны дом!
... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ...
Я к вуснам ціха падымаю
Цяжкую кварту з малаком.
У іншым вершы таго ж перыяду, «Маёй бабулі прысвячаю» (1962), дзе Вярба звяртаецца да сваёй бабулі і выражае ёй вялікую ўдзячнасць, гучыць туга паэткі па страчаным дзяцінстве. Меланхолія іншага роду прысутнічае ў больш познім творы «Яраслаўна» (1986), у якім аўтарка параўноўвае свае ўласныя пачуцці з пачуццямі самотнай князёўны са «Слова пра паход Ігаравы» (гэты твор XІІ ст., між іншым, беларусы, як рускія і ўкраінцы, лічаць часткай сваёй культурнай спадчыны).
Вера Вярба ў асноўным схіляецца да традыцыйных метрычных і рыфмаваных формаў, аднак часам яе вершы псуе недарэчнае выкарыстанне свабоднай рыфмы. Сучасны трыялет, форма, уведзеная ў беларускую літаратуру Максімам Багдановічам, не толькі дэманструе інтарэс паэткі да тэхнічнага боку вершаскладання, але і адлюстроўвае два іншыя аспекты яе паэзіі, якія застаюцца нязменнымі каля чвэрці стагоддзя, а менавіта занепакоенасць расстаннямі і стратамі і моцны пачуццёвы водгук на свет прыроды.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.
Похожие статьи:
Вера Вярба → Вера Вярба - Гусі клічуць у вырай
Вера Вярба → Вера Вярба - Дарагія бясконца мясціны...
Вера Вярба → Вера Вярба - Бабуліны казкі