Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вацлаў Ластоўскі - Дзень ружавай кветкі

   Зарумянілася на ўсходзе неба, і зямля пачала скідаць з сябе белы вэлюм лёгкага, маёвага туману.
   Ціха, быццам будзячыся па здаровым сне, уздыхнуў лес, і гэты спакойны, здаровы ўздох пакаціўся ў шырокі луг, захваляваў зялёным дываном сочнай травы, аддаўся на жытнім моры…
   Драч апошні раз прабубнеў сваю хрыплую песню, а разбудзіўшыеся ластаўкі расселіся ў рад на выступаючым са страхі шастку і пачалі строіць сваю лагодную капэлу.
   На ўсходзе ўсё яшчэ калыхалася чырвоная зарніца, як сонцавы сцяг, але вось скрозь чырвань гэтага сцягу прабіўся ўгару першы сноп вострых, доўгіх праменняў….
   Раздаўся чароўны павітальны гімн узыходзячаму сонцу, сімвала дабра і праўды…
   У адну з гэткіх чароўных раніц збудзілася пад малым ваконцам сялянскай хаты чырвоная ружа. У раскошных прасонках скранула лісткамі, і з аксамітнай іх зелені пасыпаліся шнуркі брыльянтавай расы, яшчэ раз скранулася ружа, і на адной з галінак трэснуў кветны пучок, а спаміж зялёных клапцікаў выглянула чырвоная кветка, першая кветка гэтай вясны…
   Паміж стыдліва напаўрасхіленых кветных лісткоў закаціліся дзве капелькі чыстай, іскрыстай расы і выглядалі, як пара смяючыхся вочак дзяўчаці.
   А калі праз зялёныя косы плакучай бярозы прабіўся сонцавы прамень і пацалаваў кветку, на ёй разліўся густы румянец, і пара светлых вочак заіскрыліся, быццам стрымліваючы ў кветнай душы раскаты радаснага пустога смеху.
   Гэтак расцвіла ружава кветка пад скромным ваконцам сялянскай хаты, але не суджана было ёй тут красаваці, удыхаючы пах лясоў і лугоў. Гэтай жа раніцай адламалі ружаву кветку і аддалі праязджаўшаму пану, што ехаў у горад.
   Калі гаспадар ламаў з ружавага куста кветку, яна, схіснуўшыся, ураніла свае вочкі, быццам дзве дробныя слёзкі, і сталася маркотнай, як зжатае поле…
   Прыбыўшы ў горад, пан увайшоў у светлыя пакоі з залочанымі белымі мэблямі, з мяккімі перскімі дыванамі, па каторых ціха ступалі абутыя ў скуру ногі людзей, як рысь паступае па сівым імху, чакаючы здабычу.
   Проці яго выйшла белая паня з цёмнымі валасамі і белай, як калінаў цвет, адкрытай шыяй; пан пацалаваў яе пахучую руку і, пацалаваўшы перад тым ружаву кветку, падаў у рукі белай пані; тая ўшпіліла яе лёгка дрыжачай рукой у свае валасы.
   Ружава кветка на цёмна-буйных валасах белай пані схінулася, як бранка ў няволі, каторая, выплакаўшы ўсе слёзы, села пад цёмным борам і чакае прыходу нязнанай долі…
.  .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .
   Снедаючы за сталом, устаўленым крышталёвымі кружкамі і малочна-белай парцалянай, паня прышпіліла ружаву кветку свайму маладому палюбоўніку да левага вылогу чорнага фрака.
   Выходзячы з светлых пакояў, паніч той лёгка прыціснуў пальтом ружаву кветку, і яе кволыя клапцікі пакрыліся сеткай чуць відочных загібаў; а калі ён ішоў вуліцай і сонца заглядала на кветку, яна хіліла сваю галоўку ўсё ніжэй, быццам стыдаючыся глянуць яму ў вочы.
   Гэтак прыйшлі яны ў цяністы сад, дзе паміж дрэў і кветак біў халодны фантан. Брызгі жывой вады ўзляталі высока, іскрыліся на сонцы і густым дажджом сыпаліся ўніз, на зямлю.
   Паніч, сеўшы на лаўцы, дастаў з кішэні газету і пачаў чытаць. Прбжыла палуднёвае сонца, яго сухія, гарачыя праменні даходзілі да ружавай кветкі, выпіваючы паследкі сокаў. Яна – сасмагшая, хворая – пачала вянуць.
   Злажыўшы газету, паніч закурыў цыгару і зірнуў раз і другі на кветку: кветка аплюхла і страціла свежасць. Адшпіліўшы і пакруціўшы момант у руках, паніч кінуў яе на маляваную лаўку ў садзе, а сам пайшоў за сваімі справамі.
   Ружава кветка ляжала на маляванай лаўцы, а з усіх старон дыхала на яе жарам і лажыўся дробны пыл з расцёртых у пяску плювоцін. Каб яна магла крычаць, прасіла б на голас каплі, халоднай каплі з фантана! Але кветка маўчала, каплі жывой вады іскрыліся ў сонцы і пераліваліся, а да яе даходзіў толькі іх плеск…
   Хутка вянула кветка, а сеткі загібаў усё цямней і глыбей адзначаліся на кветных клапціках яшчэ не так даўно свежай, пахучай ружы…
   Адвячоркам прыйшоў у сад чалавек, брудна адзеты, і, знайшоўшы кветку на лаўцы, узяў яе ў свае рукі і пачаў забаўляцца. Найперш адшчыкнуў чаранок, пасля пачаў расхіляць недаразвітыя клапцікі сваімі бруднымі пальцамі. Калі кончыў гэту работу, кветка быццам расцвіла, але гэта быў толькі чмут майстра з паплямленымі пальцамі: ён, разрываючы грудзі да самага сэрца ружавай кветкі, дабіў яе. Яна цяпер яшчэ хутчэй пачала вянуць.
   Калі ж на кветных клапціках ад грубых і брудных пальцаў пайшлі гнойныя плямы і чалавеку здакучыла забаўляцца ёй, ён, як палюбоўнік пані, кінуў яе ізноў на маляваную лаўку.
   Вечарам прыйшоўшыя людзі скінулі кветку далоў і ўтапталі ў лужыну, каторая зрабілася там ад вады з фантана, калі раз вецер пахінуў убок жывы іскрысты стоўб сваім напорам.
   Апоўначы, зачыніўшы сад, вартаўнік, узяўшы мятлу, пачаў абмятаць смяццё кругом фантана. Мятла заняла і ружаву кветку і, доўгі час качаючы яе па курадымных сцежках, прыгнала да памыйніцы, куды скідалася ўсё смецце са сцежак гарадскога саду.
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
   У памыйніцы канала ружава кветка, а перад яе вачамі маячылася ўбраная ў правідны белы вэлюм зямля, як маладая красуня, заснуўшая спакойным сном. Ружовы сцяг на ўсходзе, прадвеснік сонца, сімвала дабра і праўды… дзве капелькі расы, падобныя да пары смяючыхся вачэй, каторыя тояць у кветнай душы раскаты пустога смеху…
   А калі ўсходзіла над зямлёй ізноў сонца, ружава кветка ў памыйніцы ўздыхнула апошні раз на гэтай зямлі, аддаючы сваю бязвінную душу ў рукі міласэрнага Бога, што стварыў яе.

[1912]

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Янка і Ружа

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Лабірынты

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Прывід

БиографииВацлаў Ластоўскі

ПераказыЯпонская ружа