Раніцой да ручая
Ўся гусіная сям’я
Пакупацца ходзіць,
Карагоды водзіць.
А гусак на беражок
Выйдзе, дзюбай тыцкае:
"Дзе ж астатнія?! Няўжо
Ходзяць непамыцькамі?"
Дык жа не, брат гусак, –
Тут усё крыху не так:
Не ў крынічнай быстры
І не ў рэчцы дальняй, –
Тут у кожнага ў двары
Ёсць свая купальня.
Там, дзе сонечны прыпёк,
Легла курачка ў пясок:
Пер’е, пух перасыпае –
Душ пясчаны прынімае.
Побач з куркай верабей
На сябе пясок грабе,
Крылцамі трапеча –
Мые грудкі, плечы.
А індык дзьме шчаку,
Хоча ўсё спытацца:
"Блу-блу-блу! – Ці ў пяску,
Ці ў вадзе купацца?.."
Рукамыйніка няма,
І вада не выльецца:
Коцік так, насухама,
Коцік лапкай мыецца.
А мурзаты парсючок
Аб штыкет пацёр бачок,
Мухамі акружаны,
Сігануў да лужыны:
Пакачаўся ў брудзе –
Вось і чысты будзе!..
Похожие статьи:
Биографии → Васіль Зуёнак
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гаварыла маці...
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Сон