Сем гадоў,
А можа, й дзесяць –
Пра адно гамонка ў лесе:
Птушка – птушцы,
А звер – зверу:
– Точыць, ладзіць воўк сякеру.
– А навошта?
– Як не знаць –
Хату будзе
Воўк стаўляць:
Сцены новыя
Ды сасновыя,
Аканіцы выразаныя –
У настой кары альховай
Фарбаваныя,
На падлозе
Блішчастыя масніцы,
Націраныя смалою-жывіцай.
Будзе ўзімку
На чарэні,
На ляжанцы,
Як улетку
На сонечнай палянцы:
І прыемна,
Хоць спякотна,
Неяк
Соладка-дрымотна, –
Грэй сабе бакі старыя...
...А пакуль што –
Вецер вые,
Вецер плача, вецер тужыць,
Вецер носіць золь ды сцюжу.
Сціхла,
Знікла ўсё жывое:
Хто ў дупле,
Хто пад зямлёю...
Ну а воўк?
А воўк – без хаты.
Сеў пад елкаю кашлатай,
Точыць, ладзіць воўк сякеру,
На язык лязо прабуе
І клянецца цесля шэры:
– Летам –
Хату пабудую!
...Дні за днямі прамінулі...
Ў лесе птушкі ладзяць гулі,
Лета цёплае ў разгары.
Сонца грэе,
Сонца жарыць,
Па дзялянках воўк сігае, –
Дрэвы шэры выбірае:
Абухом па ліпе –
Бух!
Ліпа мяккая,
Як пух...
«Не, не дурань я стаўляць
Хату новую з гнілля».
А сасна – як тая печ, –
«Двое сутак будзеш сеч...»
Дуб стары і сукаваты...
«Не падыдзе ён для хаты».
Ад асіны – горкі дух...
«Лепш куплю к зіме кажух».
Сонца жарыць,
Смаліць з неба...
«Хата мне
Зусім
Не трэба...»
Замарыўся цесля шэры,
Ад знямогі зубы шчэрыць...
А язык –
Бы стужка тая,
Што з-пад гэбля вылятае.
...Сем гадоў,
А можа, й дзесяць –
Пра адно гамонка ў лесе:
Птушка – птушцы,
А звер – зверу:
– Точыць, ладзіць воўк сякеру...
– А навошта?
– Як не знаць –
Хату будзе
Воўк стаўляць...
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Людчына хата
Пераказы, дыктанты → Хаты беларусаў
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Пра маю старую хатку
Пераказы, дыктанты → Просім у хату, госцейкі нашы!
Пераказы, дыктанты → Нашы хаты