Зноў лічэбнік... Жывым і мёртвым –
Паўтарэння зададзены ўрок...
Паўтараем: «кожны чацвёрты...»
І – «чацвёрты энергаблок...».
Паўтараем... Настаўнік Чарнобыль
Нагадаў, нібы назнарок:
Той – чацвёрты – ваеннай пробы
І – чацвёрты – энергаблок...
У палях, на лугах, на прысадах –
Нібы водгук на кожны крок –
Рэха чорнай атамнай здрады...
І – чацвёрты энергаблок.
На ўзбалотку гараць журавіны,
Баравік залез на грудок,
А ў вачах – туман з Украіны...
І – чацвёрты энергаблок...
І глядзіць – у чырвоных пражылках
Склератычным тварам лісток,
Што скідае клён на сцяжынку...
І – чацвёрты энергаблок.
Чуюць Хойнікі, чуе Брагін
Жураўліны крык ля аблок:
Ні расінкі – адолець смагу...
І – чацвёрты энергаблок.
Як прадвесце сусветнай пустэчы,
Як Зямлі патушаны зрок,–
Гэты з цёмнымі хатамі вечар...
І – чацвёрты энергаблок...
Крочыць здань на хадулях ракетных...
Просіць свет надзеі глыток...
Б'юць у звон Чарнобыля ветры
І – чацвёрты энэргаблок.
Ён гукае: устаньце, людзі,
Каб адолець ядзерны змрок,
Бо інакш – не жыццё ў нас будзе,
А чацвёрты энергаблок...
Крыніца: Зуёнак В. Лета трывожных дажджоў: вершы. – Мінск : Маст. літ., 1990. – 158 с.
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Боль Чарнобыля
Алесь Пісьмянкоў → Алесь Пісьмянкоў - 1986
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Аб самым смачным...
Мікола Мятліцкі → Мікола Мятліцкі - Санеты Чарнобыля
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Чарнобыля ў беларускай паэзіі