Ноч не збавенне –
толькі забыццё...
Засну –
а ў грудзі ломяцца трывогі,
I сэрца пад рукой бяссільнай
б'ецца,
Пакуль не вырвецца...
Імклівае, ляціць
I, нібы спадарожнік, шле сігналы
З далёкага дзяцінства,
з хаты той,
Што побач з новай
стала хлеўчуком
I грэе Лыску,
ціхую карову,
Каб напаіць унукаў сырадоем...
Гукае сэрца.
Абяцае мне
Шляхі другія –
без блуканняў марных
I светлыя надзеі...
Абяцае,
А я ляжу –
глухі і бессардэчны...
Тады другое сэрца
крыкне ў роспачы –
I я зрываюся з падушкі:
– Мама!
I я бягу,
бягу,
бягу,
бягу...
A ногі не нясуць.
Яны хітрэйшыя:
Няма дарогі ў час той,
дзе калісьці
Я да грудзей хінуўся камячком,
Куды сягоння клікалі
два сэрцы
I будуць клікаць, покуль два – жывыя:
Адчуць наноў
хвіліну
нараджэння
I радасці бяссоннай ля калыскі...
Няма туды дарогі...
Сон ірвецца...
Каменнае, халоднае здранцвенне...
I –
мегатонным выбухам –
удар
Сэрца.
1966
Похожие статьи:
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гаварыла маці...
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Помнік
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі
Биографии → Васіль Зуёнак