Дарога так сабе, не дужа знатная: як для нас, то крокаў на пяць ушыркі. А калі хто добра скача, то і за два штуршкі адолее.
Але ж, нагадаем, так яно здаецца нам, людзям. А тут быў чарвячок. Зялёненькі такі і не дужа доўгі. Выйшаў ён на асфальт з ляснога боку і, то складваючыся цыркулем, то выпростваючыся і выкідваючы наперад галоўку, пачаў вымяраць-адольваць, здавалася, несканчоную шырыню дарогі...
Што чакае там яго на другім, палявым, баку? Які новы сусвет, якая неспазнаная галактыка? Куды і дзеля чаго імкнецца? І ці дойдзе, нарэшце? Бо вандроўка ж гэтая, па ўсім відаць, вартая самага далёкага і рызыкоўнага палёту ў космас...
Раз-пораз шморгалі па асфальце шыны грузавікоў і легкавушак: вось – вось наедуць...
А ён ішоў ды ішоў сабе – упэўнена і несупынна.
Я пажадаў чарвячку шчаслівай дарогі.
Похожие статьи:
Биографии → Васіль Зуёнак
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Сон
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гаварыла маці...
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...