Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Зуёнак - Мурашыны шлях

Увага! Поўны змест

   Прайшоў бы я міма гэтага мурашніка: ці мала іх – маленькіх, з купіну, і вялізных, з добрую капу, а то і стажок сена, – мітусліва і мякка пухірыцца ў лесе. Ля кожнага не будзем спыняцца... І дзеля чаго? Бегаюць сабе мурашкі, снуюць туды-сюды, ну і хай сабе. Клопат, значыць, нейкі маюць...
   А да гэтага мурашніка я мусіў вярнуцца. Не адразу, а крокаў праз дваццаць, калі выразна, і неяк аж не верачы, пачаў заўважаць: праз мох, праз траву коціцца па зямлі мурашыны ручаёк. Адкуль? – здагадацца не цяжка. Ды і не пашкадаваў я тыя дваццаць крокаў, каб упэўніцца канчаткова: зноў падышоў да мурашніка. Так і ёсць: з яго, як з пагорка, скочваюцца гэтыя чорна-рыжыя кропелькі, зліваюцца ў роўненькі жывы струмок, набіраючы разгон. А вось куды? – гэта ўжо загадка. Прынамсі, для мяне. Самі мурашкі, пэўна ж, ведаюць. Інакш не спяшаліся б гэтак...
   Пайшоў і я ў той бок. Заадно і крокі лічыць пачаў. Іду сабе, не спяшаюся. Бо мне што: ступлю раз – і адразу тысячу мурашак, не меней, абганяю. А яны ўсё бягуць, бягуць... Паступова я нават і сцежку, вытаптаную імі, быццам заўважаць пачаў. Пасля сам з сябе пасмяяўся: адкуль жа быць той сцежцы ад гэтакіх дробненькіх ножак?! Здалося, канешне ж, мне...
   А сцежка ўсё адно мроіцца: дужа ж многа мурашак тупацела па гэтай лясной палосцы ў пядзю – паўтары шырынёю. Тупату я, зразумела, не чуў, бо не дадзена чалавечаму вуху пачуць гэтакае. Але ж самі яны, мурашкі, пэўне, чуюць? І столькі ног! І такі шлях!.. Я намерыў ужо дзвесце крокаў. Маіх, чалавечых. А мурашыных?! Нават і злічыць не бяруся... А трэба ж дайсці... То схаваецца ручаёк у высокім верасе, то, калі трапіцца на дарозе завал які з ламачча, дык пад яго, як у тунэль, уліваецца. А з другога боку выплеснецца – і ўсё бяжыць, бяжыць. І ўсё – туды, туды... Туды? Не-не, пачакай-пачакай – толькі цяпер я прыгледзеўся: бягуць і адтуль, назад. Адно што вяртаюцца не так прытка, бо ўсе цягнуць паклажу нейкую. Іншы раз прыпыняецца такі «грузавічок», вусікі-антэны настаўляе і сустрэчнай мурашцы лёгкім дотыкам да ейных вусікаў штосьці скажа – сігнал падасць. І тады гэтая, што паражняком бегла, падхоплівае паклажу, разварочваецца і нясе ў бок мурашніка, а змораная – таксама мяняе курс і, уліўшыся ў агульны паток, ужо ўлегцы, туды, адкуль толькі што бегла...
   Тым часам неўпрыкмет разгарнулася перада мною сасновая дзялянка з маткамі-старадрэвінамі над ёю. І тут заўважыў я, што мурашыная істужка як бы распыляцца пачала: разбягалася і ўвачавідкі радзела.
   Ступіў я колькі крокаў у адзін бок, у другі – няма, знікла жывая «дарожка». Але затое позірк мой улавіў яшчэ нешта, больш нечаканае: на сасновай галінцы мурашак пяць ці шэсць «свежавалі» вялізнага, па мурашыных маштабах, зразумела, таўстаматага, як абручыкамі перацягнутага, быццам падзеленага на кольцы, вусеня...
   Вось гэтак я і дайшоў да разгадкі – праз дзвесце пяцьдзясят крокаў. Мурашкі вялі вайну з вусенем вачніцы, соўкі, на гэты раз – хваёвай. Гэта матыль такі. Сам па сабе прыгожы і прывабны, харчуецца нектарам з кветак ды іншымі прысмакамі. А вось «дзеткі» ягоныя, вусені гэтыя самыя, – не прывядзі божа, такія пражэрлівыя, столькі шкоды прыносяць ды ўчыняюць лесу... Бывае, як наплодзяцца – усю зеляніну з’ядаюць... Хоць і яны з выгляду не пачварныя: прыгажосцю сваёй многіх за пояс заткнуць, – да таго ж і «паяскоў» тых не адзін, а з дзясятак, пэўна, у кожнага будзе. Бачылі ж: абручыкі якія ў вусеня. Гэта ўпоперак. А ўздоўж – залюбавацца: поверху, па спінцы, палоска зялёная, ніжэй – белая істужка ідзе, потым зноў – зялёная, спадыспаду – жоўты падбой, а паміж двух гэтых колераў, каб не зліваліся, чорная рыска накрэслена – нітачкаю цягнецца... А дзеля чаго прыгажосць? Навошта расфарбоўка такая? А ўсё каб непрыкметна схавацца на сасновай галінцы – усе колеры ёй у тон.
   Ды ад мурашак не схаваешся! Не вокам яны бачаць, а вусікамі-антэнамі: сігнал прынімаюць ад сваіх разведчыкаў. І – у паход!..
   І паўстае мурашыны заслон перад шкоднікам. Бягуць і бягуць мурашкі. Сюды і назад. Сюды і назад... Нясуць здабычу ў мурашнік.
   Для лесу – санітарыя.
   Для мяне – разгаданая загадка.
   А для іх, для мурашак, – дарога жыцця.
   Чуеце? – ножкамі, ножкамі – шамаціць, шапоча мурашыны шлях...

 

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі

Пераказы, дыктантыЖывы мячык

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Небывалы ўзняўся дом

Пераказы, дыктантыПільная варта

Пераказы, дыктантыМурашы