Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Зуёнак - Лукам’е

   Клопат пра будучыню, пра заўтрашні дзень для Васіля Зуёнка неадлучны ад памяці пра мінулае. Паэма «Лукам’е» – разам з паэмамі «Сяліба» і «Прыцягненне» стала першай часткай трылогіі «Агонь і сонца» – прысвечана гістарычнай тэме. Сюжэт засноўваецца на апісанні лёсу ўладара старажытнага Лукомскага княства: нават пераносячыся ў далёкія часы, Васіль Зуёнак застаецца верны сваёй малой радзіме, паэтызуе, міфалагізуе яе мінулае.
   Сувязь часоў знайшла ўвасабленне ў папярэдніх паэмах, аднак «Лукам’е» – адзіны ліра-эпічны твор, дзе далёкая гісторыя народа выходзіць на першы план, поўнасцю авалодвае ўвагай мастака. У паэме апавядаецца пра падзеі беларускага Сярэднявечча, разам з тым яна вельмі сучасная. Надзённасць, сучаснасць твора заключаецца найперш у яго праблематыцы: цэнтральнай з’яўляецца праблема нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтыфікацыі беларускага народа. Пытанні, якія турбавалі князя Івана Лукомскага на схіле XV стагоддзя, не страцілі сваёй вастрыні і актуальнасці і на пачатку стагоддзя XXI. Спецыфічныя культурныя і геаграфічныя варункі прадвызначылі Беларусі незайздросны лёс, краіна заўсёды трапляла ў поле геапалітычных амбіцый заходняй і ўсходняй суседак: «Белая Русь… Нібы яблык разладу: / Вабіць пры сонцы і сніцца ўначы».
   Думаецца, ёсць падставы сцвярджаць, што вобраз Івана Лукомскага працягвае галерэю нацыянальных вобразаў змагароў за Беларускі Шлях, а лёс такіх людзей, бадай, заўсёды трагічны. Іван дбае аб вяртанні былой сілы свайму княству, ён памятае слаўныя часы, калі на абароне беларуска-ліцвінскіх зямель стаялі «воля Міндоўга і Вітаўта меч». На старонках паэмы аўтару кароткімі, але ёмістымі штрыхамі-дэталямі ўдалося намаляваць шырокую карціну жыцця Вялікага княства Літоўскага, калі яно было магутнай дзяржавай, гаварыла са светам сваёй мовай. Слаўнае, свабоднае мінулае, чытаецца ў падтэксце паэмы, павінна падказаць адзіны прымальны для Белай Русі шлях – менавіта такой з’яўляецца ідэйная скіраванасць «Лукам’я».
   Звяртае на сябе ўвагу цікавая архітэктоніка твора: сем раздзелаў, у кожны з якіх уключаюцца значныя ў ідэйна-сэнсавым плане Іванавы мроі-ўспаміны (толькі апошняя пераносіць у будучыню). Мроі князя, яго перадсмяротная споведзь самому сабе, рэтраспектыўна ўзнаўляюць найбольш важныя моманты жыцця Лукомскага. Успаміны арганічна нанізваюцца на асноўны кампазіцыйны стрыжань: рэаліі апошняга дня жыцця героя і яго адчуванні. Аўтар карыстаецца кінематаграфічным прыёмам «наплыву»: так, вербы маскоўскай вуліцы ўваскрашаюць у памяці князя сялянскі вербны бунт, «шэры тыранік» верабей – шэрых жаўранкаў з вясны кахання… Увядзенне галасоў летапісца, бацькі, сялян і інш. – яшчэ адзін удалы спосаб структурна-фармальнага ўвасаблення творчай задумы. Голас летапісца ўводзіць гісторыка-паэтычную даведку пра «белых русічаў», распавядае пра светлыя і трагічныя старонкі іх жыцця. Напамінам пра Радзіму, запаветам не толькі для Івана, а і для кожнага беларуса гучыць Голас бацькі:

І на паклон адзінае
Мушу сказаць сынам:
Здраджваем мы Радзіме,
Радзіма – не здрадзіць нам. <…>
Страшней, чым зямля без неба,
Страшней, чым пятля на суку,
Здрадзіўшы, бачыць з хлебам
Працягнутую руку…


   Голас часу апавядае аб накіраванасці прагрэсу: чалавецтва развіваецца «ад камня да стралы» і «ад стралы да кулі». Цень Івана Лукомскага выступае супраць крывавага прагрэсу і ў той жа час спяшаецца туды, дзе яго сыны рыхтуюцца да бітвы з чужынцамі. Тым самым Васіль Зуёнак прызнае справядлівасць і нават неабходнасць змагання за ўласную годнасць, за волю і самастойнасць сваёй Радзімы.

 

Наталля Заяц

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гаварыла маці...

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Сон

БиографииВасіль Зуёнак