З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
I выглядалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
"Прапаў без вестак..."
Сябры пасмуткавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
Не вернецца... Знаць, лёс яе такі...
Ды толькі сын для маці не загінуў.
Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
I высушыць на родным твары слёзы.
Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,
гамоніць з імі,
плача і ўздыхае...
I ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: "Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне... Чакай!.."
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.
Адказы на пытанні:
1. Гэты верш навеяў сумныя думкі аб тых матулях, якія на працягу доўгіх год чакаюць сваіх сыноў, якія не вярнуліся з вайны дадому. Загінулі без вестак.
2. Верш Васіля Зуёнка "З вайны сустрэлі мацяркі сыноў..." патрэбна чытаць павольна, сумна, шчымліва, выразна.
3. Тэма твора: асабістая трагедыя матуль, якія не дачакаліся сваіх сыноў дадому, не магчымасць з імі развітацца.
Ідэя твора заключана ў радках:
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.
4. Празаічны твор Васіля Быкава "Незагойная рана", як і верш "З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…" ярка раскрываюць пачуцці і перажыванні матуль, сыны якіх прапалі без вестак на вайне.
У празаічным творы гэта раскрываецца пры дапамозе наступных прыёмаў: аўтар укладвае ў адзін дзень усё жыццё гераіні з дапамогай яе ўспамінаў і сну; настрой і пачуцці старой Тэклі раскрываюцца вельмі падрабязна праз пейзажныя замалёўкі, сустрэчы з іншымі персанажамі.
У вершы Зуёнка пачуцці маці раскрываюцца праз метафары: "разгладзіць ёй маршчыны, высушыць на родным твары слёзы", "гамоніць з імі (кашулямі)", эпітэтаў: родны твар, тысячы прычын, паўтораў: "чаму", "чакай мяне, чакай…"
5. У якасці эпіграфа да апавядання Васіля Быкава "Незагойная рана" можна ўзяць радкі з верша:
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → На скрыжаванні
Пераказы, дыктанты → Сустрэча з маці
Пераказы, дыктанты → І надыходзіць дзень
Пераказы, дыктанты → Да маці
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці