Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Васіль Зуёнак - Грыбная кніжка
Дзед з унукамі, Васілі,
Знатакі грыбныя:
Скалясілі, абышлі
Сцежкі ўсе лясныя.
Дзе ўжо толькі былі:
І ў бары, і ў пушчы.
Цудаў шмат на той зямлі:
Бачыць, хто відушчы...
Як без песні...
Баравік ёсць баравік:
У грыбной праграме – цвік.
Без яго грыбное свята,
Як без песні ў свята хата.
Ходзіш дзень па баравінах,
А ўваччу ўсё той, адзіны,
Што брылём фасоніць бурым
Пры мажной сваёй фігуры.
Кош не кош у грыбніка,
Як няма баравіка!..
З тым берэтам ды ў сакрэты?..
І крамяны, і барвяны.
Прыгажун. усімі знаны,
І ажно ў баравіка
Лічыцца за сябрука.
Верас, мох і дзераза, –
Там асіна песціць сына,
І на зрэзе, з-пад ляза,
Ён сінее, як асіна...
Хоць да славы не жадзён,
А здалёку ўсім відзён:
Хіба з гэтакім берэтам
Пагуляеш у сакрэты?!
Як сустрэнеш – не гадай,
Дакументы не пытай,
Пашпарт гэтакі ягоны:
Падасінавік чырвоны.
Пад бярозай, пад лазой...
Падбярозавік – але
Не блукай вакол бярозы,
А глядзі крыху далей:
Любіць грыб цянёк у лозах,
З ім сустрэнешся на ўзлессі,
Дзе чабор з пчалінай песняй.
Сціплы, не вачасты, –
Клічуць бабкай часта,
А зірнуць на шапку,
Дык завуць абабкам...
Падбярозавік заўжды
Цягнецца да грамады.
Дзе масляк, дзе казляк...
Дзе масляк, дзе казляк,
Блытаюць звычайна.
Ды нямашака, аднак,
Тут вялікай тайны.
Нізенькі масляк, нібыта
Маслам паліваны,
Знізу плёнкаю прыкрыты,
Плотны і крамяны.
А казляк – з нагою,
Тонкай і даўгою.
Ніз – як сіта рэдкае,
То й завуць рашэтнікам.
Любіць мох, дык часцяком
Клічуць і махавіком...
Дзе масляк, дзе казляк, –
Сэнс не ў тым галоўны:
Называй і так і сяк –
Быў бы кошык поўны!
Лезе з моху махавік...
Запусціў свой рухавік,
Лезе з моху махавік.
Развінае плечы,
Ад натугі крэкча
Паспрабуй прабіцца
З гэтакай цямніцы...
А калі прабіўся –
І грыбнік з’явіўся:
– Ну, здароў, махавічок,
Казлякоў сваячок!..
Тры браты
Хай збяруцца сто судоў,
Адаб’юць хай сто глуздоў,
А прысудзяць першы прыз
Беламу – грузду з груздоў.
Ён – салёны –
І зімой,
Нават і ў сакавіку,
Як закінеш за шчаку,
Фору дасць баравіку!
Чорны – беламу да пары,
Ды і жоўты грузд не ўдарыць
Перад імі ў лужу тварам, –
З бульбай – поўня смакаты
Тры салёныя браты!
Прыпеўкі
Сыраежкі-модніцы
Ходзяць-карагодзяцца –
Станікі цукровыя,
Хусцінкі каляровыя:
Жоўтыя, чырвоныя,
Блакітныя, зялёныя...
На вясёлым кірмашы
Ім іграюць ад душы:
На скрыпачках конікі,
Чмялі на гармоніках,
Аж да ночы цэлы дзень
Б’е ў свой бубен авадзень...
Сыраежкі-модніцы
Ходзяць-карагодзяцца...
На палянку, на лужок,
Быццам неспадзеўкі,
Выбягаюць у танок
І пяюць прыпеўкі:
– Не тапчы лясныя сцежкі,
Не пытайся: "Дзе жывеш?.." –
Сыраежка, сыраежка –
Ды сырцом, аднак, не еш!..
Таўстушка-пястушка
Быццам спала на падушках
Распанелая таўстушка:
Пухленькія шчокі,
Поўненькая ножка, –
З верасоў высокіх
Выйшла на дарожку.
Стала, пазяхае,
Што рабіць, не знае:
Ці пайсці пагуляць,
Ці яшчэ крыху паспаць?..
Ах, таўстушка,
Ах, пястушка,
Распанелая,
Распаўнелая,
Не сябруй з пухавікамі –
Пойдзем з намі,
З грыбнікамі!..
Рыжы, рыжы, паласаты...
Рыжы, рыжы, паласаты –
Кольцамі палосы, –
То ў цяні яловых шатаў,
То на жаўтапёсах,
То жыве каля дарогі –
У траве, не ў хлудзе, –
Месца знай – і да знямогі
Ногі біць не будзеш.
Рыжы, рыжы, сакавіты,
Нібы сонейкам наліты...
Хто ж ён –
Смажаны, салёны
І на ўсе лады хвалёны?
Гэта рыжы, рыжы Рыжык.
З’еш –
І пальчыкі абліжаш!
Сястрычкі
У лісіцы ёсць сястрычкі –
Палахлівыя лісічкі.
З раніцы ў сасонніку
Грэюцца на сонейку,
А калі хто загукае,
Дык у верас уцякаюць.
Мы спыталіся ў лісіцы,
Дзе хаваюцца сястрыцы,
А яна й не знае,
Што сястрычак мае...
Чапурыліся ваўнянкі...
Чапурыліся ваўнянкі,
Засцянковыя шляхцянкі:
Знайце, рыжыкі-паны:
На кірмаш ідуць яны.
Выхваляліся таварам –
Нібы сонца, рыжым тварам,
Мыліся, каб стаў свяжэй:
Што рыжэй, то даражэй!
Толькі тыя кавалеры
Абсмяялі іх манеры,
Тыя рыжыкі-хлапцы,
Удалыя малайцы,
Да ваўнянак ані блізка:
"Хоць вы модніцы-фарсісткі
Хоць і рыжыя ўсе тварам,
Але рыжыкам не пара.
І не выратуе мода,
Як не знатнай вы пароды".
Так спрачацца маглі б
Цэлы дзень яны, калі б
Не прыспелі грыбнікі
Ды сказалі: "Не з рукі
Вам смяшыць палянку,
Бо і рыжык – слаўны грыб
Добры і ваўнянка!.."
Печурыца
Шампіньён, шампіньён –
Быццам госць замежны ён:
З лесу беларускага,
А прозвішча французскае.
Шампіньён, шампіньён –
Самазванец ці барон?
Можа, нашы грыбнікі
Не шануюць грыб такі?
Ці няма ўжо ў нас імёнаў
Для такіх вось шампіньёнаў?..
Шампіньён, шампіньён –
Грыб, вядомы ў нас здавён,
Мае назву: печурыца,
Ды замежнай ганарыцца...
"Шампіньён"? – Няхай сабе! –
Быў бы спраўны на губе!
Шампіньён, шампіньён –
Ці падсмажыць ці ў бульён –
У застоллі кампаньён
І па смаку чэмпіён!
Гаварыла гаварушка...
Гаварыла гаварушка
Гаварушцы на вушка:
– Мы з табою гаварушкі,
Нас не возьмуць для сушкі,
І хавацца мы павінны,
Як бяруць на смажаніну...
А калі бяруць на што –
Гаварушкам скажа хто?
І пра гэта каб узнаць,
Выбягалі ўсіх спытаць.
Выбягалі, выбягалі –
Ды і ў кошык завіталі!.
Горкая кароўка
Хоць у лесе будзе суха –
Знойдзеш грыб: завуць гаркуха.
А пачуеце: "Кароўка", –
Пра яго ж гаворка зноўку:
Малаком гаркава-белым
Набрыняла ў грыба цела.
А каб сок суняў гаркоту,
Грыб вымочваюць, а потым
Адпраўляюць на засол.
А пасля – нясуць на стол.
Пень і апенькі
Як надзене пень з апенек
Шапку, – моцны божа! –
Нібы ўстане пень з каленек:
Стройны ды прыгожы!..
Абманшчык
Ці валуй, ці бычок, –
Называй як хочаш.
Іншы раз: "Баравічок!" –
Крыкнеш і падскочыш.
Сядзеш, ножыкам – чырык!
Рыжую галоўку –
І прыкусіш язык,
Зробіцца нялоўка:
"Баравік", – падумаў я
А падняў – валуя...
Ды кідай у кош яго
І не засмучайся,
Бо абманшчыка свайго
Ты з’ясі па часе.
З бочкі выцягнеш зімой
І ўсміхнешся, браце мой,
Як псаваў табе настрой
Гэты буранькі бачок,
Гэты вол, валуй, бычок...
Зялёнка
У бярозавым лісці,
Што на дол спадае.
Не, не кожнаму знайсці
Грыб той выпадае.
Так схаваецца, што узбоч
Ходзіш і навокал,
Ды яго, хоць і не ноч,
Не зачэпіш вокам.
А таму – вайстры свой зрок
І наперагонкі
Не ляці: прыцішыш крок –
Знойдзеш і зялёнку!..
Грыб вясёленькі...
Грыб вясёленькі – варушка –
Летняя апенька:
Дзе пянёк які, гнілушка –
Там варушак жменька.
Парассядуцца гурточкам,
Зблізіўшы галоўкі, –
Шэпчуць мамы, шэпчуць дочкі
Рыжанькія слоўкі...
Свінуха
Па ўраджаю – бог з багоў:
Наразай у посцілку.
А імёнаў у яго,
Быццам у падпольшчыка!..
Як хто хоча, так заве,
З яўнаю насмешкай:
"Без такога пражывем, –
Не вылазь на сцежку", –
І "свінуха", і "капыт",
"Падальховік горкі",
І "кабылка", –
кожны спрыт
Свой пляце ў гаворку...
А калі сагнецца хто,
Зрэжа неабачліва,
То аж плюне пад кустом:
"Ах, свіння няўдзячная!.."
Невясёлы ў грыба лёс.
Але знаўцы кажуць,
Што і ён падыме нос,
Калі майстар смажыць.
Калі добры апетыт,
Ды грыбоў не ўдосталь,
То няхай сабе й "капыт" –
Аб’ядзенне проста...
Рызыкант
Мухамор, як дэмакрат,
Стаў на пень і дужа рад,
Павязаў чырвоны бант, –
Ну не грыб, а рызыкант!
Заклікае ўсіх грыбоў
З псіхалогіяй рабоў:
– Пакідайма цёмны ельнік –
І на волю, на патэльні!..
Бледная паганка
Ёсць паганцы між грыбоў,
Выгляд – мірных галубоў,
Ды атрутныя знутры, –
Іх у кошык не бяры.
Мухамор – такі вось тып:
Чырваніць палянку...
А паганы самы грыб –
Бледная паганка...
Абманныя
Цвёрда помні: не абы
Несці ў кошыку грыбы.
У грыбоў вядомых,
Добрых і ядомых,
Двайнікі бываюць,
Побач вырастаюць.
Іх аблічча добра знай,
Выгляду не верачы:
Сатанінскі абмінай,
Жоўцевы і перачны,
А дзе пень старэнькі,
Там растуць абманныя
Жоўтыя апенькі
І рыжа-цагляныя...
Пазнаёміўся?
Тады,
Як у лес ідзеш,
заўжды
Помні:
і вядомыя
Бываюць неядомыя.
Вяснянкі
На грудку ў сасняку
Выглянуць пралескі,
Тут жа побач, з пяску,
І яны палезуць.
Як бардовы камячок
Аксаміту ў жмені,
Вырастае страчок
І смаржок-браценік.
Як агню язычкі,
Што вясну вітаюць...
І шукаюць грыбнікі
Іх сярод праталін.
"Баран"
Сустракаецца ён рэдка,
Дужа рэдка, але ўсё ж –
Калі знойдзеш грыб ты гэткі,
Дык грыбоў – адразу кош!
Лапушыцца грыб кустом,
Нібы грыву развінае,
І завецца "бараном"
Цэлая сям’я грыбная.
Вожык
Можа, кактус-рабінзон,
Што ніколі не галіўся,
Кінуў-рынуў свой вазон
Ды ў наш лес перасяліўся?
Ці карал які марскі
Гэтак лёс свой перайначыў?
Рэдка знаюць грыбнікі,
Што знайсці яго – удача.
Дзіўны грыб, і смакатой
Здзівіць небывалаю
Некалючы вожык той –
Ды яшчэ каралавы!..
Прабачэнне
Парасон скракаты –
Ты невінаваты:
Не ўзнімаецца рука
Браць цябе з-за двайніка.
Хоць вядома: ты ядомы,
Толькі страшыць твой убор:
Вельмі ж, вельмі ты падобны
На пантэрны мухамор...
Дажджавік
Дажджавік ажно ахрып:
"Я ж, – крычыць,
Таксама грыб!" –
Выйшаў на дарогу,
Лезе сам пад ногі.
А яго – о, жаль які! –
Абмінаюць грыбнікі.
Ці, найгорш яшчэ, сваволяць:
Чаравікамі футболяць...
Дажджавік малады –
Беленькая хмарка,
А састарыцца – тады:
Порхаўка, пухарка.
Выбухае пад нагой
Мінаю маленькай...
А таму – бяры яго,
Покуль маладзенькі.
Як засмажыш
На патэльні,
Дык і скажаш:
– Смачны вельмі!..
Похожие статьи:
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...