Чалавек пабудаваў горад. А каб яму нічога не замінала, пасек дрэвы, якія былі, зраўнаваў зямлю і заліў асфальтам – вуліцы, двары і ўсе сцежачкі. От, думае ён, кругом харашыня і чысціня, як на стале, хоць кашу стаў і хлеб кладзі. Але нядоўга цешыўся чалавек такой харашынёй. Нідзе ні дрэўца, ні цянёчку, ні халадку. Ні ветрык не зашуміць у лісці, ні птушка не абзавецца.
Засумаваў чалавек. «Што рабіць?» – думае. Трэба саджаць дрэвы. Узяў рыдлёўку – грукаў, грукаў у асфальт, у камень – не можа прабіць ямачкі. Трэба машына. Прыкаціў машыну. Уключыў матор на ўсю магутнасць. Трасецца, калоціцца машына, грукаюць малаткі, крышацца стальныя свярдзёлкі – ледзь-ледзь прагрызаюць тую цвердзь. Змарыўся чалавек, знямогся, сеў адпачыць. Чуе – пад асфальтам нехта як бы ціхенька скрабецца. Ці не мышка? Падышоў, нахіліўся, аж гэта кволенькая зялёная травіначка.
«Ого! – сказаў чалавек. – Калі ў цябе столькі сілы, дык навошта мне сваю траціць! Расці сабе, травінка!» А тая, убачыўшы сонейка, абрадавалася і пачала расці проста на вачах – расце, расце... Чалавек слухае, як патрэсквае асфальт пад нагамі, і раптам бачыць, што адна за адной падымаюцца купінкі, а з кожнае – то галінка, то лісток. «Хто ты?» – пытаецца ён у аднаго. «Я – дубок», – адказвае адзін. «А я – клёнік», – адказвае другі. «А я – каштан!» – «А я – ліпка!» – «А я – ружа!» – «Няўжо? – здзівіўся чалавек. – Вы якраз мне і патрэбны. Цяпер я вас буду шанаваць і даглядаць».
Усе дрэвы і кветкі так абрадаваліся, пачалі так дружна расці, што цяпер гэты горад называецца горад-сад. Птушкі там гнёзды ўюць, дзетак выводзяць, а пад вокнамі ў людзей свішчуць салаўі...
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Першамайскі падарунак
Пераказы, дыктанты → Апавяданне пра кусты і дрэвы
Зоська Верас → Зоська Верас - Скуль узяліся ў нас бярозы і асіны
Пераказы, дыктанты → Канец красавіка
Пераказы, дыктанты → Восенню ў лесе