Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Вітка - Страшная казка

Увага!!! Поўны змест


   Наташка і Стасік доўга не засыналі. А бабцы хацелася, каб яны спалі. Бабка збіралася ў госці. Яна абяцала, што прынясе пірага. Смачнага, салодкага. Нават кот, які сядзеў на пасцелі, і той не вытрымаў, аблізнуўся.
   — Раскажы нам казку, — папрасіў Стасік, — а тады ідзі сабе.
   Бабка расказала казку. Страшную, пра ваўка. Стасік прыцішыўся. А Наташка пачала плакаць:
   — Бабка, не ідзі. Мне страшна.
   — Добра, я не пайду. Спіце, дзеткі. Я каля вас буду сядзець...
   Як толькі дзеці пазасыналі, бабка надзела новую кофту, завязала белую хустку і нават у люстэрка паглядзелася. Толькі яна там нічога не ўбачыла, бо было ўжо цёмна. А запальваць святло яна пабаялася, каб не пабудзіць дзяцей.
   «А калі і праўда папрачынаюцца, а мяне не будзе, — падумала бабка, — яны ж з плачу пазаходзяцца...»
   Але бабцы вельмі хацелася пайсці ў госці. I тады яна надумалася зрабіць другую бабу. Узяла дзве падушкі, надзела на іх старую сукенку, а малую падушку абвязала хустачкай і паклала зверху...
   Стасіку ўночы захацелася піць. I ён праз сон папрасіў:
   — Малачка...
   Ніхто на абазваўся. Тады Стасіку яшчэ мацней захацелася малачка, і ён прачнуўся. Баба сядзела на сваім месцы.
   — Бабка! — гукнуў Стась.
   Але бабка нават не варухнулася. Тады Стасік падсунуўся бліжэй і хацеў яе пабудзіць. Толькі крануў за плечы, а яна ўзяла і з’ехала з ложка далоў.
   Стасік спалохаўся і пабудзіў Наташку. Але тут яны ўбачылі нешта яшчэ больш страшнае. З цемры на іх глядзелі блішчастыя вочы. Якраз як у таго звера, пра якога бабка расказвала казку.
   — Воўк! — крыкнула Наташка.
   — М-м-яў!.. — азваўся воўк.
   Дзеці пазналі ката Кузьму. А той пачаў лашчыцца да іх, залез пад коўдру і заспяваў ціхую знаёмую песню.
   Цяпер Наташы і Стасіку было не страшна. Хутка яны заснулі зноў. Прачнуліся толькі раніцай і зусім не пакрыўдзіліся на бабку, бо яна такі стрымала сваё слова. Дала кожнаму па вялікаму кавалку салодкага пірага. А коціку не здагадалася даць. Тады Стасік сказаў:
   — Бабка, дай коціку. ён пільнаваў нас. З ім нам ніякі воўк не страшны.
   Бабка дала пірага і коціку.


1958

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі і краскі

ККазка

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Вавёрчына гора

Максім ТанкМаксім Танк - Казка пра Музыку

Васіль ВіткаВасіль Вітка - ППШ