Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Вітка - Спяшайцеся

Спяшайцеся ў поле, у луг, у лясы –
Запісваць птушыныя галасы.
Яшчэ на дасвецці, на самым золку
Зловім на плёнку
Мы перапёлку.
Няхай астанецца на стужачцы хоць
Заклік на памяць:
«Ідзі палоць!»

Нямала за век яна перапалола,
Нямала ножачак перакалола
Горкім асотам, рыжаю піжмаю,
Родная, любая, ты ж мая, ты ж мая…
Колькі нам дзетак накалыхала,
Колькі ў дарогу перагукала…

Давайце паставім вось тут мікрафон.
Аблюбаваў гэта селішча ён,
Той, хто між птушак самы народны,
Людзям і лесу блізкі і родны,
Тут, у алешніку, дзе зацішней, –
Чуеце, чуеце? – ён, салавей!

Гэта яшчэ толькі голасу проба
I для яго, спевака, не ўвярода.
А вось і бліскучая кантылена,
Самы канёк яго, тое калена,
Адкуль пачынае сапраўдны артыст, –
Вунь на якой вышыні яго свіст,
Аж з верхавіння сыплецца ліст!

Стойце, перад гісторыяй замрыце.
Пішаце вы для нашчадкаў! Пішыце
Для тых, хто, напэўна, дасягне і сонца,
А салаўя будзе слухаць на плёнцы.

Сюды, калі ласка, кінаапарат.
Бачыце – выстраіліся на пожні
Сосны на свой урачысты парад,
Баюся, што на апошні.

Даўно пералічаныя камлі
Прагны сухмень аблізвае.
Якія бары былі на зямлі –
Пабачыце ў тэлевізары.

Напэўна, будзеце млець у экстазе,
Як самааддана, ўладарна
Грукаў калісьці дзяцел у джазе –
Самы выдатны ўдарнік.

…Спяшайцеся ў поле, у луг, у лясы –
Слухаць птушыныя галасы!

1971

 

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Слова

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Трывога ў Ельнічах

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Ружа і штык

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Генерал верабей

БиографииВасіль Вітка