Ужо гатовая ісці ў школу, Юля раптам спахапілася:
– Ой, сёння ж свята!
– Якое, Юлечка? – спыталася бабка.
– Дзень настаўніка.
Позна было шукаць кветак. І бабка зрэзала апошнія астры, якія дацвіталі ў гаршчочках на балконе. Букет атрымаўся бедны і сіратлівы. Гэта адчувала і ўнучка, несучы яго ў школу.
Вінавата падышла яна да стала настаўніцы і паклала кветкі. Села за парту і ніяк не магла супакоіцца. Вельмі ж яна любіла сваю настаўніцу. Хацелася зрабіць ёй нешта асабліва прыемнае.
Юля адкрыла партфелік. Ой, якая знаходка! У партфеліку ляжаў «Залаты пеўнік» – адна-адзіная цукерка. Дзяўчынка абрадавалася шчаслівай нечаканасці. Яна дастала цукерку і паклала побач з астрамі.
Настаўніца ўвайшла ў клас. І хоць яшчэ не зірнула на стол, але так радасна ўсміхнулася – мабыць, убачыла Юлін падарунак.
Похожие статьи:
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ёлка
Юрась Свірка → Юрась Свірка - Свята
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Сакавік
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Цудоўныя святы
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Калядная вячэра