Алене Васілевіч
Колькі ўжо доле асенняга золата,
Які мне пад ногі пасланы раскошны кілім!
Дрэвы мае, не ўладаром і не волатам,
Паслушнікам чорным гатоў я служыць вам усім.
Шапку здыму і ў цішы пастаю
Разам на службе ўрачыстай,
Да вашай малітвы далучыўшы сваю
Перад прычасцем прачыстым.
Счарнелі і вы ўжо да самых галоў
На гэтай жалобе па ўсім, што было,
Што ў траўні так незабыўна цвіло,
А ў жніўні водарным дзівам лягло
На бедны мой стол, дзе пішу гэты верш
I свой папяровы ліст варушу,
Успамінаючы ўсіх вас найперш,
Ваш кожны лісток, што шуміць увушшу.
А зімку ж вам выстаяць зноў на камлі,
На каранях, дзе цяплей і не цесна.
Без каранёў, хоць і схаваны ў зямлі,
Ніхто яшчэ не ажыў увесну.
21.10.1995
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Лістапад
Эдуард Акулін → Эдуард Акулін - Асенні рытурнэль
Пераказы, дыктанты → Кінафестываль «Лістапад»
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Залаты лістапад
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Лістапад