Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Васіль Вітка - Зайчык-вадалаз
Увага!!! Поўны змест
Наш калодзеж пры самай вуліцы. I хоць ён завецца Ціхонаў калодзеж, ваду з яго бяруць усе, хто хоча.
Вада ў ім заўсёды светлая і чыстая.
Калодзеж капалі мы – я і мой тата. Але як толькі пачалі, бачым – ідуць і суседзі з рыдлёўкамі.
– Прыйшлі памагчы табе, Ціхон, – сказалі яны майму тату.
Тата абрадаваўся, бо гуртам выкапаеш за два-тры дні, а ўдвух мы і за месяц не справіліся б.
I работа ў нас закіпела. Калі пасля абеду я заглянуў у калодзеж, дык аж спалохаўся. Такая была глыбіня.
Тата сказаў:
– Стась, адыдзіся. Лепш збірай вунь каменьчыкі, што мы выкідаем наверх з глінаю.
Я стаў ля халоднай жоўтай гары і навыбіраў цэлую копку мокрых і гладкіх галышыкаў. А потым перанасіў усе да аднаго ў агародчык і абклаў імі градкі.
Назаўтра мы спускалі трубы, ставячы іх адну на адну. Калодзеж у нас цэментаваны. Тата сказаў мне:
– Зірні, Стасік, як далёка вада.
Я зірнуў і не ўбачыў дна.
– Як мы яе дастанем, тата? – спытаў я.
– Яна сама прыйдзе.
Я крыкнуў у калодзеж:
– Вада!
З самага дна адгукнулася:
– А-а!
Тады я зусім паціху сказаў:
– Стась.
Глыбіня абазвалася:
– Ась!
Тую ваду, што насачылася за ноч, мы з татам вычарпалі. Яна была каламутная, з глеем і пяском.
Гэтак мы выскрабалі дно, пакуль не паказаўся чысты жвір.
Цяпер наша вада самая смачная. Бывае, і не хочаш, а пачнеш піць – не адарвацца.
Не дзіва, што ля нашай хаты спыняюцца і падарожныя і праезджыя. Ніхто не абміне калодзежа. Людзі п’юць, выціраюць рукою пот і гавораць:
– Але ж і вадзічка ў вас!
У гарачы дзень, ідучы на работу, людзі наліваюць сабе вады ў дубовыя біклажкі, каб было чым прагнаць смагу ў полі. Няма адбою і ад малых. Яны збягаюцца з усяе вуліцы. I мне столькі клопату, пакуль усіх панапойваю.
– Стасічак, выцягні хаця з паўвядзерца.
– Стась, прынясі кубачак, – просяць самыя меншыя, што не ўмеюць піць з вядра.
Я бягу ў хату і выношу вялізную конаўку, якая стаіць у нас у мыцельніку.
Спярша я ўсіх паіў у ахвоту, а потым сказаў:
– Не буду.
– Хіба табе вады шкада?
– Няўжо ж не.
Тата пачуў мае словы.
– А ты ведаеш, чаму наша вада смачная? – спытаўся ён.
– Чаму, татачка?
– А таму, што ёй не даюць застойвацца. Чым больш яе п’юць, тым яна смачнейшая. Нікому не шкадуй напіцца,– сказаў тата.– Зняможаны чалавек і той адразу падужэе, як пап’е свежай вады.
I я нікому не шкадую. Я рад напаіць з нашага калодзежа кожнага. Заходзьце, піце. Калі не можаце з вядра, я вам конаўку вынесу.
Даставаць ваду ў нас лёгка. Над калодзежам мы паставілі калаўрот. Круці за ручку – ланцуг навіваецца на вал і выцягвае вядро.
Круціць я магу. Чэрпаць адно не ўмею. I не толькі я. I нашы суседзі часта тапілі вядро. Хіснуць ланцугом, восілка выскачыць з зашчапкі, вядро – боўць! I няма. Тады ідуць да нас.
– Ціхонка, – просяць майго тату, – памажы дастаць. Мы з татам бяром доўгі прут з кручком на канцы і спускаем яго ў калодзеж. Бывае, доўга папаводзіш, папашнырыш ім, пакуль уловіш. I гэтак часта тапілася наша вядро, пакуль мы не прыкавалі яго да ланцуга. I тады ўжо ўсе чэрпалі смела. Як хочаш боўтай – не адарвецца.
Але, на маё няшчасце, яно такі адарвалася. I якраз жа ж у мяне.
Хацеў я маме памагчы: прынесці трохі вады.
Можа, я лішне боўтаў, а можа, вядро было прыкавана слаба. Але толькі зачэрпаў я, пачаў круціць калаўрот, аж чую – вельмі лёгка ланцуг ідзе. Паглядзеў, а вядра і няма.
Крыўдна мне зрабілася. Маме не памог, а бяды нарабіў.
Як жа ж будзе? Без вады ж застанецца ўся наша вуліца.
Падышлі суседкі, але ніхто нічога не можа зрабіць без майго таты. А ён на цэлы дзень у горад паехаў. Павёз калгасныя памідоры. Ён шафёр.
Тут якраз вуліцаю ішла наша другая машына. Везла калгасніц на сенакос. Усе ў квяцістых сукенках, у белых хустачках. Вясёлыя. I, вядома ж, прыпыніліся каля нас. Усім жа хочацца папіць і з сабой узяць нашай вады.
– Стасік! – закрычалі з машыны.– Частуй вадою!
Я стаяў, унурыўшы галаву, гатовы заплакаць.
Тут выбегла з хаты мама і спалохалася:
– Што такое?
– Вядро ўпусціў.
– Яно ж прыкаванае было.
– Адкавалася.
З кабіны вылез шафёр.
– Падумаеш, бяда! – засмяяўся ён. – Не гаруй, Стась. Мы яго як бач дастанем.
Ён узяў прут з кручком на канцы і пачаў вадзіць па дне. Кручок бразгаў па вядры, але ніяк не мог падчапіць за восілку.
Вадзіў-вадзіў шафёр доўгім прутам і не мог даць рады. Вада ўжо зрабілася цёмнай і каламутнай. I як усе ні прыглядаліся – не маглі ўбачыць дна.
Стаўшы на дыбачкі, зірнуў у калодзеж і я. I ў тую ж хвіліну ўспомніў, што ёсць у мяне памочнік.
– Я ведаю, хто паможа дастаць вядро!
– Хто? – спытаўся шафёр.
– Зайчык! – сказаў я.
– Які зайчык? – спытала мама. I ўсе засмяяліся.
– Штукар ты, брат,с– сказаў шафёр.
Я кінуўся ў сенцы. Знайшоў у каморцы сваё паліто і доўга абмацваў кішэні. Што такое? Куды ж ён мог прапасці? Нарэшце намацаў-такі, у самым нізе за падкладкаю. Гэта быў асколачак люстэрка. З ім я любіў гуляць, а ў сонечныя дні пускаў зайчыкі. Навядзеш яго, і зайчык куды хочаш праб’ецца.
Калі я падбег са сваім асколачкам і навёў яго на ваду, усе здзіўлена паглядзелі на мяне. А зірнуўшы ў калодзеж, радасна закрычалі:
– Глядзіце, глядзіце!
– Напраўду, дно відаць, – сказала мама.
– А вунь і вядро ляжыць! – I шафёр, нацэліўшыся, крукам падчапіў яго.
Мой тата зноў прыкаваў вядро, і цяпер смела чэрпаюць ваду ўсе. Калі ж яно і адарвецца, дык невялікая бяда. У нас ёсць памочнік: зайчык-вадалаз.
1959
Похожие статьи:
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Зайчык
Якуб Колас → Якуб Колас - Зайчыкі